August 8th, 2010

07kiepka

БІТВА БЛОГЕРАЎ 2010

Бітва блогераў 2010

23.86 КБ

3. НОЧ

Сталіца і сталічнікі

Апавяданне

Мы ішлі ў краму “Суседзі” па каньяк.

Калі мы выпраўляліся за дабаўкаю, Ігар Логвінаў сказаў: “Глобус з Акудовічам самыя маладыя, таму яны і пойдуць па каньяк!” Аргумент! Сказаць, што мы не самыя маладыя не выпадала. Я люблю хадзіць у начныя крамы з Акудовічам. Ён – надзейны. Ёсць людзі, з якімі я на адным полі эцюднік не пастаўлю, а з Валянцінам можна нават у горы ісці. Мне з ім цікава!

Мы гаварылі пра сваё месцячковае дзяцінства. Ён згадаў, як сядзеў з братам каля замерзлай шыбы, як яны прахуквалі ў лёдзе круглае вочка, каб бачыць вуліцу, каб глядзець на вялікі пазахатні свет. Яны чакалі машыну. У кожнага быў свой бок. Калі машына з’яўлялася леваруч, яна была Валянцінава; праваруч – братава. За дзень, за вялікі дзіцячы дзень, за цэлы працоўны дзень добра калі налічвалася пяць машын… Такі быў рытм жыцця. А я мог пазнаць па гуку рухавіка любы матацакл у сваім мястэчку Коданава. Іх, тых матацыклаў, было мала: “ява”, “мінскі”, “каўровец”, “іж” і “ка-семсот-пяцьдзесят”. Я ведаў іх галасы і вельмі тым ганарыўся…

Цяпер, цяпер мы крочылі сталічнай вуліцаю Кісялёва ў “Суседзі” па сыр, цыгарэты, мінералку і каньяк.

Валянцін узяў кока-колы, сказаўшы, што Ігар Б. любіць да каньяку яшчэ і колу. Сыр я ўзяў “малады расейскі” і памыліўся.

“Глобус, якая Вы скнара! Вы прынеслі “малады расейскі”! Фуууу!” – абурылася Даша. “Вы маглі б нас пачаставаць дарагім сырам, а вы прынеслі “малады расейскі”!” Мне не зрабілася сорамна, бо сыр замаўляла не Даша, а Стэфа. “Спадар Глобус, прынясіне нам сыру!” – прасіла Стэфа, калі мы з Акудовічам выпраўляліся ў “Суседзі”. Прынёс. Стэфа ўзрадаваласясь, а Даша закапрызілася. Даша яшчэ выпіла цэлую шклянку маёй мінералкі. Я знарок ўзяў сабе моцна газаванай вады, бо ў спёку газаваная яшчэ сяк-так п’ецца. Мне п’ецца.

А як усе ў гарачыню п’юць кан’як? Я бачу, як Ігар Логвінаў ды Ігар Б. з Валянціннам п’юць каньяк. Бачу як Максім, Стэфа і Даша п’юць шампанскае… Бачыць я бачу, але сам ня п’ю. Дапіўся. Кінуў. Даша, Стэфа і Максім п’юць другую пляшку шампанскага. А Ігар, Ігар і Валянцін дапіваюць другую бутэльку каньяку. Усе мы адзначаем у кнігарні “Ў” выхад кнігі! Але кнігі ў нас розныя… Я адзначаю з сябрамі выхад сваіх “Крутагорскіх казак”, а некаторыя мае сябра-таварышы адзначаюць выхад кнігі нейкага Шчура. Хто такі Шчур? Бог яго ведае. Ігар Б. заўсёды знойдзе нейкага паэта і выдасць брашурку з ягонымі тэксцікамі. Потым даводзіцца адзначаць выхад брашуркі… Паэт, зазвычай не з’яўляецца і не адзначае падзею. Такая цяперака пайшла завядзёнка: выстава жывапісу без мастакоў, прэзентацыя паэтычнага зборніка без паэта, філасофскі дыспут без філосафа… Галоўнае, што ўсе нешта п’юць. П’юць хто што хоча, і хто колькі можа сабе дазволіць…

