August 24th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 1965. Бронік і яблык

Дзед Бронік сядзеў на ганку і еў яблык. Сцізорыкам ён абабраў скурку з большай паловы ружовабокай папяроўкі. Бронік адразаў тонкія, падобныя да маладзенькага месяца, светлацелыя скрылікі і клаў на язык. Скрылікі былі такія тонкія, што, здавалася, раставалі ў роце. Баба Ядзя паклікала дзеда ў хату. Нешта там трэба было дапамагчы, здаецца – чыгуны з печы падаставаць, каб цёплай бульбы насекчы ды ўкінуць свіням. Дзед пайшоў да бабы, я пабег на вуліцу, а палова папяроўкі засталася на белым сподку ляжаць побач з нескладзеным сцізорыкам. Праз колькі часу, я вярнуўся ў наш двор і ўбачыў на сподку парудзелы пацямнелы падвялы яблык. Я фізічна адчуў як плыве час. Глядзеў на яблыў і чуў рух часу, павольны і няўмольны. Я спытаў ў дзеда Броніка, ці будзе ён даядаць папяроўку. Ён адмовіўся ад яе, давялося занесці ў хлеў і кінуць у загарадку кабану.