August 11th, 2010

07kiepka

Барселона 2010

Барселонскі нататнік - 6

6 ліпеня, аўторак. Січаз, Барселона

Жонка і цешча

Мне моцна ці нават жахіва не хапае ў жыцці цешчы – Яўгеніі Уладзіміраўны. Менавіта яе прысутнасць у старой кватэрцы на бульвары Шаўчэнка ўраўнаважвала маё жыццё. Недзе там, дзе была Яўгенія Уладзіміраўна, заўжды быў прыгатаваны абед, была талерка цёплага супу для мяне. Год, больш за год, як яе няма. Цяпер я пазбаўлены балансу. Я спрабую знайсці замену, але не знаходжу. Кожны чалавек незаменны, менавіта так думаецца, калі згадваю Яўгенію Уладзіміраўну… Сягоння жонка, убачыўшы старых жанчын з веерамі, сказала: “А недзе ў Тарагоне, на высокім гаўбцы сядзіць наша бабулечка Жэня і памахвае сабе веерам…” Мы памаўчалі, мы ішлі па чыгуначным вакзале і хавалі слёзы за чорнымі акулярамі.

Справы і вольнасць

Раней я быў пры справах – піў і курыў. Калі я не піў, дык адыходзіў ад папярэдняй п’янкі, гэта ў горшыя гадзіны, а ў лепшыя – рыхтаваўся выпіць. Кінуўшы піць, я курыў як толькі мог і дзе толькі мог. Піў каву і курыў. Яшчэ я трахаўся, але гэта не справа, гэта іншае, таму пра трах і іншым разам… Кінуўшы курыць, я застаўся без спраў. Вольны, як птушка!

Любоў і апошняе

Ён яе любіў да апошняй кроплі сваёй спермы…

Маці і ракаўка

Басцяючыся па сувенірных крамках… (А гэта кажа пра тое, што пара збіраць рэчы і выпраўляцца дамоў!) знайшоў сярод самых розных ракавак адну. Яна белая ў брунатныя вялікія кропкі. Памерам і формаю нагадвае піражок. Такі кропляны піражок быў у нас у Койданава. Ракаўка ляжала каля люстэрка, таму ў нас было ажно дзве ракаўкі. Прыкладзі да вуха – і пачуеш мора! Сорак гадоў назад памерла наша баба Ядзя, і ўсё ў тым койданаўскім доме перастала быць нашым, ну і ракаўка таксама. Цяпер можна было купіць ракаўку, прывезці з Барселоны ў Менск, прынесці да маці і сказаць… Што сказаць? Ты памятаеш? Лепей я зноў прывязу маме парфуму. Маці любіць перад прыходам сябровак надушыцца.

7 ліпеня, серада. Січаз, Барселона

Птушкі і сад

У гатэлі, дзе я спыніўся, ёсць сад з пальмамі, аліваю і жываплотам. У садзе шмат пташак: шпакі, сітаўкі, вераб’і, дзікія галубкі і салавей. Ранкам, недзе а пятай, яны пачынаюць спяваць, усе разам, нібыта па загадзе… У нумары горача, а спаць з кандыцыянерам не люблю, таму дзверы на гаўбец, што над садам, адчынены напоўніцу. Тыдзень як мяне будзяць пташкі… Сказаць, што вельмі прыемна быць пабуджаным яшчэ да ўсходу сонца птушынымі галаскамі, не скажу. Але лепей птушкі, чым будзільнік, які я называю Спявак.

Бітлы і Каталунія

Амаль што так і называлася кніга, на прэзентацыю якой я выпадкова патрапіў у барселонскім кнігагандлёвым цэнтры fnac. Народу было чалавек пад сто, што для прэзентацыі і выдатна. Я пачаў шукаць вачыма бубнача Рынга… А раптам! Макартні, канешне, у Барселону не паедзе. А Рынга мог бы і прыехаць, ён такі, ён наш… Рынга я не знайшоў. Дзеля прыстойнасці яшчэ пастаяў каля сцяны, палыбіўся і праз хвілін пяць сышоў. Я сыходзіў з цяжкаватымі думкамі... Дапісваю сваю кнігу пра выдатных людзей, якіх я ведаў і ведаю: пра Малішэўскага, Сыса, Карпейчыка, Русаву, Караткевіча, Маркаву, Хадыку, Хацкевіча... Дапішу, выдам кнігу, зладжу прэзентацыю ў кнігагандлёвым цэнтры “Ў”. А хто прыйдзе? Некалькі вучняў Хадыкі прыйдуць. Некалькі аматараў казак Караткевіча могуць завітаць. А могуць і не завітаць, бо Караткевіча не будзе. Можа, будзе Хацкевіч, калі прэзентацыя прыпадзе ў дзень паміж яго папярэднім і наступным запоем, але цвярозых дзён у ягоным цяперашнім жыцці значна меней, чым п’яных... Вучні Карпейчыка, хутчэй за ўсё, на прэзентацыю не пойдуць, бо не хадзілі яны на прэзентацыю “Монолога”, дзе я апублікаваў ягоны партрэт. Ці я іх не бачыў? Можа, я не пра тых людзей напісаў? Дык жа лепшых я і не ведаў. Ну такія ў мяне “Бітлы”, такі ў мяне ансамбль, такія станоўчыя героі малапатрэбныя, малазапатрабаваныя, недаацэненыя. Іншых няма і не будзе. Такое, бля, жыццё! Такія, бляха-муха, бітлы ў Каталуніі. Небяды, Македонскі таксама не прыходзіць на прэзентацыі падручнікаў па вайсковай гісторыі, а Сакрат не з’яўляецца на банкеты, зладжаныя з нагоды выхаду гісторыі філасофіі. Пераможцы не атрымліваюць нічога, бо пераможцы – мёртвыя.


