August 25th, 2010

07kiepka

дакумент 1981 год

103.29 КБ

Даўно збіраўся напісаць словы пра мастака Гену Хацкевіча
пад кароткім тэгам і назваю "Хац".

Нарэшце матэрыял сабраўся і тэкст пачаў афармляцца ў кароткія пасты.

А пачну я аповяд пра Гену са здымка, зробленага ў інстытуцкай майстэрні.
Гэта мансарда на праспекце, над цукерачнай крамай "Ласунак".
Я панапісваў шмат карцін, так шмат, што іх было зашмат. І я іх парэзаў.
Узяў нож і парваў ды папаразаў свае вялікія і малыя палотны.
Гена Хацкевіч - Хац - спрабаваў мяне стрымаць, але не змог...
Здарылася тое ў 1981 годзе...
07kiepka

(no subject)

1977. Хац, сонечнасць і Свінароў

Ёсць адна рыса ў абліччы Гены Хацкевіча, якую інакш як сонечнасць і не назавеш. Ён увесь ззяе. Чырвоны, блакітны, жоўты колеры перамешваюцца ў ім, каб ствараць непоўторнае аптымістычнае ззянне. Таму і апранаецца Гена ярка. Аранжавыя кашулі і зялёныя штаны, пурпуровыя кеды і малінавыя шкарпэткі, белыя курткі і сінія пальчаткі пасуюць яму. Да яго вечнай усмешкі, да вясёлых вачэй, да румяных шчок і цёмных кудзераў усё пасуе, але ён выбірае найярчэйшае, найстракацейшае, найарлекіаністае, каб падкрэсліць, каб дадаць да сваёй радаснай сонечнасці яшчэ крышку святочнасці… Аднойчы Гена Хацкевіч схібіў і пашыў сабе з чорнага аксаміту нагавіцы з пінжаком. Такі быў той аксаміт чорны-чорны, такі глыбока-чорны, такі бяздонна-чорны, што нешта чарнейшае і ўявіць цяжка. У гэтым навюткім гарнітурчыку ён і забег да сябра-жывапісца Валодзі Свінарова ў майстэрню. “Ну як табе? Праўда, цудоўны строй? Я пра такі марыў!” Сябра Свінароў прапанаваў гарбаты папіць. Хацкевіч не адмовіўся. Ён паразглядаў сябруковы карціны, пакуль той напой гатаваў, а потым бухнуўся на крэсла. “А-а-а!!!” – крык Хаца выбухнуў так, што жывапісец Свінароў ледзь не ўпісяўся. “Ка-а-асцюм!!!” – Гена круціўся пасярод майстэрні, спрабуючы зазірнуць на сваю дупу. На чорным аксаміце ільснілася і пералівалася алейная вясёлка. Гена сеў на палітру, дзе жывапісец Свінароў шчодрай рукою панавыціскаў самых яркіх фарбаў. Ідучы рабіць гарбату, ён кінуў палітру на крэла, а Хацкевіч бухнуўся на яе. Нагавіцы прапалі, бо Генка спрабаваў іх адмыць шкіпінарам, цёр мылам, драў губкаю, а нарэшце, псіхануўшы, падраў на ласкуты. А як падраў, так і супакаенне прыйшло… “Пінжак застаўся! Галоўнае – пінжак!” – разважаў Хацкевіч, ідучы ў краму па віно. Страту штаноў сябры адзначылі добрай выпіўкаю, пад час якой зрабілі выснову, што Хацу не трэба насіць глыбока-чорную адзежу.
07kiepka

дакумент 1995 год

61.99 КБ

Я і Гена Хацкевіч, п'ем чырвонае на дні нараджэння Жэніка Кірылава.
Хац разглядае маю майку з карцінай Міро.
На другім плане Жэнік Кіралаў у светлай майцы.
Мы выпіваем на Менскім моры, выпіваем стоячы...