August 6th, 2010

07kiepka

(no subject)

Іофан і “Тыраназабойцы”

Скульптурную групу “Рабочы і калгасніца” я ніколі не лічыў жаночым мастацтвам, нягледзячы на тое, што аўтарства паўсюдна прыпісвалася колішняй вучаніцы Бурдэля – Мухінай. Яна і сапраўды была выканаўцам задумы архітэктара Іофана, які ў свой час працаваў над Палацам Саветаў у Маскве. Палац той мусіў стаяць на месцы зруйнаванага сабора Хрыста Выратавальніка. Палац не збудавалі, а храм аднавілі. На пачатку трыццатых гадоў дваццатага стагоддзя Іофан займаўся тым, што перапрацоўваў узоры антычныя пад патрэбы савецкай імперыі. Іофан і задумаў узяць скульптурную групу “Тыраназабойцы” і, злучыўшы яе з вобразам Нікі Самафракійскай, атрымаць выразны вобраз сучаснасці – рабочага з молатам і калгасніцу з сярпом. Мухіна выдатна выканала задуму Іофана. Матэрыял кампазіцыі цалкам адпавядаў тагачаснаму СССР – нержавеючая сталь.
07kiepka

Барселона 2010

Барселонскі нататнік - 5

4 ліпеня, нядзеля. Січаз

*

Нельга запісваць кулінарны рэцэпт на квітку з прыбіральні.

Страх і паверхі

У савецкай імперыі, як і ў постсавецкай Беларусі, я доўга не мог пазбыцца страху, што яны прыйдуць, арыштуюць, павядуць, павязуць і застрэляць. Хто – яны? Прадстаўнікі дзяржавы! І няважна мне іх вопратка. Няважна, ці ў цывільным яны, ці ў вайсковым, ці ў якім міліцыянтскім… Усе яны аднолькава жорсткія, аднолькава недальнабачныя і аднолькава будуць арыштаваныя, паведзеныя, павезеныя і пазабіваныя такімі ж сабепадобнымі. Я падоўгу ня мог заснуць, бо ледзь не на яве бачыліся і іх прыход і маё ўцёкі… Калі я жыў на высокіх паверхах, жыццё і засынанне былі больш страшныя, таму я перасяліўся і жыву на невысокіх паверхах, бо калі што якое, дык так проста мяне не возьмуць…

5 ліпеня, панядзелак, Січаз, Барселона

Японка і цукар

Свет мяняецца. Там, дзе раней было шмат японцаў, цяперака мноства кітайцаў… Дзеля адпаведнасці часу можна было б напісаць не пра японку, а пра кітаянку, але я хоць не вялікі антраполаг, але японку ад кітаянкі адрозню. Вопыт вандроўкі ў Тайланд даецца ў знакі. Дык вось… Японка пакінула дзіця ў вазку, каля рэстарацыйнага стала, а сама пайшла ў буфет выбіраць стравы. Раніцай за сняданкам у маім гатэлі, як і паўсюль – шведскі стол. Дзіцячы вазок з маленечкай японачкай стаяў непадалёк ад кававаркі, дзе я рабіў сабе эспрэса. Японачка трэсла каля вуха пакецік з цукрам. Трэсла-трэсла, пакуль пакецік не вытрасся з няўпэўненых пальчыкаў. Японачка зарумзала. Тут ужо і маці яе з’явілася, падняла з падлогі пакецік з цукрам і затрэсла ім каля дзіцячага вушка, нібыта бразготкаю. Ніколі не бачыў, каб пакецік з цукрам нехта выкарыстоўваў у якасці бразготкі. Геніяльнае вынаходніцтва мамы-японкі. Я правяраў. Цукар-пясок шархаціць аб паперу пяшчотна-пяшчотна.

Жоўць і могілкі

Каля могілак на лаўцы сядзеў сухі і мёртва-жоўты дзед. Выглядала на тое, што ён даўно мусіў не сядзець на лаўцы каля могілак, а спакойна адпачываць ва ўтульнай труне. Дзед сядзеў спінаю да могілак (цэментэрыі) і глядзеў на спакойнае ліпеньскае залітае сонцам мора, што ляжала за алівамі…

Вуліцы ў старым Січазе

Вуліцы ў старым Січазе такія вузкія, што калі па якой з іх праедзе на матаролеры курэц цыгары, дык вуліца пахне тытунём яшчэ хвілін пятнаццаць.