September 22nd, 2010

07kiepka

(no subject)

z Сініца і голуб

Толькі верасень пачаўся, а за маім вакном з’явілася сініца. Раніцаю яна разгульвае па бляшаным падваконні або сядзіць на прыдарожнай ліпе, а заўважыўшы мяне, уздымалася ў паветра і вісіць за шыбаю на адным месцы, машучы трапятлівымі крылцамі. Ну як такой сініцы ты не дасі пачастунак? Тым больш, калі ад мінулае зімы застаўся вялікі шкляны слоік з чорнымі семкамі. Не паспее сініца здзяўбсці пару-тройку семачак, як на падваконне апускаецца голуб. Ён праганяе маленечкую сініцу і здзёўбвае ўсе чыста семкі, а яшчэ нахабна зазірае круглым вокам у маю варэльню, маўляў – мала яму! Верасень, у скверах і парках поўна ягад і розных семак. Можна і не карміць сініцу, можна і не частаваць галуба. Але ж як ты ім адмовіш, калі яны так настойліва просяць?
07kiepka

(no subject)

z Прышвін і спорт

Заўжды адчуваў заганнасць у спартовых гульнях. Захопленасць і азарт не вядуць чалавека да дабра. А ўсялякае спаборніцтва спараджае асляпляльны азарт. Таму я мала займаўся і мала сачу за гульнямі ў спартовых цырках. Канешне, спорт – мастацтва, прымітыўны тэатар-цырк. У спорта безліч прыхільнікаў, аматараў і заўзятараў. Я іх усіх цудоўна разумею, бо сам не аднойчы спакушаўся гульнямі і спаборніцтвамі. Але я цалкам згодны з Міхаілам Прышвінам, які яшчэ ў 1933 годзе напісаў у патаемным дзённіку такі сказ: “Мяжа спорта і творчасці (спорт амаральны…)”.
07kiepka

(no subject)

z Чорная бародаўка

З’явілася ў мяне на правым плячы чорная, колеру запечанай крыві, бародаўка. Чым я яе толькі не зводзіў… Кожнаю вясну мазаў свежым сокам чыстацела. Абвязваў ніткай. Нават з хірургам кансультаваўся… “Яна табе замінае? Яе не відаць, і яна табе не замінае ні хадзіць, ні ёсці, не любіцца! Не чапай!” Доктару мая бародаўка чорная і сапраўды не замінала. А мне? А мне яна замінала, але я пабойваўся яе сарваць, бо з дзяцінства ведаю, што радзімкі і бародаўкі лепей не чапаць. Ведаю, але чапаю. Часам, сам таго не хочучы, а ручніком так церанеш, што яна і надарвецца. Тыдні два назад я так і адарваў недзе на траціну сваю чорную бародаку. Забалела мне моцна, а я ее ёдам абліў, а праз гадзіну яшчэ і сульфадэазінам срэбра памазаў. Ад такіх маніпуляцый пачала мая бародаўка сохнуць. Яна сохла, а яе яе па кавалачку аддзіраў. Усю ададраў. След малінавы застаўся з чорнай кропачкай. Але, думаю, і ён хутка прападзе. Больш за сямнаццаць гадоў я пранасіў на сваім правым плячы чорную бародаўку, а прыйшоў час, і яна засохла ды адвалілася.
07kiepka

FOTA-HLOBUS



Інак Мікалай, які для мяне ўсё яшчэ Алег. Ён сказаў, што Алег памёр і нарадзіўся Мікалай. А мне дык ён - Алег Бембель, чый рукапіс кнігі пра вынішчэнне беларускай мовы я насіў да Караткевіча... Алег спытаў: "Як думаеш, нашто мы сустэліся сягоння?" - "Каб я вярнуўся да сваёй карціны "Таемная вячэра"!" - "Нічога выпадковага ў гэтым свеце не бывае..." - сказаў на развітанне інак Мікалай.