August 15th, 2010

07kiepka

Залатая літара 2010

Сіліцкі і Запруднік

Напісалі дзядзькі кнігу пра Беларусь. Старанна склалі сваю эсэістыку ў форму слоўніка. Патрэбную справу зрабілі, бо на англамоўным рынку такіх кніжак мала, а яны запатрабаваныя. Шкада, што ў кніжцы няма ілюстрацый, бо такія слоўнічкі больш разглядаюцца, чым чытаюцца. Ну а вокладка зусім не ад гэтай кніжкі, бо намаляваны на вокладцы сцяг сучаснай беларускай дзяржавы, а змест кнігі значна шырэйшы за сучасную дзяржаўную Беларусь. Як бы там ні было і што б там хто ні сказаў, а ў барселонскай геаграфічнай краме “Альтаір” гэта найлепшая кніга пра Беларусь. І ўсё ж, я не набыў кнігу, бо кошт! Кошт не адпавядае якасці выдання. У дадзеным выпадку гаворка не пра якасць тэкстаў, а пра паліграфічную якасць выдання вядзецца. Больш за трыццаць еўра аддаць за чорна-белую тэкставую кнігу з кепскай вокладкай я не змог. Пры ўсім маім патрыятызме, геаграфізме, кнігалюбстве даведнік Запрудніка і Сіліцкага не ўзяў. Выдаўцы, не аўтары а выдаўцы, не зрабілі кошт кнігі адпаведным з яе якасцямі. Зробяць. Выдаўцоў у свеце шмат, а Беларусь адна.
07kiepka

(no subject)

2006. Галубовіч і Гальпяровіч

“Напісаў пра Гальпяровіча ўхвальны артыкул. На цэлую паласу!” – Лёня Галубовіч гаворыць цяжка, нібыта некага пахаваў. “Лёня, бачыў я тую газету. Праўда, словы твае пра Навума Гальпяровіча не чытаў, выбачай”. – “Не чытай! Я пахваліў Гальпяровіча, бо ён абяцаў маёй дачцы з працаю дапамагчы. Я яго хваліў, а ён цяперака робіць выгляд, што мы пра маю дачку з ім і не гаварылі зусім. Слухай, а ў цябе, часам, няма знаёмых на радыё ці тэлевізіі, каб маглі дачку ўладкаваць?” – “Не! Такіх знаёмых у мяне няма”. – “Шкада. Ну нашто, скажы ты мне, я пахваліў вершы Гальпяровіча?” – “Не перажывай, Лёня. Усе ўсё разумеюць…”