July 18th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010. Мама і лішак вагі

Паскардзіўся маці, што, кінуўшы паліць, набраў лішнія сем кілаграмаў. Мама паспачувала і распавяла, як, кінуўшы паліць, гэтаксама пачала набіраць вагу: “Каб яшчэ наш тата, мой Чэсь, быў жывы, дык дзеля яго скінула б вагу. А так… Мне было ўсё адно, як я выглядаю. Цяпер я даглядаю сябе, каб хадзіць і нікога не турбаваць сваёй прысутнасцю ў гэтым свеце”. Мама, як і заўжды, мела рацыю. Мы глядзім сябе дзеля іншых, а не дзеля сябе. Нам бы і хацелася, каб дзеля сябе, а ўсё адно мы скідваем вагу, кідаем піць і курыць дзеля іншых.
07kiepka

(no subject)

2010. Русава і Архангельская

Большасць з мастакоў піша і чытае вершы. Большасць з іх захапляецца паэзіяй. Праўда, праўда. Але, чытаючы тэксцікі, напісаныя мастачкаю, кшталту Люды Русавай, карціць зрабіць абагульненне: мастакі не разумеюць паэзіі. Вядома, гэта не так. Далёка не кожны мастак возьме пашлаваты, у сваім штучным і запозненым дысідэнстве, псеўданім Архангельская. Далёка не кожны пачне пакрэмзаную і размалёваную паперу выдаваць за авангардную паэзію. Русава зрабіла менавіта так. Яна ўзяла псеўданім Архангельская, бо нарадзілася ў Архангельскай вобласці. Пад гэтым псеўданімам выдала том з абракадабрычнымі тэкстамі ды паспрабавала прадаць гэта ўсё за паэзію. Акцыя выглядала драматычна... Зрэшты, усё зробленае Русавай глядзелася і глядзіцца драматычна. Але акцыя з гульнёю ў паэзію была ганебнай паразаю. Выдадзеныя кнігі так і засталіся ляжаць мёртвым грузам у аднапакаёўцы аўтаркі. Дзіўна, але ў Люды хапіла мужнасці прызнаць паразу. Зазвычай, у такіх выпадках людзі не прызнаюць правал, яны абвінавачваюць наваколле ў дурасці ды тупасці. Русава пагадзілася, што яна не паэт. Прынамсі, у нашых размовах яна з гэтым пагаджалася лёгка… Згарэла, ачахла, астыла, халодны попел… У кнізе тэкстаў Архангельскай ёсць толькі халодна-шэры попел, агню тамака няма, ніводнага пялёстка.
07kiepka

(no subject)

2010-1978. Русава і Шымрук

Люда Русава вучылася ў тэатральна-мастацкім інстытуце на манументальным аддзяленні мастацкага факультэта. Вучылася з вялікімі складанасцямі, бо роспісы і вітражы цяжкія ў вытворчасці, а менавіта іх вучылі выштукоўваць на манументальным аддзяленні. З трыццаці студэнтаў сярод манументалістаў было тры дзяўчыны. Яны з’яўляліся, бо іх бралі за пол, а не за здольнасці. Павінны быць жанчыны, і яны былі: Карэлкіна, Шымрук і Русава. Вучыцца ў інстытуце было так складана, што, напрыклад, у групе Русавай на чацьвёртым курсе засталася адна Русава. Каб неяк выправіць сітуацыю, да Русавай перавялі дваіх халтуршчыкаў з аддзялення інтер’еру. Русава малявала похвы і сперматазоіды, спіралі і яйцы. Яна малявала ў духу пазнейшых узораў нямецкага экспрэсіянізму Ота Дыкса і Ганса Грундзіга. Яна малявала апантана, адчайна, па-вар’яцку. Выкладчыкі маўчалі. Яны ненавідзелі Люду Русаву, але яны не маглі яе выгнаць, бо яна засталася адна з тых, хто паступіў. Выгнаць яе – азначала паказаць сваю слабасць як педагогаў. Выкладчыкі замест Русавай выгналі яе сяброўку – Шымрук. Гнюсны ўчынак. Канешне, Шымрук таксма малявала разяўленыя похвы ды гнілыя яблыкі ў руках сУчасных Еў. На фоне соцрэалістычных карцінак з лабатымі Ленінымі ды манернымі камсамольцамі гнілы яблык у руцэ біблейскай Евы глядзеўся дысідэнствам. Але выганяць Шымрук замест Русавай было мярзотнасцю. Выгналі. Русава сказала, што для Шымрук так нават і лепей. Сапраўды, яна кінула мастацтва, зажыла ціхім і звычайным чынам. Казалі, што Шымрук знайшла сваё шчасце. Не веру, але дапускаю і такую версію са знойдзеным шчасцем у лёсе Шымрук. Русава свайго шчасця не знайшла. Дакладна: не знайшла. Ахвяра ў выглядзе Шымрук была дарэмнай, як і большасць нашых ахвяр.
07kiepka

(no subject)

1968. Бронюсь і касцёл

Думалі: ён ходзіць у касцёл маліцца, а ён – сівагрывы Бронюсь – завітваў пад скляпенні, каб крыху паспаць у халадку.
07kiepka

ART-HLOBUS

122.74 КБ

Адам Глобус "Рыба" 2010 год. Кавалак каталогу з нейкай выставы, акрыл 9х15 см.
Няма мастака, які б не намаляваў сабе такую ці падобную рыбу...
Я паглядзеў, апробваў новы пэндлік, атрымаў сваю "рыбу" )))