September 1st, 2010

07kiepka

(no subject)

z Новыя літаратурныя жанры і 1 000 000

У тыднёвіках з’явіліся новыя літаратурна-калямастацкія жанры. Першы: брацкае віншаванне. У такое віншаванне збіраецца і лепіцца некалькі віншавальных мэсыджаў.

Прыклад: “Дарагі Групкін-Пупкін віншуем цябе з выхадам кнігі “Цмок-калывок”, а таксама віншуем Шалаша з Шалашыхаю з нагоды нараджэння ў іх дачушачкі, яшчэ мы віншавальныя словы накіроўваем у дом Ракаў-Свяцёлак, бо іх слаўны ваяр Сьвятазар нарэшце дэмбельнуўся”.

Акрамя брацкага віншавання з’явіліся і брацкія некралогі.

Прыклад: “Мы смуткуем з нагоды сыходу ад нас выцінаншчыцы і вышывальшчыцы крыжыкам Галіны Тоўстакаленчыц, а яшчэ большы смутак агортвае нашы душы над свежай магілаю Лады Скурапалітончык. Памяць пра іх дзейнасць будзе вечнай стрэмкаю сядзець у нашых бессмяротных душах”.

З’яўленне новых літаратурных жанраў зазвычай вітаецца, але ў дадзеным выпадку ўзнікае жаданне прыняць закон, які б гарантаваў чалавеку права на асобны а не брацкамагільны некралог.

Калі брацкавіншавальныя мэсыджы яшчэ можна дараваць, як можна дараваць паэтам розныя навыдумляныя зномы ды каварандопы, дык брацкамагільныя некралогі павінны знішчацца, а іх аўтараў варта караць грашовымі штрафамі, і штраф той мусіць пачынацца з лічбы 1 000 000.
07kiepka

(no subject)

1991. Хац і Луўр

З Лондану Гена мне паштовак не дасылаў. У Лондане яму было зусім цяжка. Цяжка было ўсім: і Мартынчыку, і Баброву, і Хацкевічу. Яны з’ехалі ў Лондан, каб скарыць сваім жывапісам свет, але свет не скарыўся. Свет быў раўнадушны да Хацкевіча, Баброва і Мартынчыка. Першым скарыўся Баброў, ён перастаў мыцца. Узяў і перастаў мыцца, стрыгчыся і галіцца. Хацкевіч з Мартынчыкам мыліся, а Баброў не. Вада ў іх была толькі халодная, але яны мыліся і галіліся, і нават стрыгліся. Баброў сказаў, што з’едзе з Англіі ў Ізраіль, што там яму нешта нейкае будуць плаціць, і там ён будзе жыць, мыцца і галіцца. Мартынчык разлічваў прыжыцца ў Лондане. Ён змяніў прынцып. Калі не Лондан для цябе, тады ты для Лондана. Лондан сказаў, а ты зрабіў! Просценька, але выжыць можна. Хац расчараваўся ў Лондане, але ён яшчэ верыў у Парыж. Ён верыў, што Парыж яго прыме не так, як Лондан. Хац меў рацыю. Ні Баброў, ні Мартынчык не верылі, што Парыж прыме мастака Генадзя Хацкевіча-Мінскага-Бамскага-Ленінскага, бо мелі нават падставы не верыць. Яны пасадзілі Хаца на цягнік, яны з Хацам развіталіся, яны нават адзначылі развітанне. Моцна адзначылі, моцна напіліся. А калі падыходзілі да кватэры, якую здымалі ў Лондане, Мартынчык сказаў Баброву: “Мы прыходзім, а Хац пад дзвярымі сядзіць! Мы прыходзім, а Хац – сядзіць!!!” Мартынчык пачаў смяяцца, і Баброў пачаў, яны, смеючыся, прыйшлі да кватэры, а тамака – Хац сядзіць. Яго не выпусцілі з Англіі, нешта ў яго з дакументамі не зраслося, нейкіх папер не хапіла... Хац не здаўся, ён знайшоў вандроўны заацырк і разам з ільвамі, тыграмі ды шакаламі перабраўся праз Ла-Манш. У Парыжы яго прынялі мастакі-эмігранты. Яго прынялі на былой шакаладнай фабрыцы ў мастакоўскую камуну. Тады ён і пачаў слаць мне лісты ды паштоўкі. Адна з іх была з Луўрам і надпісам: “Быў у Луўры! Багата!”