Я пра гэта ўсім прысутным і сказаў! А яны мяне падтрымалі! Акудовіч і Жбанкоў сказалі, што трэба зладзіць вечарыну прысвечаную творчасці Глобуса без Глобуса. Ігар Б. іх прапанову горача падтрымаў. Мы скажам пра цябе ўсю праўду! Мы распавядзём прысутным пра ўсё тваё лайно! Мы створым вакол цябе новы кантэкст… А я? А ты на прыканцы вечарыны з’явішся з бутэлькай каньяку! Не, ты з’явішся на прыкацы вечарыны з вялізнай бутэлькай віскі!!! Віскі! Віскі!!!

Тут усе і заўважылі, то Даша самлела! Ёй зусім кепска зрабілася! Малады расейскі сыр ёй зашкодзіў, напэўна! Максім выклікаў таксоўку, і яна адразу ж прыйшла. Звычайна, чакай не дачакаешся, а тут вырасла каля ганка кнігарні “Ў”, як з-пад зямлі… Максім з Дашаю пакінулі кнігарню.

Я захмялеў, не піў а захмялеў. Так здараецца з тымі, хто доўга не піў і патрапіў у моцна праспіртаваную кумпанію.

Побач з кнігарняю, у кавярні “Малако” народ піў і весяліўся, піў і танчыў… Я схадзіў зірнуў. Мне прапанавалі папрацаваць барменам за выпіўку. Прапанавалі лысаму грабенчык! Я так і сказаў пра грабенчык! Тады мне прапанавалі сэкс з афіцыянткаю. Я не паверыў наконт сексу. Але спраўджваць не стаў. Вырашыў, што другім разам перагавару з афіцыянткаю сам, без памагатых, можа на што якое і дамоўлюся. Не трэба ўсё валіць у адну гурбу. І адзначанне выхаду кнігі казак, і начныя забавы ў кавярні “Малако”. Дарэчы, Акудовіч за выпіўку папрацаваў барманам. За выпіўку… Не будзем пара секс!

Без Дашы і Максіма ў кнігарні стала крыху прастарней. Але вызваленую прастору запоўнілі дзве дзяўчыны. “Можна мы паглядзім карціны?” – “У дванаццаць ночы?” – “Вы ж глядзіце карціны?” – “Мы?” Дзяўчаты паглядзелі карціны і сыйшлі.

Тут на сцэну і выйшла Стэфа: “Спадар Глобус, ты мяне правядзеш дамоў?” – “Стэфанія я магу цябе правесці толькі да дамка РСДРП! Выдатны дамок!” – “Не! Мне трэба на пляц Якуба Коласа, а не на пляц Перамогі! Глобус, ты мяне правядзеш?” – “Стэфа не лезь ты да гэтага Глобуса! Ён псуе жанчынам жыццё! Столькі жанчын мне скардзіліся на Глобуса…” – такога ад філосафа Акудовіча я не чакаў. Зусім не чакаў! І ад Ігара Б., які падтрымаў Валянціна Акудовіча, я не чакаў такога: “Правільна Валенцін гаворыць. Стэфа, не трэба табе лезці да Глобуса!” Толькі Ігар Логвінаў не асудзіў мае паводзіны, бо не паспеў асудзіць.

Кніжная шафа, разам з кнігамі павалілася на падлогу. Ігар Б. нязграбна на яе абапёрся, шафа завярнулася, кнігі пасыпаліся… На падлозе ўтварыўся вялікі нацюрморт з гурбы кніжак. Мне захацелася ўзяць і падпаліць тыя кнігі разам з шафаю. От бы гарэла!

Пасля такіх думак варта ісці на свежае начное паветра.

Я прайшоў праз бар “Малако”, выйшаў на праспект нашай і вашай Незалежнасці і нетаропка пашыбаваў у бок дамка, дзе некалі прайшоў першы з’езд Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі.

Вокны ў дамку былі цёмныя.