August 12th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Вальтэр і ягоны чытач

Усе яшчэ ведаюць Вальтэра! Адукаваны чалавек мусіць нават усмешку Вальтэра пазнаваць, бо вялікі скульптар Гудон у мармуры тую саркастычную ўсмешку ўвекавечыў. Вядома-вядома… Сарказм, саркастычная ўсмешка, энцыклапедысты, класіцызм… Толькі за ўсё сваё жыццё я бачыў толькі аднаго чытача Вальтэра. Тоўсты, непамерна тоўсты, лысы, ружовалобы, сямідзесяцігадовы, ён сядзеў у кавярні “Манро”, піў каву з малаком і чытаў том Вальтэра. Я думаў, што ён чытае бульварныя раманы, кшталту “Рэт Батлер” ці “Ганна Карэніна”, а ён чытаў Вальтэра. Гэта мой брат заўважыў аўтара кнігі. Дробязь, а як усё змянілася. Я раптам пачаў заўважаць, што з чытачом Вальтэра ўсе ў Січазе вітаюцца. Нават у Барселоне з ім вітаюцца на вуліцы. Аказваецца, у Каталуніі чытач Вальтэра знакаміты чалавек… Быў! Гады тры як яго няма ў кавярні “Манро”… Сумна! Там сядзяць іншыя не менш паважаныя людзі… Вось прайшла артыстка, што ў ангельскім серыяле сыграла місіс Марпл. Дзіўна, але ў жыцці яна выглядае больш сур’ёзнай і, выбачаюся, больш разумнай за Марпл і Агату Крысці. За суседнім столікам сядзіць выдатны актор Тэры О'Куін, які сыграў у культавым шматсярыйніку LOST. Я нават не стрымаўся і зрабіў, як змог, ягоны фотапартрэт. Артыстаў усе пазнаюць, з імі вітаюцца, іх партрэты нават друкуюцца на вокладках бестселераў… З артыстамі, блокбастарамі і кніжнымі бэстамі поўны парадак і ў Барселоне, і ў Менску. Але мне моцна не хапае чытача з томам Вальтэра!
07kiepka

БІТВА БЛОГЕРАЎ 2010

Даўно збіраўся няспеша расказаць пра свае ўзаемаадносіны з натуршчыцай Лерай. Нагоды не было. Так, запішаш пару-тройку слоў і далей бяжыш. А каб сесці і зрабіць літаратурны партрэт натуршчцы, такога не было. Тут распачалася БІТВА БЛОГЕРАЎ, у якой я мушу распавесці пра цікавага чалавека. Я выбраў Леру… Намаляваў яе, сфатаграфаваўся з ёю і словы пра яе закампанаваў ў адзін тэкст.

Бітва блогераў 2010

23.86 КБ

2. НАТУРА

Лера

Словы пра маю натуршчыцу Леру

Люда, Надзя і Лера


Замест Люды я вырашыў запрасіць новую натуршчыцу. “У яе тут многа!” – мастачка Надзя патрэсла рукамі каля сваіх невялікіх грудзей. “Наколькі многа?” – я вырашыў удакладніць. “У яе так многа тут, што да нас у майстэрню прыходзілі студэнты з другіх курсаў каб паглядзець на яе вялікія цыцкі”. – “Выдатна, прыводзь яе заўтра!” – “Яна не можа заўтра”. – “Прыводзь у сыботу. Яна зможа ў сыботу?” – “Зможа”. Надзя прывяла Леру і сышла. “Лера, Надзя казала, што ў цябе вельмі вялікія грудзі…” – “Вы таксама лічыце, што яны вялікія?” – “Лічу, што нармальныя…” – “Нармальныя, нармальныя, але і вялікія…”

Маляванне і самота

Нідзе і ніколі я не адчуваў сябе такім самотным, як малючы аголеную натуршчыцу. Увесь свет нібыта адсунуўся ад мяне, стаў чужы, далёкі і халодны.

Нататнік і артыстычны псеўданім

“А нататнік я ваш бачыла…” – кажа мне натуршчыца. “Дзе бачыла?” – “Вы Люду малявалі ў гэтым нататніку, а потым у інтэрнэце павесілі нататнік з малюнкам… Правільна?” – “Сапраўды, павесіў”. – “Малюнкі зробленыя з мяне вы таксама пакажаце ў сваім інтэрнэт-часопісе?” – “Яшчэ не ведаю. Ты не хочаш?” – “Вы думаеце мяне пазнаюць?” – “Можна змяніць імя, і калі нехта пазнае, мы скажам, што гэта памылка. Якое ты выбераш імя?” – “Лера”. – “Лера дык Лера. Хай так і будзе. Натуршчыца, як і паэтка, можа мець артыстычны псеўданім”.

