July 19th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010. Русава і парадаксальнасць

Люда была прадказальнай, а не парадаксальнай, як ёй гэта бачылася. Яшчэ ў юнацтве Люда Русава абсалютызавала акт творчасці. Жыццё без мастацтва і жыццё па-за мастацтвам яе не цікавіла. Нават сэкс яна спрабавала падпарадкаваць мастацтву, нават смерць ёй бачылася творчым здзяйсненеем. Таму жыццё Люды Русавай часцяком выглядала бязглуздым, недарэчным, выглядала пластылінавай нялепіцаю. Нібыта, яна паспрабавала падужацца з багамі, паспрабавала з тлену выляпіць форму і ўдыхнуць у штучнавылепленае цела жывую пульсацыю. Не атрымалася! Пластылін застаўся сабачым тлушчам. Чорны пластылін застаўся ў руках Русавай чорным пластылінам, што прадказальна.
07kiepka

(no subject)

z Постмадэрнізм і татарцы з грузінцамі

Убачыў слова “абстракцывізм” замест звыклага “абстракцыянізм”. Куртатае і штучна зробленае слоўца нагадала мне пра абітурыентак з Малдавіі, якія называлі татараў “татарцамі” а грузінаў “грузінцамі”. Калі ўкраінцы і літоўцы, тады татарцы і грузінцы! Так разважалі маладзенькія мастачкі, якіх я вучыў ў маскоўскім інтэрнаце асновам архітэктурнай кампазіцыі. Дзяўчаты былі здольнымі, і хутка іх татарцы зрабіліся татарамі, а іх грузінцы – грузінамі. Каб жа так проста было і ў мастацтвазнаўцаў! Не! Яны постмадэрнізм называюць “постмадэрнам”, і не разумеюць, што гэта ж тое самае, як малдаван называць малдаванцамі. Нават горш! Цяпер яшчэ “абстракцывізм” з’явіўся… Смешна. Ад сур’ёзнасці мастацвазнаўцаў мне смешна.
07kiepka

(no subject)

2010. Брыль і торф

Ад савецкай прозы Янкі Брыля тхне торфам. Сухім, перасушаным, пыльным торфам патыхае ягоная сентыментальнасць і ягоны навыдумляны пазітывізм. І разам з гэтым брылёўскі празаічны торф на сто адсоткаў беларускі, крыху прыцярушын пшэцкасцю ды трохі падмочаны маскалюжнасцю, але адназначна і незваротна беларускі. Такой арганічнай беларускасці не было ні ў Шамякіна, ні ў Быкава, ні ў Панчанкі.
07kiepka

(no subject)

Бліскучая рыдлёўка

Бяздзетныя муж з жонкаю любілі гарод. Яны вырошчвалі гуркі ды гарбузы, даглядалі буракі ды моркву, палівалі памідоры ды кроп так, як ніто ў мястэчку. Пацісоны, часнык ды цыбуля вырасталі ў іх узорным гародзе да неверагодных памераў. Гароднікі вельмі ганарыліся сваімі сельскагаспадарчымі культурнымі дасягненнямі. А калі надарылася магчымасць узяць пад гарод яшчэ адзін кавалак зямлі, муж з жонкаю яго ўзялі. Яны не надта пераймаліся, што занялі зямлю не законна. У калгасе не хапала людзей, каб апрацаваць усе палі. Таму старшыня і прыплюшчыў вочы, і нібыта не бачыў самазахопу. Стараныя гароднікі за лесам насадзілі бульбы. Даглядаць свой гарод і самазахопленую зямлю было цяжка. Жанчына падарвалася і памерла. Удавец пахаваў гаротніцу-гародніцу і прыйшоў за лес, да бульбы, каб легчы на сырую зямлю ды выплакацца. Гора мужчыны падвоілася, бо пабачыў ён старога, які Бліскучай рыдлёўкаю выкопваў маладую бульбу. “Што ж ты, пень трухлявы, маю маладзенькую бульбу крадзеш?” – “Не твая тут зямля, не твая і бульба!” – стары ўзняў на мужчыну Бліскучую рыдлёўку – не падлазь, засяку. “Зямля не мая! Але ж бульбу я пасадзіў сваю, пасадзіў яе разам з жонкаю, якая падарвалася на гэтым трыклятым полі і заўчасна згасла… А ты, спарахнелы грыб, якое маеш права на гэтае поле?” – “Тут мая зямля! Яе ў мяне гвалтам забралі! Я паспрабаваў зямлю бараніць, але мяне тут вось і застрэлілі-забілі ды закапалі. Як гаспадар, я выходжу з-пад зямлі і правяраю, як на маім полі справы ідуць і як бульба родзіць! Калі ты такі спраўны гароднік, калі гора тваё такое вялікае, калі ты любіш нашу зямлю, я табе мушу дапамагчы і дапамагу. Трымай Бліскучую рыдлёўку!!! Праз тры дні і тры ночы пойдзеш на могілкі і адкапаеш жонку,” – мужчына нават угледзіць ня ўгледзіў куды і як прапаў стары гаспадар. Праз тры дні і тры ночы, новы ўладар Бліскучай рыдлёўкі пайшоў на могілкі, адкапаў нябожчыцу, а тая ажыла. Муж хацеў быў паказаць жонцы чароўную Бліскучую рыдлёўку, але цудадзейнай рэчы нідзе не было. Колькі не шукалі, так і не знайшлі.
07kiepka

(no subject)

227.42 КБ

2010. Жонка, дачка і жанчыны з Манака

Нарэшце ў Менск з Манака прыйшоў сігнальны асобнік жончынай фотакнігі “Жанчыны Манака”. Гэта ўжо чацьвёрты альбом з яе серыі “Жанчыны Еўропы”. Найбольш удала атрымаліся вобразы Сафіі аль Рашыд і Монікі Бакардзі. Кніга зроблена ў дзвух мовах: ангельскай і французскай. Парадавала яшчэ і тое, што вёрстку кнігі, калажы і апрацоўку здымкаў зрабіла наша дачка – Ядзя. Самае слабое месца ў кнізе – вокладка. Самае моцнае – кошт 50 еўра.