August 16th, 2010

07kiepka

(no subject)

Z Праз мост

Апавяданне

Шорхат сухога ліста аб асфальт нагадаў мне пра хуткую восень. Яшчэ сярэдзіна жніўня, спякотна і горача, а ліповы ліст зжоўк, падсох і апаў. Вецер гоніць яго па ходніку. Добра чуваць лёгкі шоргат восені. У паветры пачынае пахнуць школаю…

Бог ты мой, як я не любіў сваю сярэднюю школу з павыбіванымі вокнамі, з тупымі настаўнікамі і з бандзюкаватымі вучнямі. Як я радавўся, што замест дзевятага класа ў паганай школе я пайду на першы курс у мастацкую вучэльню!

Шархацела пажоўклая лістота, а я разам з братам Толікам ішоў на мост. Мы хадзілі пешкі ад вінзавода, які некалі стаяў насупраць Кальварыйскіх могілак, да кафэ “Вясна”, што некалі было на галоўным сталічным праспекце насупраць кнігарні “Цэнтральная”. Чым душыцца ў перапоўненым трынаццатым тралейбусе лепей было прайсці некалькі кіламетраў пешкі. Мы ішлі, Толік – у тэатральна-мастіацкі інстытут, а я ў вучэльню. Ён паступіў на графіку, а я на педагагічнае аддзяленне. Мы штораніцы пераходзілі мост над чыгункаю. Той самы мост, што побач з турмою на вуліцы Апанскага.

Якраз на гэтым мосце для мяне і пачынаўся ўласна горад, там пачыналася сталіца, пачынаўся наш Менск. Да моста быў наш раён з турмою, могілкамі, трынаццатым і дзевятым тралейбусамі, радыятарным заводам і пустымі гастраномамі.

Пэўна, у кожнага сталічніка ёсць рыса, якая аддзяляе ягоны раён ад горада. У тых, хто жыве на сталічным праспекце гэтая нябачная рыса можа праходзіць у арцы, праз якую ты выходзіш з двара. У некага яна на мосце праз чыгунку, у некага ў іншым месцы, але рыса тая ёсць у кожнага, хто жыве ў сталіцы. У тых хто сюды прыяджае ці прылятае, яна недзе на вакзале ці ў аэрапорце. Я гэтую рысу-мяжу знайшоў, яшчэ вучачыся ў школе.

У трэці клас я хадзіў на трэцюю змену. Заняткі пачыналіся ў 16-15. У класе было блізу пяцідзсяці чалавек. Таму мы сядзелі па трое за партамі старшакласнікаў. Парты былі вялізныя і нязручныя. У школу хадзіць не хацелася, хацелася ў горад, але горад не пускаў да сябе дзяцей з ранцамі і партфелямі. Калі ты са школьным ранцам, дык ня маеш права заходзіць у краму. І ў кінатэатар цябе не пусцяць, калі пабачаць ранец. Таму ў горад трэба ісці з вольнымі рукамі. Ранец свой я хаваў пад мостам.

Той ранец прахаваўся пад мостам з трэцяга ажно па сёмы клас, пакуль чыгуначныя рабочыя не пазабіралі сабе нашы школьныя ранцы і партфелі. Паміж чыгункаю і турмою, стаяў маленечкі дамок чыгуначнікаў. Туды яны і завалаклі мой ранец. За ранец рабочыя запатрабавалі выкуп – тры рублі. Бутэлька гарэлкі каштавала тры рублі з драбязою. Рабочым карцела выпіць, з кожнага школьніка яны спагналі па тры рублі. Нас был чацьвёра. Рабочыя добра зарабілі на нас.

Мяне ўзяло зло! Прага помсты ахапіла маю дробную душу савецкага школьніка. Праз тыдзень я вярнуўся на мост з каменнямі. Я выбіў вакно ў дамку чыгуначнікаў. Я кідаў з моста камяні ў дамок, пакуль не выбіў вакно. Мне стала лягчэй. Канешне, пасля выбівання вакна, я больш не хаваў ранец пад мостам. Дзяцінства сконылася.

Я вырашыў сыйсці са школы ў мастацкую вучэльню, дзе тады яшчэ вучыўся мой брат Толік. Пасля восьмага класа я здаў іспыты і сышоў са школы.

Які ж я быў шчаслівы, калі са старэйшым братам раніцаю ішоў праз мост. Была восень з туманамі.

З мэблявай фабрыкі ў турму на кані вазілі нейкую фарнітуру, шрубы ды балты з гайкамі. Арыштант вёў каня запрэжанага ў калёсы на гумовым ходзе. За калёсамі ішоў ахоўнік з вінтоўкаю. Мост. Горад у тумане. Арыштант. Конь. Ахоўнік з вінтоўкаю. Чаму ён не ўцякае? Чаму арыштант так спакойна і пакорліва вядзе свайго каня? Я не разумеў. Я і цяпер не разумею таго арыштанта. Я б уцякаў! Забіраў бы вінтоўку і ўцякаў.

Некалькі разоў з той турмы і сапраўды ўцякалі арыштанты. З восьмага паверха, дзе была наша кватэра, мне было добра відаць, як узброеныя салдаты ачапляюць Кальварыйскія могілкі. Вайскоўцам і міліцыянтам увесь час здавалася, што зэкі-уцекачы павінны хавацца-хараніцца на могілках, але на могілках яны ні разу не ўпалявалі ніводнага ўцекача.

Колькі тых могілак, і дзе на іх схаваешся, калі ты яшчэ жывы? Хіба што ў гурбе жоўтых кляновых лістоў…

Я моцна палюбіў жоўтае лісце ў той год, калі пайшоў у мастацкую вучэлюню. Першым заданнем было намаляваць восень і я маляваў шэры горад і жоўтае лісце ў ім. А ў брата Толіка першым заданнем было намаляваць наш Менск, і ён маляваў масты над чыгункамі.

111.88 КБ

Анатоль Александровіч "Менскія масты" 1973 год.
Пробны адбітак на паперы памерам 10х10 см.
Адбітак месцамі падфарбаваны простым алоўка.
07kiepka

узоры

141.47 КБ

Перачытаў 32 старонкі напісаныя ў 1920 годзе Антонам Навіною. За 90 гадоў ніхто з нашых літаратузанаўцаў і крытыкаў не напісаў твора ямчэйшага і больш значнага для беларусістыкі ў галіне літаратуры.
07kiepka

БІТВА БЛОГЕРАЎ 2010

Бітва блогераў 2010

23.86 КБ

4. ЯДЗЯ

94.33 КБ

2010. Ядзя і Шырлі

"Ядзя, а што казала Шырлі пра вашу з мамай кнігу " - "Сказала, што гэта адзіная кніга пра яе, якую ёй яшчэ і прыемна трымаць у руках". - "Ты сказала, што менавіта ты падрыхтавала здымкі да друку". - "Канешне. І яна падзякавала мне за працу..."