Нудысты і Кактэбель

“Лера, а дзе ты навучылася пазіраваць?” – “На пляжы нудыстаў, у Кактэбелі. Калі там можна, чаму нельга ў майстэрні мастакоў?” – “Першы раз было няёмка?” – “Так, першы раз няўтульна было, але я хутка прызвычаілася…”

Валасы і газ

У студыі халодна, і давялося запаліць газавую пліту. Калі прыйшла натуршчыца, я сказаў, што хутка студыя нагрэецца. “Выключыце газ, я баюся газавай пліты!” – “Баішся газавай пліты?” – “У кожнага свае фобіі. Я баюся, што загарацца мае валасы”. – “Будзеш сядзець у холадзе?” – “Мне зусім не халодна!” Я выключыў пліту і маляваў Леру ў холадзе.

Акадэмічная музыка

Лера так прывыкла да маёй студыі, што, нават не апранаючыся, спакойна разгульвае па ёй. У прайгравальніку сціхла музыка, і Лера, не пытаючыся, падыйшла да паліцы і стала перабіраць кампакты. “Рыхарда Вагнера будзеш слухаць?” – “Вам не падабаецца Вагнер? Тады нашто трымаеце дыск?” – “Любіш класічную музыку?” – “Так, люблю. Я нават спяваю ў хоры…” – Лера паставіла “Parsifal” і, вярнуўшыся на сваё крэсла, застыла ў знарочыстай акадэмічнай позе.

Беларуская мова

“Слухай, Лер, а дзе ты так добра беларускую мову вывучыла?” – “У гімназіі. Шкада, што яе зачынілі…”

Бацькі і дзеці

“Калі бацькі даведюцца, што ты пазіруеш, яны заперажываюць?” – “Тата, напэўна, не будзе перажываць. А мама, хутчэй за ўсё, растроіцца. А каб вы даведаліся, што ваша дачка пазіруе аголенай?” – “Мая малодшая дачка ад самага нараджэння пазіруе перад фотакамерай. Аднаго разу, я змясціў яе паўаголеную паставу на вокладцы часопіса “ARCHE” прысвечанага яўрэям. Фундавалі тое выданне артадаксальныя людзі, яны і запатрабавалі неадкладна памяняць вокладку. Давялося аддзіраць фігуру дачкі і ляпіць банальную рэпрадукцыю краявіднай карціны”.

Яўрэйскія танцы

“Ну даставай з сумкі сваю музыку…” – кажу да натуршчыцы. “Адкуль вы ведаеце пра музыку?” – “Калі я глядзеў, як ты слухаеш Вагнера, не цяжка было здагадацца, што наступным разам ты прынясеш свае кампакты” . – “Я прынесла Жору Фейдмана. Паставіць?” – “Вядома, стаў…” – “Гэта музыка для танцаў на яўрэйскім вясельлі…” – “Сумны кларнет”. – “Дык жа і вяселле яўрэйскае…”

Холад і эсэмэска

Раніца ледзяная. Травень, а за вакном віруюе дажджыстая завіруха, ды такая, што я на яе глядзеў хвілінаў дзесяць, а потым доўга стаяў пад гарачым душам. У майстэрню прыйшоў у мокрай шапцы і мокрым палітоне. Расклаў алоўкі, нарэзаў паперы, настроіўся памаляваць, а тут эсэмэска прыляцела ад Леры: “Я захварэла і прыйсці не змагу!” Ну што за дзень такі? У майстэрні так халодна і цёмна, што ажно ня верыцца быццам недзе ёсць сонца і цяпло.

Каханне і тэрарыстка

“А пра каханне ў вашай новай кнізе будзе?” – пытаецца ў мяне аголеная Лера. “Будзе, напішу пра каханне мастака і тэрарысткі…” – “А хто з іх загіне?” – “Не вырашыў… Ты мне лепш скажы… Дзе тваё каханне?” – “У мяне ў сярэдзіне…” Я ўважліва паглядзеў на аголеную натуршчыцу, але ніякіх прыкметаў кахання не пабачыў.

