August 4th, 2010

07kiepka

(no subject)

1986 (?) Русава і фотаальбом

Люда любіла кнігі. Яна шмат разоў спрабавала сабраць сваю творчасць у альбом, у сшытак, у кнігу… І толькі аднойчы ў яе атрымалася зрабіць уласна кнігу, сваю фотакнігу пра вандроўку па Дняпры з Магілёва ў Кіеў. Яны паплылі ўтрох: Люда і два Ігары – Надашкевіч і Кашкурэвіч. У Кіеўскім моры яны думалі, што патонуць. Усчаўся вецер, узняліся хвалі, човен іх быў якраз пасярэдзіне штучнага, але вялікага мора. Сяк-так Ігары з Людаю выплылі. Ператрухалі яны моцна. Там, на беразе штучнага мора і скончыўся слащны паход украінкі і двух беларусаў. Там і задумаўся фотаальбомчык. Вярнуліся і зрабілі. Альбом дзівіў нешматлікіх гледачоў эратычнасцю. Ігары бессаромна разгульвалі па прыдняпроўскім пяску, трасучы чэлесамі. Паход па Дняпры, фотасесіі ды кніга – адзін з найбольш удалых праектаў Русавай.

P. S.
Ці захаваўся фотаальбом і здымкі з той вандроўкі? Не ведаю.
07kiepka

(no subject)

2010. Русава і Басаў

Ці ставілася Люда Русава да якога з жывых мінскіх мастакоў добра? Ці любіла яна чужы мінскі жывапіс? Ці было жыццё якога з мінскіх мастакоў ёй за прыклад? Так. На ўсе гэтыя пытанні ёсць станоўчы адказ, бо Люда паважала Басава, які моцна вылучаўся з натоўпу сквапных, нікчэмных, баязлівых пэцкуляў з іх сацыялістычным рэалізма-маразмам, з іх саюзам і камбінатам па вытворчасці халтуры, з ордэнамі-прэміямі-званнямі… Басаў паставіў каштоўнасць уласна жывапісу вышэй за прыстасавальніцтва. Басаў не выкарыстоўваў свой талент жывапісца, свае здольнасці мастака дзеля атрымання сацыяльных выгодаў. Ён не ўхваляў уладу. Басаў быў сумленны мастак. Русава яго паважала і ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і выданні кнігі пра Ізраіля Басава.
07kiepka

(no subject)

2010. Русава і паштоўка

Калі нехта дасціпны будзе ўважліва і нетаропка разбіраць архіў нябожчыцы Русавай, ён можа знайсці і паштоўку з выглядам Барселоны, сфатаграфаванай з птушынага палёту. Звычайная паштоўка для турыстаў, такіх прадаецца тысячы… Але ж горад які… Люда выпрасіла ў мяне паштоўку. Яна спадзявалася з’ездзіць у Барселону, на радзіму мадэрнізма. Такая звычайная мара ўсіх мастакоў-постмадэрністаў, у Люды Русавай так і не здзейснілася. Шкада. У Люды, як і ў яе папярэдніка мадэрніста Пікаса, быў блакітны перыяд. Блакіт на палотнах Пабла Пікаса з’явіўся менавіта ў Барселоне. Месячнае святло, блакітны горад пад поўняю, могілкі, пахавальныя шэсці, журба – матывы, якія пісаў Пікаса ў Барселоне. Люда мусіла гэта пабачыць. Але не лёс… Не лёс…
07kiepka

(no subject)

z Крыўда на сябе за спазненне

Спусціўся на эскалатары ў метро, а цягнік адыходзіць… Крыўда неверагодная! Ну мог бы крыху шыбчэй ісці? Мог! Ну мог бы не стаяць на сходах і не чытаць рэкламныя абвесткі на шчытах? Мог бы! Ну каб крышачку пазней пачуў “асцярожна…”, дык і паспеў бы, і зараз бы ехаў, а так стаіш і перабіраеш варыянты затрымак. Злуешся на сябе, на цягнік, на ўвесь падземны свет. Канешне, будзе наступны цягнік. Ён ужо ідзе. Колькі там таго чакання? І ўсё ж крыўдна. І крыўда тая не праходзіць нават тады, калі ты сеў вагон і спакойна едзеш.