September 11th, 2010

07kiepka

(no subject)

86.11 КБ

Святочны сталічны Менск і сцуль звычайны прывакзальны.
Віншую ўсіх-усіх-усіх са святам у нашым горадзе.
Прыдумалася і назва для здымка "Вежы і сцырарыст".
07kiepka

(no subject)

Ластоўскі і афарбоўка беларускіх рэчаў

“Вышываныя кашулі, паясы, ручнікі, сьвіткі – усюды пануе злучэньне белага і чырвонага колераў, часамі ўплятаецца яшчэ колер зялёны, чорны.” – так піша Ластоўскі, разважаючы пра каляровую афарбоўку беларускіх рэчаў. Апошнім часам спалучэнне белага, чырвонага і зялёнага колераў было моцна дыскрэдытавана кепскімі мастакамі і безгустоўнымі замоўцамі. Але традыцыйныя для беларусаў колеразлучэнні ўсё адно не змяніліся. Колькі б хто не казаў і не пісаў, што для беларусаў колераспалучэнне зялёнага і чырвонага кепскае і не характэрнае, ад гэтага яно кепскім не зрабілася і не зробіцца. Варта зноў паверыць Вацлаву Ластоўскаму і больш патрабавальна ставіцца да візуальнай прапаганды з выкарыстаннем зялёнага, чырвонага і белага колераў.
07kiepka

(no subject)

z 2010. Андрыеўская і дэльфінёнак

Мая знаёмая дзяўчынка - Ева Андрыеўская - выйшла ў святочны горад разам з татам. Тут, у сталічным Менску, мы і сустрэліся. Ева гуляла з татам, які вярнуўся з падарожжа па Крыму. З самага Чорнага мора ён прывёз кубак з намаляваным дэльфінёнкам. Ева з вялікім захапленнем распавядала пра свой новы кубак, у які можна наліць вады, і тады намаляваны дэлфінёнак будзе плаваць.

95.05 КБ
07kiepka

(no subject)

1987. Хац і вітражы ў дурдоме

Калі Гену за спробу ўгнаць самалёт закрылі ў растоўскай турме, менскія мастакі напружыліся і сабралі блізу паўтысячы подпісаў у ягоную абарону. Ліст да растоўскіх пракурораў падпісваў і я. У ім распавядалася, што Гена з дзяцінства быў неадэкватным і неўраўнаважаным хлопчыкам, але эксцэнтрычнасць і эпатажнасць не перашкодзілі, а, наадварот, толькі дапамаглі яму стаць выдатным мастаком. Мастакі – карацей, мы ўсе – прасілі праваахоўнікаў прызнаць Гену хворым эксцэнтрыкам, а не радыкал-тэрарыстам. І здарылася дзіва! Гену з растоўскай турмы перавезлі ў менскі дурдом, што ў раёне Навінкі. Ці ліст спрацаваў, ці зоры так сышліся, ці змены ў сусветнай палітыцы так паўплывалі на растоўскіх турэмшчыкаў, што яны дазволілі дэпартаваць Гену на гістарычную радзіму. Доктар Круглянскі, збіральнік жывапісу душэўна хворых творцаў, моцна дапамог Хацу. А той, каб аддзячыць доктару і бальніцы, арганізаваў рабленне вітражоў у бальнічныя калідоры. Разам з братам Юрам Гена ўпрыгожыў клініку ў Навінках зыркаколернымі вітражамі, падобнымі да вітражоў у касцёле святых Алены і Сымона, якія ён рабіў да спробы ўгнаць растоўскі самалёт і такім чынам наведаць Парыж.
07kiepka

(no subject)