Спазненне і фільм пра Мадэльяні

“Спазняешся?” – “Фільм глядзела, заглядзелася і прыпазнілася…” – “Які фільм?” – “Пра мастакоў, пра Мадэльяні…” – “Новы фільм ці стары?” – “Новы…” – “Мадэльяні – відны мужчына”. – “Габрэй італьянскага паходжання проста не можа быць непрыгожы”. – “У цябе нейкі антрапалагічны падыход да знешнасці”. – “Вы так не думаеце?” – “У Італіі я пакутваў ад навязлівага пытання… Дзе італьянскія мастакі бралі сваіх натуршчыц?” – “А вы не ведаеце, чым там скончыўся фільм пара Мадэльяні?” – “Кепска скончыўся…” – “Да гэта ўсё ішло, але я не паспела даглядзець, трэба было бегчы да вас – пазіраваць. У фільме Мадэльяні сварыўся з натуршчыцамі і маляваў нават прыбірачак… Вы думаеце, гэта праўда?” – “Калі ты будзеш спазняцца, дык і мне давядзецца ўгаворваць пазірваць тваю сяброўку – Надзю, або з кавярні “Акварыюм” прыводзіць афіцыянтак”. – “Больш не буду спазняцца… Як мне сесці?” – “А давай ты першую гадзіну пастаіш”.

Натуршчыцы і пераборлівасць

Дамаляваўся… Гляджу на жанчыну і прымерваю-прыкідваю як я яе намалюю. Падыходзіць яна для мяне ў натуршчыцы ці не падыходзіць? Большасць жанчын не выклікаюць у мяне жадання працаваць. Я ўздыхаю з палёгкаю і пачынаю разглядаць іншыя аб’екты. Іх шмат навокал. І цяпер, і раней мяне дзівіў той факт, што ўсе жанчыны вераць ва ўласную прыгажосць, а калі і не ў прыгажосць дык у сваю абаяльнасць і непаўторнасць яны дакладна вераць. Яны жадаюць быць намаляванымі, зфатаграфаванымі і знятымі ў кіно. А мастакі выбіраюць і перавыбіраюць. Ёсць меркаванне, што жанчына выбірае сабе мужчыну. Не буду спрачацца, бо сэнсу ў такой спрэчцы не бачу. Адно я бачу: мастак выбірае натуршчыцу, а не натуршчыца – мастака. Так было і так будзе. І я буду выбіраць сабе натуршчыцу, нават тады, калі натуршчыца ў мяне ёсць, і нават калі яна такая прывабная і пластычная, як Лера.

Спёка і кашаль

На вуліцы спёка, а мая натуршчыца захварэла. Сядзіць на крэсле і кашляе. Кандыцыянер нельга ўключыць. Ёсць нешта па-дзіцячы кранальнае ў кашлі аголенай жанчыны. “Мо ты дамоў пойдзеш, паляжыш?” – “Не, я ўжо дасяджу…” Лера кашляе і кашляе, а я шкадую, што не магу намаляваць кашаль.

Скура і сонца

Лера скінула майку і, замест таго каб сесці на крэсла і пазіраваць, падыйшла да люстэрка, пачала круціцца і разглядаць сябе. “І як табе твой загар?” – “Гэта я ў вас павінна спытаць… Як вам мой загар?” – “Амаль не відаць, што ты загарала…” – “Вось і я бачу, што не відаць…” Лера крыху растроілася, а я трохі абрадаваўся, бо не вельмі люблю колер апаленай скуры.

Майткі і “асаблівасці”

Тры апошнія разы Лера прапазіравала ў майтках. Першы раз яна папярэдзіла пра “асаблівасці жаночага цела”. Другі раз я не перапытваў пра “асаблівасці”. А трэцяга разу спытаў: “Чаму твае “асаблівасці” такія доўгія?” – “Даўно скончыліся “асаблівасці”, але я сяджу ў майтках, бо пачала Вас саромецца…” – “Напала сарамлівасць? Бывае. Але майткі давядзецца зняць…” – “Не-е-е… Можна я ў майтках пасяджу?” – “Пасядзі, а потым здымеш…” Зняла Лера майткі. Здаецца, нічога значнага не адбылося ў нашых узаемаадносінах, але нешта нейкае змянілася… Што? Я ўважліва агледзіў сваю натуршчыцу. “Лера, ты што пачала худнець?” – “Заўважна?” – “Так…” – “А я ўлетку заўсёды губляю некалькі кілаграмаў… Вам не падабаецца?” – “Падабаецца, але раней мне падабалася больш, толькі я не настойваю каб ты папраўлялася…”