8 ліпеня, чацьвер. Січаз, Барселона

Кніга і статусы

Зараз у нэце развялося шмат самаабвешчаных крытыкаў і літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў і мастакоў... З мастакамі яно неяк усё прасцей. Мастак збірае свае творы і робіць выставу. Нехта ў музеі, нехта ў палацы, а нехта на кватэры. Зрабіў выставу, адбылася падзея, і можна далей называцца мастаком. Канешне, і ў мастакоў ёсць завіхрэнні, калі купка малпавальнікаў рэальнасці самаабвяшчае сябе акадэмікамі. Але ў мастакоў такое глупства вылазіць не так часта, як у літаратараў, якія, не выдаўшы ніводнай кнігі, кажуць, што яны пісьменнікі, крытыкі і літаратуразнаўцы. Праз некаторы час гэтыя інтэрнэт- і газет-графаманы пачынаюць дадаваць да сваіх імёнаў не толькі слова “пісьменнік”, а і азначэнні кшталту – знаны, прызнаны, вядомы... Мне даўно напляваць на ўсе суполкі, на званні і ордэны, на клубы і чальцоў іх. Ніводнага з начальнікаў ні ў адным з творчых саюзаў у нашай Беларусі я не лічу больш здольным за сябе. Але пры ўсім пры гэтым я паважаю людзей, здатных ствараць і падтрымліваць іерархіі. Я супраць пераблытвання здаровага з хворым, разумнага з дурным, аматарства з прафесіяналізмам. Для мяне пісьменнікам, крытыкам і літаратуразнаўцам з’яўляецца аўтар кнігі. Проста і ясна. Каб звацца пісьменнікам, трэба мець кнігу.

Барселона і кучаравасць

Барселона ўся ў кучаравасці, уся ў завіхрэннях, уся ў вусенях і валютах. Барселона кучарава жыве. Калі ты жывеш у Барселоне, ты жывеш кучарава, лёгка, як белашумны грабеньчык хвалі.

*

Станцыя, гара-
чыня пякельная, цяг-
нік спазняецца...


9 ліпеня, пятніца. Січаз, Барселона

Раніца і вечар

Смажаным, крыху перагрэтым і перапаленым хлебам пахне Барселона ўранку, а ўвечары водары ў яе вільготныя, салёныя, вустрычныя...

Басё і сябры

Паэт-вандроўнік Басё выбраў сабе ў сябры вераб’я і матылька... У апошняй вандроўцы сябрамі мне былі: котка, што спала пад агаваю; зьмяя, якая ляцела над камянямі; дзікі галубок – тартула, калі па-іспанску.

Гламур і хлам

Глам – так прачыталася слова “гламур”. Не дачыталася, развалілася, непатрэбнае адскочыла, і застаўся глам. Засталося смецце, засталіся парэшткі мінулагодняй моды. Глам – непатрэбшчына, смецце, некалі вельмі моднае і папулярнае... Гламур, гламур, гламур... Яшчэ адно імгненне – і глам. Сумотна. Але глам адрозніваецца ад хлама тым, што некалі ён быў магічна ачаравальным, лакіраваным, бліскучым... Хлам такім ніколі ня быў.

Матрошка і фарбы

Матрошка – вельмі ўдалая канструкцыя для лялькі. Адна з самых удалых у свеце. Ёсць версія, што матрошку вынайшлі японцы. Можа і так, але разфарбоўваюць яе доўгі час рускія. Таму лагічна будзе выпусціць кнігу-разфарбоўку пра матрошку спачатку ў Расіі. А там, як пойдзе... Новыя і сучасныя фарбы не зашкодзяць вечнай канструкцыі, калі вялікае большае ахоўвае і хавае меншае маленечкае.

Уздрыгванне на скрыжаванні

Стоячы на скрыжаванні пад неміласэрдным сонцам, злавіў сябе на думцы, што мне прыемна адчуваць, як уздрыгвае зямля пад нагамі. Глыбока ўнізе пад скрыжаваннем імкліва праносіцца цягнік, зямля ўздрыгвае, мне прыемна, я нават адчуваю прахалоду, што заўжды мяне цешыць у барселонскіх электрычках...

Мора і карціна

Добра было б напісаць карціну з морам, але ўсё мора не змесціцца ў адну карціну. Трэба выбраць кавалак мора. Хаджу ўздоўж берага, прыглядаюся, выбіраю... Не магу выбраць, бо ўсе кавалкі выдатныя, адзін лепшы за другі. Як тут выбераш? Спыніцца немагчыма...
07kiepka

Залатая літара 2010

Разанаў і воплескі

Алесь Разанаў выдаў кніжачку "Воплескі даланёю адною". Я механічна пераклаў назву на рускую мову і моцна здзівіўся, бо атрымалася "Аплодисменты ладонью одной". Пэўна, Алесь хацеў сказаць нешта іншае. Ён з тых, хто хоча сказаць іншае, але не можа сказаць іншае.