September 6th, 2010

07kiepka

(no subject)

Сны выпускніка Акадэміі мастацтваў

Выпускніку Акадэміі мастацтваў прысніўся сон, што ён не давучыўся і трэба неадкладна пайсці давучвацца. У тым сне выпускнік зноў-наноў паступіў у Акадэміію і лёгка правучыўся другі тэрмін. Калі ён чарговы раз стаў выпускніком, яму зноўку прыбачыўся сон, што ён нечага не дабраў пад час чарговага навучання ў Акадэміі. Давялося паступаць і вучыцца па новаму колу. Такі кругаварот адбываўся ў сне выпускніка Акадэміі мастацтваў, а ў рэальнасць ён проста памёр. Ён памёр ціха і спакойна. Памёр у сне.
07kiepka

(no subject)

z Ластоўскі і чужына

“…часам на чужыне ведаюць аб нас толькі тое, што напішуць аб нас нашыя ворагі,” – кажа Вацлаў Ластоўскі, калі разважае пра беларуса на чужыне. Трапнае назіранне. Варта зрабіць яго больш экспрэсіўным, сказаўшы: збольшага на чужыне пра нас ведаюць тое, што пішуць пра нас ворагі і здраднікі.
07kiepka

(no subject)

1968. Хац і бутэлька піва

У пачатковай школе мне хацелася расці і вырасці як хутчэй, мне ажно да трымцення ў целе карцела зрабіцца дарослым. Рос, тады мне так падавалася, ну зусім марудна. Другія раслі хутчэй. І росту я быў малога, сярод хлопчыкаў у класе я быў чацьвёрты, калі адлічваць ад ніжэйшага. Ніжэйшымі за мяне былі Мацяш, Панасюга і Навуменка… Потым я стаў вышэйшы за Хвастовіча. Я вельмі сабою ганарыўся, я ганарыўся, што расту. Каб быць дарослымі, мы – я і Мацяш – курылі. А калі студыя выяўленчага мастацтва на вясновых вакацыях выправілася ў вандроўку на эцюды ў Лагойск, я з Юрам Яўменавым набыў у краме сваю першую бутэльку піва. Яўменаў быў за Ван Гога, а я быў за Гагена. Мы як сапраўдныя дарослыя мастакі вырашылі выпіць. Замест абсэнта ў нас была пляшка піва “Жыгулёўскага” з маленечкай жоўтай папяровай налепкаю ў выглядзе паўмесяца. Толькі мы сабраліся тое піва піць, як да нас у пакой прыйшоў дзевяцікласнік Гена Хацкевіч. Ён забраў у нас “Жыгулёўскае”, сказаўшы, што мы яшчэ малыя і не маем права піць піва і курыць. Яшчэ ён сказаў, каб мы не зачынялі гатэльны пакой, бо за намі ён будзе сачыць. Нашае піва Хацкевіч выпіў са сваім сябруком – васьмікласнікам Свінаровым.