August 30th, 2010

2007

Каткоў

1968. Гена і намалёваныя пантофлі

Калі развярнуцца да будучыні спінаю, а да мінулага тварам, дык можна ўбачыць творы, якія паўплывалі на Гену Хацкевіча вальмі моцна. Зараз я схільны думаць, што гэтыя прысланыя з Францыі малюнкі і гуашы ўразілі яго больш за ўсе скарбы з Луўра ды з Эрмітажа. Малюнкі прыслалі ў палац школьнікаў, куды мы хадзілі ў студыю выяўленчага мастацтва. Наш настаўнік Сяргей Пятровіч Каткоў паслаў нашы малюнкі ў Францыю, а ўдзячныя французы даслалі нам свае творы… Мы апынуліся, як цяпер кажуць, у шоку! На паперы з выціснутымі ў кутку каронамі былі намалёваны скураныя сандалеты. Такія брунатныя, моцна паношаныя сандалеты проста ляжалі на пяшчотна-жоўтым аркушы паперы. Як жывыя! Наваб больш жывыя, чым уласна жывыя. Былі яшчэ малюнкі з кветкамі і травою, але сандалеты скарылі ўсіх. Мы ўжо ведалі пра чаравікі Ван Гога. Але ягоныя чаравікі былі недасяжна далёка, за жалезнай непераадольнай для большасці з нас заслонаю, а сандалеты былі тут. У нас, у нашай майстэрні, у нашых руках… Гена захапляўся сандалетамі больш за ўсіх. “Так і трэба маляваць! Так і трэба пісаць карціны… Каб кожная стужка, кожная дзюрка ў той скураной стужцы была, як жывая. Каб праз дзюрку тую паветра магло прайсці!”
07kiepka

(no subject)

1979. Хац і склад бутэлек

Ён – цікаўны. Сто чалавек пройдзе паўз вакно, што вядзе ў касцёльныя сутарэнні, а толькі Хац у тое вакно палезе. Ён і палез у вакно былога езуіцкага касцёла. Той касцёл разам з кляштарам аддалі інтэрнату для дзяцей са слабым слыхам. У касцёле быў зроблены клуб. Фінансавыя цяжкасці інтэрната вымусілі адміністрацыю адмовіцца ад клуба. Пра склад, які быў у сутарэннях, усе проста забыліся. Касцёл-клуб быў пусты. Ён стаяў у занядбаным стане. Рэстаўратары Верамейчык, Атас і Слюнчанка зрабілі агульныя абмеры, але на гэтым рэстаўрацыя і скончылася. Хац тады і знайшоў тысячы бутэлек са старой нягоднай мінералкай пад іржавымі коракамі. “Давай мінералку выльем, а пляшкі здамо!” – прапанаваў мне цікаўны ды ініцыятыўны Гена Хацкевіч. Рабаваць клуб-касцёл я не захацеў. Мсціслаўе – горад маленькі. Здасі дваццаць пляшак, і заўтра ўсе гавораць пра іх. Каб я быў якім школьнікам з малодшых класаў, ды паквапіўся б на бутэлькі. А для студэнта, супрацоўніка рэстаўрацыйных майстэрняў – фігня. За падобную фігню з нашага інстытута ўжо праганялі. Гену, але не Хаца. Той Гена скраў у гастраноме пачак з сухім канцэнтратам супа харчо. Скраў, бо есці хацеў. Скраў, бо ўсе грошы прапіў, а есці хацелася. Скраў і папаўся. Я не хацеў пападацца з пустой пляшкай ад мінералкі. Хац таксама перадумаў рабаваць сутарэнні пад былым касцёлам, сказаў, што лянуецца.
07kiepka

(no subject)

1983. Гена, пакаленне і рэвалюцыі

Наша пакаленне было і застаецца рэвалюцыйным і кансерватыўным уадначассе. Зламаць берлінскую сцяну і вярнуць храмы вернікам у былых атэістычных краінах, разваліць імперыю зла і распачаць глабалізацыю, здзейсніць сэксрэвалюцыю і пашырыць іслам да фанатычнага тэрарызму, наладзіць выбух камунікацыйных сістэм і збудаваць лабірынтнападобныя гіпермаркеты – наша дзейнасць. Мы належым да генерацыі рэвалюцыйных парадоксаў. Хацкевіч не выключэнне, ён – зорка парадаксальнага пакалення. Сваю рэвалюцыю ён распачаў на палатне. Намаляваў кастрычніскі пераварот у Менску, што адбыўся ў 1917. Горад убачаны з птушынага, ці хутчэй з верталётнага, палёту кішэў узбудараджанымі менчукамі. Пралетары, салдаты, мяшчане, сяляне, крамнікі, настаўнікі, сабакі, каты, вароны, галубы – усе жыхары і наведнікі гораду радаваліся. Рэвалюцыя адбылася, заўтра надыйдзе свабода, роўнасць, братэрства. Заўтра зямля будзе ў сялянаў, заводы – у рабочых, улада – у народа. Гэта мы цяпер ведаем, што нічога такога і блізка не здзейсніцца, а яны ж верылі. Яны крычалі “ура”, яны кідалі ў неба пагляды з верай, надзеяй і любоўю. Гена Хацкевіч-Менскі злавіў гэтыя пагляды ў 1982. Карціна атрымалася ўдалай. Больш за тое, яна атрымалася прарочай.

P. S.

Калі ў 1989 распачалася нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя ў Беларусі, я не раз і не два згадваў шэдэўр Хацкевіча. Мастак толькі той, хто здатны зазірнуць наперад, чым далей сягае ягоны позірк, тым большы ён мастак.
07kiepka

ART-HLOBUS

103.61 КБ

Адам Глобус "Трыццаць градусаў цяпла. Менск. Музычны завулак"
2010 год. Палатно, акрыл 450х600 мм. Фрагмент.
07kiepka

(no subject)

1979. Хац і рэстарацыйныя афіцыянткі

Толькі Хац мог мяне падбіць на закручванне адносінаў з рэстарацыйнымі афіцыянткамі. І дзе? У забытым Богам Мсціслаўі. Мы працавалі на рэстаўрацыі былога касцёла. Снедалі ў сталоўцы, а вячэралі ў рэстарацыі “Віхра”. На пошукі жанчын часу не было, а таму і завязаліся размовы з афіцыянткамі. Ніякія размовы, пустыя словы ні пра што. А тут Хац мне кажа, што трэба накупіць віна і пайсці ў госці да афіцыянтак. Мы і накупілі, і прыйшлі, і сядзім мы ў афіцыянтачак выпіваем. Яны ўжо пачалі падавацца мне і прыгожымі, і разумнымі. Але раптам з’явіўся, як чорт з партабакі, брат адной афіцыянткі, а потым яшчэ ягоны сябра. Брат прапаноўваў нам кінуць касцёл і паехаць на Сахалін. Сам ён адсядзеў даўжэзны тэрмін за бойку. У Мсціслаўі работы не знайшоў, але даведаўся, што на Сахаліне шмат мсціслаўскіх хлопцаў грошы зарабляе. І паехаў, і зарабляе, і можа нас уладкаваць. Ехаць на Сахалін мы адмовіліся. Тут і афіцыянткі нам перасталі падабацца. А мы ну зусім перасталі падабацца брату самай гадкатварай афіцыянткі. Ён бы і бойку распачаў, каб не касцёл. Ён сказаў, што паважае людзей, якія працуюць у касцёле, калі ўсе навокал у Бога ня вераць. Мы з Хацам сышлі цэлыя. Пашанцавала…