September 10th, 2010

07kiepka

(no subject)

1999. Хац і сівізна на скронях

Выпадкова сустрэўшы Гену Хацкевіча на праспекце Скарыны каля шапіка "Саюздрук", раблю прапанову: “Ген, пайшлі да баб!” – “Не, Адамчык, не магу! Я пасівеў… Ты толькі паглядзі – якая сівая ў мяне галава, якія зусім сівымі зрабіліся скроні! Бачыш? Я стары, каб да баб хадзіць…” Мне зрабілася нават шкада раптоўна пасівелага Хаца. Ён яшчэ будзе збірацца ў свой вечны Парыж, будзе скандаліць у французскай амбасадзе з нагоды ліквідавання візы, будзе збірацца на Мадагаскар, але я буду згадваць сваю прапанову пра баб і ягоны расповяд пра сівізну з сакраментальным: “Я ўжо ўсё!”
07kiepka

(no subject)

1976. Хац і харакіры на сцэне

Хац любіў сцэну. Прыродны эпатаж, натуральная эксцэнтрычнасць дапамагалі яму трымаць увагу вялікай залы. У часы нашае вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце было модна ладзіць капуснікі… Не перфомансы, не акцыі, не інсталяцыі, не КВН, а капуснік – вясёлы, задзёрысты, запамінальны… З усіх капуснікаў, у якіх удзельчаў і якія сам ладзіў Гена Хацкевіч, мне запомніліся два. Адзін быў з пачварным змеем-цмокам. Гэты змей з’ядаў студэнтаў-першакурснікаў, а высіраў студэнтаў-дыпломнікаў. Працэс пераварвання сімвалізавала лопанне паветраных шарыкаў, якіх у цмоку было поўна. Сама пачвара была пашытая з нейкіх брудных ануч. Цмок выпаўз на сцэну, паеў, папукаў, пакакаў і споўз са сцэны. Спаўзаць было цяжка, бо ні халеры не было відаць у той змяюцы. Першакурснікам на той час якраз быў я… Другі капуснік, зроблены Хацкевічам, мог скончыцца для яго выгнаннем з інстытута, але не скончыўся… Выкладчыкі вырашылі не факусаваць увагу грамадскасці на выхадцы Хаца. А выхадка была выразная. Хац проста на сцэне вялікім нажом разрэзаў сабе жывот так, што кішкі пачалі вывальвацца. Хац з крыкамі жудаснымі пачаў кідаць кішкі ў залу. Выкладчыкі, што сядзелі ў першых радах, знямелі ад страху. Студэнты, што сядзелі за выкладчыкамі, таксама не адразу зразумелі, што Хац кідае ў іх не сваімі вантробамі, а свінымі кішкамі, загадзя купленымі ў гастраноме № 20. Хаца ўратавала тое, што яго палічылі за дурня. Шмат мастакоў у гэтым свеце ратавалася тым, што іх лічылі маргіналамі і неадэкватамі. Гену такое стаўленне да мастакоў выратоўвала шмат разоў.