Апёк і спачуванні

Каля фантанаў сустрэў сваю натуршчыцу Леру, яна прагульвалася па алеі каля гатэля “Еўропа”. “Вярнулася з адпачынку?” – “Так, толькі ўчора прыехала з Няметчыны”. – “Будзем зноў маляваць?” – “Магу папазіраваць, толькі мушу Вас папярэдзіць пра апёк. Я абварыла нагу кіпенем. Раніцай хацела кавы папіць і вывернула кубак на сцягно. Цяпер у мяне чырвоная пляміна на скуры”. – “Вялікая?” – “Досыць вялікая”. – “Ну добра, заўтра паглядзім на твой апёк”. Апёк сапрыўды злосна чырванеў на сцягне. “Ты да доктара хадзіла?” – “Нічым не можам дапамагчы… Сказалі такое і яшчэ пасміхаліся”. Мне стала шкада Леру, але ніякіх спачуванняў я ёй не выказаў, маляваў так, нібыта ніякага апёку на сцягне зусім няма.

Падарунак з лікёрам

Пад Новы год натуршчыца Лера падаравала мне каробку ўкраінскіх цукерак з лікёрам; давялося расказаць, як я доўга і досыць пакутліва кідаў піць. “Вы нават кефір цяперака не п’ецё?” – “Нават кефір не п’ю!”

Сон і артыст

Натуршчыца Лера закахалася ў тэатральнага артыста. Ноч не спала. Заснула толькі пад раніцу. Таму яна і спазнілася на сеанс пазіравання. Давялося сказаць, што ніводны артыст не варты таго, каб з-за яго начамі не спаць. Лера зрабіла выгляд, што пагаджаецца.

Святочны вечар

Святочныя дні перапаўнены выпадковымі і неабавязковымі сустрэчамі. На мой жыццёвы парадак святы амаль не ўплываюць, хіба што такімі сустрэчамі даўніх знаёмых яны ўпрыгожваюцца. У кавярні "Акварыум" народу было поўна, таму і падсеў я за стол да сваёй натуршчыцы Леры. Яна з сяброўкаю частавалася паўсалодкім белым віном і пірожным. "Чаму Вы мне не тэлефануеце?" – спытала натуршчыца. "Бутэлькі з парфумаю пішу. Збіраюся патэлефанаваць і адкладаю. Яшчэ адзін нацюрморт з грушаю залатою напішу і абавязкова патэлефаную сваёй залатой натуршчыцы". – "Памалюем?" – "Канешне, памалюем". – "Калі?" – "Заўтра". – "Заўтра не змагу". – "Пазаўтра?" – "Змагу!" Заплаціўшы за віно, пірожнае, капучына і сваю моцную каву, я пайшоў у майстэрню разбіраць і пераглядаць малюнкі з Лераю. Святы святамі, а праца ў мастацтве перш за ўсё.

Пэндзлі і вучні

Пішучы акрылам, даводзіцца доўга і старана мыць пэндзлі. Не памый ты іх сваечасова, акрыл схопіцца, і пэндлі давядзецца выкінуць. На мыццё сыходзіць шмат часу. Сягоння падумаў: вазьму сабе вучня, які будзе мыць пэндзлікі. Уявіў студыю з вучням. Пішу аголеную Леру, а побач з ёю сядзіць вучань. Не! Такі малюнак мне не спадабаўся. Замест вучня маё ўяўленне памяняла на вучаніцу. Студыя з вучаніцаю выглядала значна лепей. Мне нават спадабалася карціна з аголенай Лераю і апранутай вучаніцаю. Толькі мая ўяўная Лера не ўпадабала вучаніцу. Яна адмовілася пазіраваць і сышла. Давядзецца самому мыць пэндзлі, прынамсі, яшчэ нейкі час.

Шкляны сабор, Лера і Тамара

Натуршчыца Лера паабяцала прыйсці і не прыйшла. На такі выпадак ёсць верныя мне бутэлькі і флаконы. На падваконні я выбудаваў з парфумных флаконаў і вінных бутэлек шкляны сабор, але маляваць не стаў. Затэлефанаваў да Тамары. Неўзабаве, яна сядзела ў фатэлі і пяшчотна пагладжвала свае лыткі. “Я крыху неахайная, не паспела пагаліць ногі. Люты, хаджу ў шчыльных панчохах і джынсах. Вас не бянтэжаць непаголеныя ногі?” – “Ты так далёка сядзіш, што мне і не відаць твая непаголенасць…” Насамрэч, я добра бачу цёмныя валасы на жаночых нагах, але яны мяне зусім не раздражняюць. “Вам добра, вы стаіце далёка ад маіх ног, а я сяджу побач з імі і бачу кожны валасок. Сёння ж пагалюся, прыйду дамоў і першае, што зраблю, акуратна пагалю ногі і самы ніз жывата…”