1974. Хац і сляды на партрэце

У войску Гена служыў недалёка ад роднага Менска, у Гародні. Пра войска расказваць любіў, у яго быў альбом са здымкамі ды малюнкамі. З альбомам на каленях Хац проста песні спяваў пра савейцкае войска. Усе песні, якія спяваў Хацкевіч, былі жартоўныя. Сум ён не любіць. Маркота – не ягоны стан. Так і пра войска ён расказваў са смехам, нават пра здзекі… Мастак і ў войску мастак. Хацу даручылі зрабіць вялізны партрэт Леніна. Ён тыдзень таго Леніна маляваў, а скончыўшы, вырашыў, што другі раз Ленін намалюецца значна хутчэй, а часу на яго маляванне можна папрасіць і ўзяць столькі ж. Пачатак службы, Хац не высыпаўся, а тут мелася перспектыва доўга і салодка паспаць. Хац паклаў Леніна на зямлю і пахадзіў па ім… Раніцай ён сказаў прапаршчыку, што нейкі вандал сапсаваў партрэт правадыра пралетарыяў. Прапаршчык, ён жа і дырэктар клуба, загадаў аглядаць боты ўсіх, хто мог зайсці ноччу ў клуб. Фарба знайшлася на ботах самога прапаршчыка. Гэта не толькі не ўратавала Хаца, а, наадварот, дадало некалькі цяжкіх дзён у тэрмін зняволення. Хац сядзеў у камеры-адзіночцы цэлы тыдзень… Адслужыўшы тэрмін, едучы на чыгуначны вакзал, каб вярнуцца ў Менск, Хац убачыў у тралейбусе прапаршчыка. Ён стаяў у цывільным, стаяў ціха і рабіў выгляд, што не ведае Гену Хацкевіча. А Гена падыйшоў да яго ўшчыльную і стаў сваім дэмбельскім ботам на цывільны чаравік зласлівага прапара. Так і прастаялі моўчкі, да самага вакзала…
07kiepka

(no subject)

2010-1977. Гена і песні

Гена заўсёды спяваў. І яго маці спявала. Яна любіла спяваць за сталом разам з гасцямі. Некалькі разоў я трапляў за стол разам з мамай Гены Хацкевіча, і кожны раз яна спявала. Яна спявала самыя звычайныя песні, а Гена спяваў адметныя. Ён спяваў:

Трыпер-пер-тоцын. Нацын-тацын.
Вер-вер-сале. Херцын-мерцын.
Шышка з перцам. Данцын-грыпцын. Гоп-цаца.
Цягнуць за нос мертвяца…

А яшчэ спяваў пра калхозніцу Дусю:

І захацелася калхозніцы Дусі
Абзавесьцісь хазяйсвам в новам фкусе,
І што б на зажытачны манэр
Паявілась всё і напрымэр:

І краваць з раскрасівымі шышкамі,
Туалетнае мыла ТэЖэ,
Чайні-чачкі, ложа-чачкі, віла-чачкі,
І прымус на скаварадзе!
А яшчэ: паціфон са спласьцінкамі,
Лісапет на драўлянай хадзе,
Чорныя боты з пазбацінкамі…
Вось што была в Дусінай мячце!

І мчыцца поезд, у вагоне качка,
А у Дусі в чулке грошай пачка,
Тут падзапрапал яе чулок,
І пішы “прашчай на долгі срок…”:

І краваць з раскрасівымі шышкамі,
Туалетнае мыла ТэЖэ,
Чайні-чачкі, ложа-чачкі, віла-чачкі,
І прымус на скаварадзе!
А яшчэ: паціфон са спласьцінкамі,
Лісапет на драўлянай хадзе,
Чорныя боты з пазбацінкамі…
Всё, што была в Дусінай мячце!

І тут патходзіт да Дусі праваднічы:
“Ці ж ня Вы згубілі той чулок?”
“Вой вы даражэнькія знайшліся!
Зраствуй, судзьбы шчаслівай рок,

І краваць з раскрасівымі шышкамі,
Туалетнае мыла ТэЖэ,
Чайні-чачкі, ложа-чачкі, віла-чачкі,
І прымус на скаварадзе!
А яшчэ: паціфон са спласьцінкамі,
Лісапет на драўлянай хадзе,
Чорныя боты з пазбацінкамі…
Всё, што была в Дусінай мячце!

Адкуль Гена браў такое? На якіх ускраінах Менска павывучваў? Але ж павывучваў!

Апошнім часам Гена пакутуе ад пытанняў: “Чаму людзі не спяваюць? Валодзя, яны ж слухаюць песні, слухаюць паўсюль, куды ні зірні – паўсюль людзі ў навушніках, а не спяваюць… Чаму?” – “Змянілася парадыгма! “