July 24th, 2010

07kiepka

Барселона 2010

Барселонскі нататнік-2


23 чэрвеня, серада. Січаз, Барселона

Аліва і мой адпачынак

Снедаю і вячэраю пад старой аліваю. Яна значна старэйшая за гатэль, у якім я спыняюся раз дзесяты. Гатэлю гадоў пад трыццаць, а дрэву? Ня ведаю… Колькі растуць алівы? Ёсць паданні, што некаторым рошчам з алівамі ледзь не тысячу гадоў. Дрэву, пад якім я снедаю, больш як пяцьдзесят гадоў, яно старэйшае за мяне. Я навучыўся штораніцу і штовечар любавацца аліваю. Не так і мала, скажу табе.

24 чэрвеня, чацвер, Січаз

2010. Люда і з’яўленні

Людзі, якіх пахавалі ў зямлю звычайным чынам, у дашчатай труне, калі і з’яўляюцца да мяне, дык прыходзяць у сваім пазнавальным абліччы. Люду спалілі. Яна з’явілася да мяне ў выглядзе шэра-папяловага слупа. Паўпразрыста-дымны слуп толькі расплывістымі абрысамі нагадваў чалавека, нагадваў нябожчыцу Люду Русаву, якая і пасля смерці спрабуе ствараць перфоманс.

Кароткая ноч

За ноч я прачнуўся разоў сорак. Каталонцы святкавалі ноч святога Хуана-Жуана. Яны ўзрывалі петарды і запускалі ў чорнае неба рознаколерныя ракеты. Цэлу ноч… Ці святкаваў хто ноч на Івана Купалу? Ці знайшоў хто чароўную папараць-кветку? Не так і важна гэта ўсё, як і тое, што я сорак разоў прачнуўся… Важна іншае. Важна, што ў найкарацейшую ноч шмат хто знайшоў сваё каханне, сваё доўгае каханне. Калі пашанцуе, дык каханне на ўсё астатняе жыццё…

Дзікія галубы

У Січазе неяк паболела дзікіх галубоў, і яны зрабіліся менш палахлівыя. А мо гэта я, на іх розум птушыны, цяпер уяўляю меншую небяспеку?

Ахвяры самай кароткай начы

У мястэчку Кастэль дэ Фельд, што стаіць паміж Січазам і Барселонаю, уночы з 23 на 24 чэрвеня загінула пад цягніком 13 маладых людзей… Падрабязнасцяў трагедыі ня ведаю. Жуан-Хуан-Іван Купала забраў свае ахвяры. Нічога больш і не напішаш.

25 чэрвеня, пятніца. Січаз, Барселона

Электрычка і губны гармонік

Каб з’ездзіць у Барселону, давялося больш за гадзіну чакаць электрычку. Зразумела… 13 чалавек загінула на суседняй станцыі. Следчыя дзеянні. Таму электрычка была поўнай, як агурок семкамі, набітая змучанымі і злымі людзьмі. Каля мяне сядзела на руках у маці капрызлівае дзіця. Хлопчык енчыў ледзь не ўсю дарогу ад Січаза да Барселоны. Енчыў ён і ў Кастэль дэ Фельдзе, дзе пагінулі хлопцы і дзяўчаты, якія паспрабавалі перабегчы са станцыі на пляж перад хуткасным цягніком Rente. Не перабеглі… Я думаў якраз пра іх, калі заграў на губным гармоніку цыган. Ён грае ў прыгарадных электрычках і метро, звычайны музыка-жабрак. Я нават аднойчы яго пашкадаваў, калі на “ягоную” электрычку селі саксафаніст з акардыяністам, сабралі цэнты паперадзе яго – старога цыгана. Ён пачаў быў сварыцца з саксафаністам, але аднаму губному гармоніку было слабо пабіцца з саксафонам і акардыёнам. Я яго пашкадаваў. А цяпер ён грае на станцыі, дзе не паспелі змыць кроў ад начного здарэння. Вырадак… Не музыка, не мастак… Правільна. Што яго выдушваюць іншыя жабракі.

Жывапіс і мода

У барселонскай галерэйцы сУчаснага мастацтва раптам заўважыў, што большасць з палотнаў выйшлі з моды. Яшчэ ўчора яны былі модныя: краявіды з фарбаў вырві-вока, партрэты машынак і караблікаў, нацюрморты з гліняным посудам сумнеўнага паходжання… Сягоння такія карціны глядзяцца старым барахлом. Мастакоў, што жылі з вытворчасці падобных карцін, а цяпер шукаюць іншую працу, мне не шкада.

