August 2nd, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1992. Лямачка і нядзельны адпачынак на Менскім моры

Слава Лямачка маляваў трактарыстаў. Ён маляваў чорнаадзежных трактарыстаў тады, калі ўсе мастакі-халтуршчыкі малявалі пралетарыяў і сялян за савецкія рублі. Слава быў правільным студэнтам і мастаком. Сваёй правільнасці Лямачка не здраджваў; і, як толькі надыйшоў час маляваць Хрыста за даляры, Слава адразу ж перайшоў ад трактарыстаў да белахітонных апосталаў. Перайсці перайшоў, але ў душы застаўся верны сваім саўгаснікам-калгаснікам-трактарыстам і пралетарыям. Таму стоячы ў поўным аўтобусе ён падслухваў а потым усім пераказваў размову пралетарыяў. Тры пралетарыя ехалі ў панядзелак на завод. Яны ехалі, калі ў аўтобус зайшоў іх знаёмы чацьвёрты пралетарый. Тройка пачала ўшчуваць чацьвёртага… Мы набралі вінчыка і закусона, мы запрасілі дзевак, мы паехалі на Менскае мора, мы папілі, мы парыгалі-паблявалі-адпачылі! А ты? Хуля ты не паехаў?.. Лямачка столькі разоў распавёў падслуханую гісторыю пра выдатны выходны дзень на Менскім моры, што “паблявалі-адпачылі” прыжылося ў нашым мастакоўскім асяродку на доўгія-доўгія-доўгія гады
07kiepka

(no subject)

Z Яблыкі з Камароўкі

Апавяданне

Калі табе ў Менску зробіцца млосна і цяжка, схадзі на Камароўку. Я так і раблю. Там ёсць сакавітасць жыцця, слодыч цяперашняга імгнення, пругкасць, сіла і водар будычыні. Там такія жанчыны… Ёсць жанчыны-яблыкі, а ёсць жанчыны-грушы, а ёсць і залатыя грушы салодкія, як тыя жанчыны.

Яблыкамі і грушамі я люблю ўпрыгожваць сваё мастакоўскае атэлье. Нехта ўпрыгожвае жытло кветкамі, нехта любіць каб інтэр’ер напаўнялі творы мастацтва, а я люблю, каб у мяне ў майстэрні была свежая садавіна.

Каб кветкі можна было есці, я б упрыгожваў майстэрню кветкамі, але як ты з’ясі гладыёлус? Хіба ператворышся ў казачнага героя, які харчуецца выключна белымі гладыёлусамі. Такі казачны Глёбус з белым гладыёлусам на срэбным сподзе… Але казка казкаю, а жыццё жыццём.

Камароўка – тое месца ў горадзе, дзе казачнасць амаль выходзіць на паверхню рэальнасці. Прынамсі менавіта на Камароўцы збіраюцца самыя жывыя і зыркія колеры. Там самая казачная каляровасць, самы каляровы свет… У Менску толькі на Камароўцы можна ўбачыць водбліскі з райскага саду, таго праўдзіва райскага з Адамам і Ёваю, з дрэвам ведаў пра дабро і зло, з анёлам , які вынайшаў меч…

Там, на Камароўцы, я бачу і сваё далёкае дзяцінства, калі цэлую сыботу я з дзедам Бронікам збіраў белыя і чырвоныя парэчкі. Мы іх збіралі вельмі акуратна, і асцярожна складалі ў кашы. Тыя кашы ставіліся ў люльку матацыкла К-750, на якім мы ехалі з Койданава ў Менск, дзе на Камароўцы я тую парэчку прадаваў па 15 капеяк за шклянку. Я крыху пабойваўся, што мяне – другакласніка 73 менскай школы – пабачыць наша настаўніца Ганна Іванаўна Соладава. Што яна спытае, чаму гэта я тут стаю за прылаўкам са шклянкамі белых і чырвоных парэчак? Сустракацца і гаварыць з настаўніцаю мне зусім не хацелася, таму я апускаў кошт да 12 капеяк і хуценька распрадаваў свае кашы. Вядома, за апусканне коштаў на парэчку можна было і па галаве атрымаць, ад якой злыдушнай цёткі-гандляркі, але я не атрымліваў кухталёў за сваю ініцыятыву, бо малы, бо стаяць за прылаўкам цяжка, бо камароўскім цёткам гандляркам я падабаўся.

Я і цяпер падабаюся камароўскім прадавачкам. Схадзіў жа і праверыў. Падабаюся! І яны мне падабаюцца і падабаліся заўжды!

У Камароўкі ёсць адна цікавая здатнасць, яна ўвесь час змяняецца ў лепшы бок. Звычайна месцы, людзі, рэчы мяняюцца ў горшы бок. Старэюць, псуюцца, ломяцца, руйнуюцца, а Камароўка штонядзелю ўваскрасае па-сапраўднаму, і красуе, і зіхаціць…

Камароўка цешыць мяне, і цябе – спадзяюся, сваімі яблыкамі.