September 13th, 2010

07kiepka

(no subject)

Палатно і аголеная натура

Набыў палатно на падрамніку. Цяпер я сам не замаўляю падрамнікі, не нацягваю палатно і не грунтую яго. Купляю гатовае. Зручна. Гэтым разам я набыў падрамнік амаль квадрат, памерам метар дваццаць па большым боку. З такім даволі вялікім, як для мяне, палатном чакаў знаёмую ў падземным пераходзе, каля выхаду-уваходу метро. Знаёмая, яна ж і натуршчыца, затрымлівалася. Ад няма чаго рабіць, я пачаў прымяраць жанчын да свайго палатна. Усе жанчыны былі большыя, значна вышэйшыя за метар дваццаць. Яны не змяшчаліся, яны вылазілі, яны выпадалі з майго памера. І тут з метро выйшла карліца. Яна агледзілася і накіравалася ў мой бок. Мой Бог, яна якраз змяшчалася ў палатно цалкам. Я ўявіў на палатне аголеную карліцу, і нават памкнуўся яе спыніць, але з’яўленне натуршчыцы перапыніла мой намер напісаць аголеную карліцу на палатне памерам метар дваццаць па большым боку.
07kiepka

(no subject)

1980. Гена, танец і КДБ

Гена пайшоў у заклад са сваімі аднагрупнікамі на дзесяць савецкіх рублёў, што выйдзе на праспект насупраць будынка КДБ, стане пасярод вуліцы на выспачцы бяспекі, распранецца да пояса і станцуе ўпрысядкі. Пакуль гарэла чырвонае святло, Гена Хацкевіч танчыў пасярод галоўнага сталічнага праспекта. Міліцыянт зрабіў выгляд, што не бачыць непарадку, і схаваўся за помнікам Феліксу Эдмундавічу Дзяржынскаму. Хацкевіч за тры хвіліны зарабіў дзесяць рублёў, чвэрць стыпедыі.
07kiepka

МЕТРО

71.03 КБ

Мяне спыніў Лёша Андрэяў, ён вярнуўся з Грузіі, дамовіліся сустрэцца...
А я вырашыў здымаць сучаснікаў у метро, самы занятак, пакуль чакаеш электрычку...
07kiepka

(no subject)

1977. Хацкевіч і забаронены прыём

У мастацтве ёсць забароненыя прыёмы. Напрыклад: на тэатральнай сцэне сабаку нельга паказваць сабакам. Артысты іграюць на сцэне і сабак, і катоў, і коней, што цалкам натуральна. А з’яўленне на сцэне жывога нават добра выдрасіраванага цуцыка – антымастатства, натуралізм і глупства, бо самы нікчэмны сабачка лёгка забяра ўсю ўвагу гледачоў, забярэ нават у народнага-разнароднага артыста. Таму прафесійныя мастакі і артысты не паказваюць сабаку сабакам. Але Гена Хац змог “паказаць сабаку сабакам” і застацца ў рэчышчы высокага і прафесійнага мастацтва. Твор ягоны называўся “Пралескі”. Гена заклеіў-заляпіў усё палатно сатлелымі ды напалову спарахнелымі леташнімі лісцямі. А на гэтым шэра-брунатным тле намаляваў тэмпернай фарбаю бэзавыя кветкі пралесак. Палатно натуральна запахла вясною, ад яго сыходзіў водар сакавіка. Карціна “Пралескі” доўгі час вісела ў кабінеце колеразнаўства і архітэктурнай кампазіцыі. Яно вісела каб нагадваць простым мастакам, што сабаку нельга паказваць сабакам.
07kiepka

ART-HLOBUS

161.26 КБ

Адам Глобус "Менск, вуліца Інтэрнацыянальтная,
п'яныя Вова і Саша ўздымаюцца ад сядзібы Ваньковіча ў бок дамка ваеннай контрразведкі"
2010 год. Акварэльная папера, акрыл, 210х300 мм.