July 26th, 2010

07kiepka

(no subject)

1999. Русава і прах Шыдлоўскай

У Русавай быў муж – Ігар Кашкурэвіч. А ў Ігара таго была яшчэ да Русавай першая жонка – Алена Шыдлоўская. Усё, што прырода не дадала Русавай, яна шчодра насыпала Алене. У Шыдлоўскай была цудоўная смуглявая роўна-залацістая скура, ружовыя пазногці, вялікія роўныя бела-белыя зубы, малінавыя вусны, пластычная пастава, доўгія ды густыя валасы… Шыдлоўская была азіяцкай прынцэсаю, татарскай вядзьмаркаю, беларускай русалкаю, намацальнай і мажорна-жывой. Алена нарадзіла ад Ігара дачку. Ігар кінуў Алену і ўзяў сабе Люду Русаву. Люда не любіла Алену Шыдлоўскую, яна нагаворвала на яе, кляла яе і ў рэшце рэшт пракляла зусім. Яна яе пракляла так, што Шыдлоўская памерла. Канешне-канешне, Алена магла памерці і без праклёнаў Русавай, урачы запэўнілі ўсіх, што ў смерці вінаваты рак. Дачка спаліла маці, а прах з падмаскоўнага гарадка прывезла ў Менск. Яе бацькі Ігар тым часам жыў ужо ў трэцяй жонкі, недзе пад Берлінам. Дачка прынесла прах Шыдлоўскай у кватэру Люды Русавай. Люда патэлефанавала мне: “Што рабіць з прахам?” Вядома-вядома, каб я жыў у рамантычнай японскай аповесці, мы б з Русавай і дачкой Алены Шыдлоўскай пайшлі б на бераг суворага і няветлівага мора ды развеялі б попел у халодных вятрах. Але мы ўсе былі ў Менску. “Люда, ты ня ведаеш, што рабіць з прахам! Ты ня ведаеш, што з ім рабіць! Ты проста ня возьмеш прах. Адмовішся браць… А дачка? Дачка стане дарослай і ўсё зробіць правільна з прахам сваёй маці. Што б яна ні зрабіла, усё будзе правільна! Павер мне! Усё будзе правільна…”
07kiepka

(no subject)

Янусь і падземны пераход

Янусь быў заўсёднікам у менскіх барах. Зойдзе, возьме 50, пасядзіць, перакінецца словам з барманам і пераходзіць у наступны бар да сваіх чарговых 50 грамаў. У Януся была тэорыя, што першыя 50 бармэн налівае не шкадуючы. Насамрэч, бармэн заўжды не далье. Рука бармэна не памыліцца і пра сваю кішэню не забудзе ніколі. Але Янусь верыў у першыя 50 грамаў і хадзіў з бара ў бар. Так ён і зайшоў у “Чорную архідэю”. Чорны бар быў зусім маленечкі, калі не ведаеш, дык ніколі не знойдзеш… Ад дома-сядзібы Ваньковіча трэба прайсці каля дома Масонаў, а потым узняцца па завулку ў накірунку чэшскай амбасады, а там… На словах не растлумачыш. Пры нагодзе пакажу. У “Чорнай архідэі” Янусь здраджваў сваёй веры, ён замаўляў не 50, а двойчы па 50. Не мог стрымацца, бо калі і ёсць у свеце “божая раса”, дык гэта гарэлка ў чорным бары. У Януся ад сто грамаў вырасталі крылы. Ён адчуваў сябе дэманам. Так Янусь адчуў сябе дэманам у навальнічны вечар. Ён выпіў сотку і пайшоў на бераг Свіслачы, дзе ладзіліся народныя танцы. Музыкі гралі, народ піў піва і танчыў. На горад насунулася навальніца, і грымнуў пярун. Пасыпаўся дождж. Народ разгубіўся, бо музыка сціхла. Надыйшло імгненне дэмана. Янусь крыкнуў, што трэба хавацца ў метро. Напалоханыя ахоўнікі станцыі “Няміга” пазачынялі дзверы. Народ пачаў душыцца ў падземным пераходзе. Людзі тапталі людзей. Людзі валіліся на людзей. Людзі душылі людзей. З неба ліло. Маланкі асвятлялі натоўп іншасветным ззяннем. Дэман лунаў над натоўпам… Раніцай Януку моцна балела галава. Якраз тады я і сустрэў яго. Горад падлічвў ахвяры, а мы з Янусем пайшлі шукаць бар “Чорная архідэя”. Мы абмінулі дом-сядзібу Ваньковіча, прайшлі паўз дом Масонаў, узняліся завулкам у бок чэшскай амбасады. Там мы спыніліся, бо Янусь паказаў на старую цагляную сцяну і сказаў: “Чорт-чорт-чорт, якога д’ябла? Учора тут былі дзверы. Яшчэ ўчора тут былі дзверы…”
07kiepka

(no subject)

Штучнасць сумлення

Цяжка прыдумаць большую гідкасць за штучнае сумленне. Але гледзячы на нібыта сумленных і нібыта праўдзівых людзей, я пачынаю пераконвацца, што сумленне, калі і бывае ў жывой прыродзе, дык толькі фальшывае і дэкларатыўнае. Роспачныя думкі напаўняюць мяне. Больш за трыццаць градусаў у ценю, для Беларусі зусім цяжка.
07kiepka

(no subject)

2010. Мікалай і хуткая смерць

У Мікалая памірае тата. Цяжка, доўга, пакутліва. На пятах у яго пролежні, а ён капрызіцца, як тое дзіця, не хоча класціся на бок. Мікалай жадае сабе хуткай смерці ў маладым веку. Але ці мала што мы сабе панавыдумляем…
07kiepka

Залатая літара 2008-2010

Анёл і “чепуха”

Убачыў кніжку пра анёла і падумаў, што пра анёлаў можна пісаць толькі “чепуху”. У нашай мове нават слова такога пухнатага, пыхлівага і пухкага няма. У рускіх ёсць. Пазычу яго дзеля такой справы, як пісаніна пра анёла. Можна было б сказаць, замест “чепуха”, пусцяковіна ці бязглуздзіцы, лухта ці глупства. Але гэта ж не ў кропку, бо ў кропку партапіла “чепуха”. Анёлы складаюцца выключна з “чепухи”, адценні ў яе могуць быць самыя разнастайныя ад бяздарна-ружовага да таленавіта-белага. Кніжка, якую я пабачыў, блякла-блакітная і не “чепуховая” зусім. Дрэнь а не кніга, а ўсё ж натхніла мяне на развагі пра “че-пу-ху”!