September 2nd, 2010

07kiepka

(no subject)

1979. Ген і катлета

“Адамчык, ты працуеш з раніцы да самага вечара, а потым зноў з раніцы і да вечара! Гэта не правільна!” – “Ген, а што правільна?” – “Правільна працаваць зранку, а пасля пяці вечара трэба сядзець каля тэлевізара з вялікай гарачай катлетаю на відэльцы!” Тады мяне моцна ўразіла абмаляваная Хацкевічам гарачая катлета. З’едзеная каля тэлеэкрана катлета – распуснасць. Я так і не навучыўся гэтай катлетнай распуснасці… Спрабаваць спрабаваў, але не атрамліваецца ў мяне есці катлету і глядзець на экран.
07kiepka

(no subject)

1980. Хац і Адзеса

Ёсць людзі, якія не могуць жыць у пэўных гарадах. Ім хочацца жыць-быць менавіта ў гэтым горадзе, а горад іх не прымае. Ён здзекуецца з чалавека, ломіць яго, гне, гняце, трушчыць і выплёўвае. Так было ў Баброва з Лонданам. Сталіца Брытаніі і выплюнула Баброва, а Мартынчыка не выплюнула. Адзеса двойчы выкідала з сябе Генку Хацкевіча. Хто б мог падумаць, што ў вясёлага Хаца не складуцца адносіны менавіта з горадам-гумарыстам. Але Хац менавіта ў Адзесе трапіў у халерны барак. Халера Хаца не ўзяла. Халеры ў Хаца не знайшлі, але на ўсялякі выпадак загналі на сорак каранцінных дзён у барак. Ён ехаў у Адзесу цягніком. Недзе паміж Кіевам і Чорным морам, на нейкай станцыі купіў Хац вядро алычы. Паеў. Не памыў, а паеў. Страўнік сказаў алычы мяккае “не-не-не-не-не”. Да Адзесы Хац не вылазіў з вагоннай прыбіральні. Таму і пабег на Адзескім вакзале ў медпункт, а адтуль яго завезлі ў халерны барак. Другі раз Хац ляжаў не ў інфекцыйным аддзяленні, а ў траўматалогіі са зламанай нагою. Нагу Хац зламаў сабе сам. Канешне, ён не збіраўся ў першы дзень свайго другога наведвання Адзесы ламаць нагу. А зламаў… Ён зламаў нагу на пляжы. Зламаў з-за цяжкога заплечніка. На Хацы было два заплечнікі. За плячыма свой, а на грудзях жончын. Хац зрабіў вынаходніцтва. Ён прыдумаў, як насіць два заплечнікі. Адно было кепска. Заплечнік на грудзях не даваў бачыць, куды нага ступае. Нага ступіла на нейкі камень, той паехаў па пляжнаму пяску. Нага паехала за каменем, падкруцілася, падвярнулася. Тут на яе і ўпаў гаспадар з двума заплечнікамі. З траўматалогіі Гена прыслаў мне пісьмо, у якім распавядаў пра сябе і пра чалавека, які паспрачаўся з сабутэльнікамі, што скочыць з аглядальнага кола. Скакун выйграў бутэльку віна. Гена суцяшаў сябе і мяне, што ў Адзескай траўматалогіі яму не горш, чым астатнім.
07kiepka

мае песні



Словы, якія не прапусціла савецкая цэнзура:

Не хапіла слоў – хапае слёз
На матыў адвечнай Песні Песняў.
Што сказаць? Такі ўжо выпаў лёс
Развітацца ў ядлаўцовым лесе.

Ты не ўмееш плакаць па начах
У пару бяссонніцы бязбожнай.
Замярзаюць слёзы на вачах.
Хто ж такому гору дапаможа?

Прыпеў:
Божа, Божа, што тут гаварыць?
А каму на гэтым свеце лёгка?
Дык няхай душа мая гарыць,
Іншаму знаходзячы палёгку.

Я патрапіў у замкнёны круг,
Плача побач любая дзяўчына,
А навокал ядлаўцовы дух –
Дымная сінеча прад вачыма.

Прыпеў:
Божа, Божа, што тут гаварыць?
А каму на гэтым свеце лёгка?
Дык няхай душа мая гарыць,
Іншаму знаходзячы палёгку.
07kiepka

(no subject)

Z 2010. Кожух і бальзам

Сядзім, я ды Вова Кожух, у ягонай майстэрні, што вокны ў вокны з музеям Максіма Багдановіча. З тым самым, дзе я некалі меў літаратурную школу “Вянок”. Сядзім, каву збіраемся піць. Тут Кожух і кажа: “Мо бальзаму ў каву наліць, для водару?” – “Не, мне ня трэба!” – “А я сабе налью…” Сядзім, п’ем каву, Вава Кожух – з духмяным бальзамам, а я – пустую і без цукру. “Я з бацькам любіў выпіць гарэлкі. Бацькі не стала, і няма з кім па-сур’ёзнаму выпіць. З бацькам выпіць – сур’ёзная справа!” – кажу Кожуху. “І я з бацькам любіў выпіць. Прыеду дамоў раніцай. Зазвычай, я дамоў раніцаю прыязджаў. Я прыеду, а бацька на рабоце. Званю яму. Ён кажа, што раней за абед не прыйдзе. У абед мы ўжо сядаем і па-сур’ёзнаму выпіваем…” – кажа Кожух. “З бацькай выпіць было за шчасце…” – кажу. “А хто твой бацька?” – пытаецца Кожух… Нарэшце! Я вярнуўся туды, дзе мяне ведаюць толькі як мяне.
07kiepka

(no subject)

2010. Баба і спадзевы

Яна носіць доўгае скураное паліто. Яна ў ім прэе, але ўсё адно носіць. Яна смярдзіць потам і перапрэласцю, бо ў памяшканнях любіць сядзець у паліто. Яна лезе да мяне з размовамі пра літаратуру і сэкс. Смярдзіць і лезе. Яна тлустая, апрэлая і назаляльная баба. На што яна спадзяецца? Можа на сваё жывёльнае і раганоснае прозвішча Аленік?

P. S.

Пасля напісання і вывешвання гэтага метафарычнага тэкста, пачалося самазнішчэнне юзера tosomox. Юзера які вызначаўся рускімі шавіністычнымі, юдафобскімі і гамафобскімі выказваннямі.

P. P. S.

У супадзенні я не веру.