September 23rd, 2010

07kiepka

(no subject)

120.42 КБ

z Птушанё і саюз мастакоў

На падваконне ўпала птушанё. Некалькі імгненняў яно ляжала, нібыта мёртвае. Раптам вочка расплюшчылася і востра зіркнула на мяне праз тоўстую шыбу. Я адчыніў вакно. Птушанё перапалохалася і кінулася ўніз. Я выйшаў на вуліцу, каб паглядзець… Ці не разбілася? Ці не зламала крыло? Самаяе горшае, што можа быць у ваеннага лётчыка: збіццё пад час узлёта. Ты яшчэ нічога не паспеў, ты толькі-толькі… А цябе ўзялі ды збілі. Так і з птушанём… Я не хацеў, каб яно загінула пад час сваёй першай спробы ўзляцець. Птушанё знайшлося каля дзвярэй. Убачыўшы мяне, яно пырхнула і пераляцела з ганка на газон. З травы птушанё ўзнялося на дрэва… Вялікае жыццё ўзнялося на новы ўзровень для аднаго маленечкага птушаняці, што моцна мяне ўзрадавала. Маё асабістае жыццё нікуды не ўзнялося. Мяна запрасілі паспрабаваць уступіць у саюз мастакоў, я доўга збіраў дакументы і рэкамендацыі. Сабраў. У саюз мяне не прынялі, бо я “не грамадзянін”. Рада доўга разбірала маю літаратурную творчасць, Грышка Сітніца зачытваў цытаты з кнігі “сУчаснікі” і казаў, што я лічу людзей “сукамі”. Воўка Савіч згадваў устаў саюза, дзе гаворыцца пра маральнае аблічча членаў. Сівабароды Сумараў прыгадаў маю аповесць пра гідкасці “Млосці”, дзе я нібыта зняважыў ягонага сябрука Кіма Шастоўскага. Лёнька Хобатаў гучна падтрымаў абурэнне маімі літаратурнымі опусамі. Грышка дадаў, што я насцаў на помнік Язэпу Драздовічу… Усе выступоўцы яшчэ казалі, што я выдатны і таленавіты мастак, што гучала асабліва цёпла, пранікнёна і душэўна. Такіх літаратурных чытанняў у мяне яшчэ не было! Адзін Грышка зрабіў у кніжцы “сУчаснікі” дзесятак закладак для цытавання. Рада прагаласавала 16 на 28; большасць, зразумела, супраць майго членства. Перажыву. Перажываў і не такое. Я не птушанё, якое лёгка збіць на ўзлёце. Я ўмёю лётаць. Высока.

P. S.

У час, калі я пісаў гэты тэкст, пад Баранавічамі ўпаў і разбіўся вайсковы самалёт.
07kiepka

(no subject)

Заспіртаваныя пальцы

Малады чалавек нёс праз прывакзальную плошчу два празрыстых слоіка з заспіртаванымі чалавечымі пальцамі. Падумалася: так і д’ябал носіць у высокім слоіку заспіртаваную душу.
07kiepka

(no subject)

z Поўня і жвачка

Пад вялізнай, абедзьвума рукамі не падняць, поўняю ішоў праз вечаровы чорна-сіні сквер. На вершалінах дубоў гучна перагаворваліся вароны. Адзін час іх не было; але скончыўся грукатлівы рамонт опернага тэатра, і вароны вярнуліся на вершаліны сваіх улюбёных дубоў ды клёнаў. На самым пачатку дубовай алеі да мяне падыйшлі дзве дзеўкі. “У Вас жвачкі не будзе?” – “У Вас жвачка ёсць?” Адразу два аднолькавыя пытанні паляцелі ў мяне. Адно пытанне больш пахла алкаголем, чым тытунём. Другое было больш задымленае чым праспіртаванае. Дзеўкі былі такія шчаслівыя і такія вясёлыя, што мне захацелася выпіць, закурыць і застацца з імі ў вераснёвым скверы пад вялікай, двума рукамі не абняць, поўняю. Толькі, бля-бля-блям-білі-бом-цілі-гром, жвачкі ў мяне не знайшлося.