July 23rd, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1973. Русава і сур’ёзнасць

Яна спрабавала быць сур’ёзнай. Яна дзеля сваёй уяўнай сур’ёзнасці манціравалася з вялікімі мастакамі-папярэднікамі, кшталту Малевіча і Ван Гога. Яна манціравалася з Ван Гогам, а трапляла ў кампанію да прафесара Міхася Раманюка, які жартам паабяцаў яе ўвекавечыць за першы беларускі перфоманс. Дзеля той жа сур’ёзнасці Люда Русава адмаўлялася супрацоўнічаць з перыядычнымі выданнямі для масавага спажыўца, а ў выніку пра яе пісалі ў тупых прафкрытыністычных выданнях куртатаслоўныя ідыёткі. Са сваёй напышлівай сур’ёзнасцю Люда выглядала трагікамічна. У выніку яе сур’ёзнасці ўсім зрабілася цяжка глядзець на хворую, злую, неадэкватную, старую бабу. Ад Люды адвярнуліся яе вучні і сябры, яе ўсе пакінулі. Яна памерла сам-насам са сваёй неўтаймаванай сур’ёзнасцю.
07kiepka

(no subject)

1999. Люда і валасы

У яе былі кепскія валасы. Яна іх стрыгла, фарбавала, згольвала… Яна здзеквалася не толькі са сваіх валасоў, але здзек над валасамі быў навідавоку… Таму чужыя людзі запомнілі яе ў шапачках ды хустачках. Таму і самы знакаміты перфоманс Люды Русавай быў звязыны з валасамі… Аёй-аёй! Выбачай! Я прадам наперад інтрыгу перфоманса! Ніхто нікога не забіў! Ха-ха-ха! Цяпер адпачатку… Па горадзе папаўзлі чуткі, што падчас чарговага перфомансу Русава адсячэ нейкай дзеўцы галаву. Маўляў, дзяўчынка вырашыла скончыць жыццё самагубствам менавіта ў час мастацкага дзеяння. Народ сабраўся. Русава адсекла асістэнтцы валасы. Люда заўжды замахвалася на ролю ката, а сканчала гульнёю ў цырульніцу. У гэтым наогул слабкасць перфоманса як такога. Кепскі сцэнар, падманы, кепскі актор, мастачкоўская сцыклівасць, калі замест крыважэрнага чалавека-забойцы мы бачым цырульніцу-няўмеку. Сорам ахоплівае гледачоў. За Русаву мне было сорамна шмат разоў, было сорамна за яе лысую любімую галаву.
07kiepka

(no subject)

2010. Русава і артыстызм

У кожнага, хто старанна вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, з’яўлялася жаданне паспрабаваць сябе ў ролі артыста… Не важна, куды ты паступіў, на скульптуру ці на прамысловы дызайн, на кніжную графіку ці на банальны карцінны жывапіс – раней ці пазней ты абавязкова апынаўся на сцэне ці на здымачнай пляцоўцы, а там ужо як карта ляжа. Мастакі ніколі не прайгравалі на сцэне ўласна артыстам, прынамсі ў сценах тэатральна-мастацкага інстытута, а далей… Далей мала хто з мастакоў пераходзіў у прафесійныя артысты ці тэлевізійшчыкі. Мастакі заставаліся мастакамі, артысты артыстамі. Але мастакам хацелася давесці сваю перавагу зноў і зноў. А тут якраз новы жанр мастацтва з’явіўся – перфоманс. І можна самому напісаць маленькую п’есу, і можна сабраць публіку і тую п’есу самому ці з сябрамі хуценька сыграць. Люда Русава пісала п’ескі, сама іх прылюдна выконвала. У свае п’ескі яна спрабавала ўкладаць вялікую колькасць розных сімвалаў і сэнсаў. Сэнсы і сімвалы не ўкладаліся. Русава заставалася малавядомай артысткай. Яна заставалася і засталася да канца жыцця малавядомым мастаком. Яна так хацела, каб яе пазнавалі на вуліцы, а яе не пазнавалі ні на вуліцы ні ў метро. У нешматлікіх інтэрв’ю Люда казала, што не хоча быць знакамітай і пазнавальнай артысткаю. Какетлівая жаночая хлусня. У Люды Русавай не атрымалася быць знакамітай пры жыцці. Наўрад ці ў яе гэта атрымаецца і пасля смерці. Але яе жыццё, ператворанае ў артыстычны перфоманс, было цяжкае, цікавае і змястоўнае.
07kiepka

(no subject)

2010. Люда і з’яўленні нябожчыкаў

Людзі, якіх пахавалі ў зямлю звычайным чынам, у дашчатай труне, калі і з’яўляюцца да мяне, дык прыходзяць у сваім пазнавальным абліччы. Люду спалілі. Яна з’явілася да мяне ў выглядзе шэра-папяловага слупа. Паўпразрыста-дымны слуп толькі расплывістымі абрысамі нагадваў чалавека, нагадваў нябожчыцу Люду Русаву, якая і пасля смерці спрабуе ствараць перфоманс.
07kiepka

(no subject)

Белая бяроза і каханка лётчыка

Лётчыку прысніўся сон-катастрофа. Снілася: самалёт чапляецца крылом за дрэва, падае, б’ецца аб зямлю, развальваецца на кавалкі і гарыць. Лётчык, зразумела, не паверыў у прарочасць пабачанага ў сне. Ён ведаў, што металічнае крыло лёгка ссячэ дрэва. Каб гэты сон прысніўся гаспадару самалёта, усё магло быць інакш. Але сон-катастрофа прыбачыўся не таму чалавеку… Лётчык заняў сваё месца, гаспадарар уладкаваўся ў скураным фатэлі, і яны паляцелі. Яны ўжо падляталі да кропкі прызначэння, калі высвятлілася: узлётна-пасадачная паласа шчыльна заслана густым туманам. Лётчык паспадзяваўся на свой вопыт, а гаспадар – на свой авіялайнер. Спадзевы былі памылковыя. Самалёт зачапіўся крылом за Белую бярозу, завярнуўся, паляцеў на зямлю, грымнуўся, разваліўся і згарэў. Белая бяроза знішчыла вялізарны поўны пасажыраў авіалайнер… Пра свой прарочы сон-катастрофу лётчык паспеў распавесці адно каханцы. Ёй не паверылі, бо ніхто і ведаць ня ведаў, што ў лётчыка была нейкая там каханка, з якой ён раз на тыдзень спаў і бачыў прарочыя сны.
07kiepka

ART-HLOBUS

121.59 КБ

Адам Глобус "Вечаровае сонца над Барселонаю" 2010 год.
Бясплатны квіток у дом Гаўдзі, фламастар 52х90 мм.