August 29th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010. нінеЛ і перавытворчасць

Мяне зусім не раздражняе перавытворчасць абутку ці адзежы, але, пабачыўшы на паліцы ў кнігарні дваццаць сёмы том са збору вершаў нінеЛа, маркочуся. Паэт не павінен рабіцца вершаперавытворцам. Зрэшты, чаго маркоціцца, вершаперавытворцам праўдзівы паэт ніколі не стане.
07kiepka

(no subject)

Мода і таталітарызм

У таталітарных дзяржавах, кшталту СССР, мода жыве ў выглядзе карыкатур разтэражаваных гумарыстычнымі часопісамі.
07kiepka

(no subject)

2010. Гена і міліёны

“Адамчык, стой! Куды ты спяшаешся? Не трэба нікуды спяшацца! Хутка, зусім хутка я прадам свае карціны! Мае карціны каштуюць міліёны, яны каштуюць значна болей, але я іх прадам, каб купіць замак у Францыі. Я куплю замак, і мы ўсе паедзем туды… Ня верыш? Валодзя, ты куды пайшоў? А замак? Зама-а-а…” – пакідаю п’янаватага Гену пад гастраномам.
07kiepka

(no subject)

1980. Хац і мянушка

У нашай групе ва ўсіх былі мянушкі. Усе яны мелі крыху абразлівае і здзеклівае гучанне… Слон – Грышка Шараеў, Крук – Мікола Крукаў, Блін – Толік Сакалоў, Нэгора – Сашка Пятроў, Глобус – я… Карэлкіна з Гавазюком называліся Карэлкіна і Гавазюк. Лічылася, што ў іх прозвішчах дастаткова немілагучнасці, каб быць паганялам. Гавазюка спрабавалі перахрысціць у Гавазу, але ён злаваўся, бо бракавала ў яго самаіроніі, быў засур’ёзны. Ён і не ўдзельніў у прыдумлянні мянушкі для Гены Хацкевіча. І Карэлкіна не прыдумляла мянушку. А ўсе астатнія вычвараліся… Дарэчы. Сам Хацкевіч падпісваў свае карціны Хацкевічам-Мінскім-Бамскім (Гэта ад моднай тады ўсесавецкай будоўлі Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі!) -Ленінскім. Але гэта задоўга і малавымаўляльна. Мянушка мусіць быць кароткая, абразлівая, лёгказапамінальная і лёгкавымаўляльная, бо мы рыхтаваліся да працы на новабудоўлях ды наогул на будоўлях. Калі ты высока на рыштаваннях і табе трэба… Ці мала што табе спатрэбіцца на рыштаваннях… Скажам у адно слова – дапамога! Ты не будзеш крычаць: “Хацкевіч-Мінскі-Бамскі-Ленінскі!”, ты гукнеш: “Хац!” ці… Крукаў прыдумаў называць Хацкевіча Сайгакам. І прыжылося! Сайгак ды Сайгак. Нешта было ў ім ад гэтай гарбаносай і лёгканогай жывёлы. Лёгкасць была, палахлівасць, спрыт і вялікавокасць жывёльная, адкрытая свету. Два гады, пакуль вучыўся ў маёй групе, Гена Хацкевіч прахадзіў Сайгакам, а потым зноўку стаў для ўсіх проста Хацам.
07kiepka

(no subject)

Доўгае жыццё

Доўга пражывае той, каму і сапраўды цікава зірнуць хоць бы адным вокам на тое, што адбудзецца заўтра ды пазаўтра.
07kiepka

(no subject)

1979. Хац, Несцярук і абразы

Гена – вандроўнік па прыродзе. Ён заўжды некуды едзе, а калі ня едзе, дык збіраецца ехаць. Гену гоніць, гнала і будзе гнаць нейкая сіла. І тая сіла гоніць Гену на край свету, за край святла і на край ночы. На Далёкі Ўсход, на Камчатку і ва Ўладывасток сіла Гену загнала. Быў ён і на Мадагаскары, быў на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі быў… Паганяла яго па Лонданах ды Парыжах. Аднойчы яго загнала і на поўнач Расеі некуды ў снягі паміж Архангельскам і Петразаводскам. Загнала так далёка, што людзі там не жывуць. Некалі жылі там праваслаўныя людзі, былі ў тых людзей вёскі і цэрквы. Людзі сышлі, а дамы і саборы пазаставаліся. Гена разам з іншымі вандроўнікамі апынуўся там марознай зімою. Ішлі яны праз вёскі пустыя на лыжах. Справаздачу пра сваё вандраванне на рускую Поўнач Гена апісаў у самаробнай газеце, якую павесіў у фае інстытута. Да газеты былі прымацаваны дзве шкарпэткі, пра якія пісалася, што гэта не шкарпэткі, а рукавіцы вандроўніка Нясцінога. Побач з надпісам быў здымак вандроўніка Несцерука. Несцярук за прыдуманага Хацам Нясцінога пакрыўдзіўся… Тут і ўсплыла гісторыя пра паводзіны Гены ў паўночных цэрквах. Казалі, што ён панавыдзіраў у алтарах абразоў столькі, сколькі змог павалачы. І валок… Яму казалі: не браць абразы! Казалі: ніхто несці не дапаможа! Хац нікога не слухаў, ішоў, адстаў, стаміўся, змогся і выкінуў усе пазабіраныя ў царкве абразы проста ў снег. Калі я перапытаў у Гены пра выкіданне абразоў, ён распавёў наступнае… Яны пазасіралі там усе цэрквы, не ў метафарычным сэнсе пазасіралі, а ў натуральным. Яны нават знарок залазілі на алтар, каб насраць на абразы. Уяўляеш, што гэта былі за дошкі, якія я павымаў з алтара ў безваконнай царкве? Абразы так і так загінулі б… А я паспрабаваў іх уратаваць… Не ўратаваў! Не лёс. Павыкідаў абразы ў снег. Прасіў, каб несці дапамаглі! Не дапамаглі.
07kiepka

СПАСЫЛКА ЗА СПАСЫЛКУ

2010. Свабодапалонны Будзік

Каму цікава, можа глянуць на мярякавяньне пра мой пост і каментары да яго ( http://adam-hlobus.livejournal.com/868902.html ) свабодапалоннага Будзіка. Палонны ён і ёсць палонны, нават на радыё з назвай СВАБОДА. Палітдуроту, якую ён гоніць дзеля бабла, лепей не чытаць.