Мінулае і будучае

Старасць – гэта калі ты выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што ўсе пераапрануліся ў новае і свежае, а ты не паспеў. Ты спазніўся… Такая непрыемнасць! І разам з тым ня варта прыспешваць будучыню. Ня варта жыць як будучым, так і мінулым, трэба любіць і разумець свой час з маладосцю і старасцю.

Жонка і сукенка

Набылі жонцы сукенку сталёва-шэра-блакітную за васемсот еўра. У ёй жонка будзе ладзіць прэзентацыю сваёй кнігі “Жанчыны Манака” у Монтэ-Карла.

26 чэрвеня, сыбота. Січаз, Барселона

Траўмапункты і чырвоныя чалавечкі

Яшчэ толькі пачыналася свята святога Хуана, а ў мяне ўсплыло ў памяці слова “траўмапункт”. Я так і сказаў жонцы (можаш у яе перапытаць!): “Траўмапункты будуць працаваць усю ноч!” Свята пачалося з таго, што дзеці пачалі падпальваць петарды. Каталонія пачала страляць. Пташкі не знаходзілі сабе месца. Мы з жонкаю бачылі, як вешаўся сабака. Мы бачылі, як ён пачынаў вешацца… Гаспадар пасадзіў свайго сабаку на ланцуг і пакінуў на гаўбцы. Пачалася страляніна. Пераляканая жывёла скокнула праз парэнчы і павісла. Я падумаў быў, што сабака пачуў чужых і кінуўся на мяне з жонкай. “Ціха-ціха! Ты што?” – пачаў супакойваць я жывёлу. Сабака ускараскаўся на гаўбец, але праз якую хвіліну ён зноўку скочыў з гаўбца і павіс. Я зноўку пачаў сабаку хваліць: “Харошы! Харошы! Харошы…” Ён узлез на гаўбец. Мы з жонкаю пачакалі колькі хвілінаў пад гаўбцом і сышлі… Наступнай раніцай мы даведаліся пра смерць на чыгунцы. У газеце намалявалі 13 чорных чалавечкаў – загінулыя і 17 чырвоных чалавечкаў – параненыя. Мяне моцна ўразіў малюнак з чырвонымі чалавечкамі, бо большасць загінулых было з Эквадора. Увечары мы з жонкай сходзілі пад гаўбец, на якім вешаўся сабака. Ланцуг ляжаў на зямлі побач з місаю, поўнай сабачага корму. Шкло, якім быў агароджаны гаўбец, у двух месцах было моцна паразбіванае. У кутку гаўбца стаяла швабра. Карацей, слова “траўмапункт” я ўспомніў не выпадкова.
07kiepka

(no subject)

Гётэ і эканамічны крызіс

Ад эканамічнага крызіса моцна пацярпелі шмат якія з еўрапейскіх краін. У цяжкае фінансавае становішча трапіла Латвія, няне на шмат лепшы стан і ў Літве. Найбольш пацярпела Грэцыя. Незадаволенасць народаў эканамічнай палітыкай урадаў выліваецца ў шматлюдныя дэманстрацыі ды сутычкі дэманстрантаў з паліцыянтамі. У гэтых абставінах цікава гучыць заклік Гётэ: “Хай усялякі па-свойму будзе грэкам!” Вядома, паэт у рамантычным парыве заклікаў быць элінам, быць старажытным грэкам, быць спадкаемцам вялікай антычнай культуры… Гётэ заклікаў быць чыстым і верыць у ідэалы. Цяпер яго заклік можна прачытаць і як прапанову падзяліць наступствы сусветнага эканамічнага заняпаду паміж рознымі краінамі і людзьмі. І падзялілі, і менавіта радзіма Гётэ больш за астатніх дапамагла сучасным грэкам.
07kiepka

(no subject)

115.61 КБ

Купіў сабе шапку, каб ратавала ад сонца... Горача ў ёй.
Не магу прызвычаіцца летам у шапцы хадзіць (((
07kiepka

(no subject)

Гітлер, Розенберг і плоскі дах

Сраныя мастакі! Сраныя пісьменнікі! Сранае мастацтва і літаратура!!! Столькі разоў я чуў гэтыя выказванні, але ня ведаў аўтара. Як высветлілася: сранае мастацтва – Afterkunst - еэрмін прыдуманы ў 1937 годзе Розенбергам. А ягоны сябрук абвінаваціў тым часам яўрэяў у выдумлянні абстрактнага жывапісу, канструктывісцкай архітэктуры і плоскіх дахаў. Гітлер не любіў плоскія дахі, канструктывізм, абстракцыянізм. Чым скончылі Гітлер з Розенбергам, усе ведаюць, але шмат хто зноў пачынае гнаць на пісьменнікаў і мастакоў, зноў ажыўляе тэрмін Afterkunst.