July 16th, 2010

07kiepka

(no subject)

Дама і Сабака-табака

Чалавек бярэ да сябе жывёлу, каб любіць. Ён яе корміць, даглядае, лекуе, калі спатрэбіцца. Ён перажывае за любімца. Так звычайна і бывае. Дама, пара якую пойдзе гаворка, набыла сабе сабаку, каб было на кім злосць зрываць. Дама ўзяла ў дом звярка, каб крычаць на яго і каб яго біць. Дама здзеквалася з сабакі, а калі надакучыў, завярнула на яго шафу з адзежаю ды абуткам. Шафа расціснула сабаку, як кухар-пекар кураня, і звярок стаў Сабака-табака. Дама выкінула расціснутае цельца ў смеццеправод. Суседзям сказала, што Сабака-табака – вынік неспрыяльных абставінаў. Яна перасоўвала мэблю, а ён падлез-падсунуўся-падкруціўся не ў той час ды яшчэ і ня ў тое месца. Суседзі нават спачувалі даме, якая нібыта згубіла нібыта любімца. Суседзі думалі, што дама напраўду моцна любіла сабаку. А што яны маглі падумаць, калі гэтая дама праз дзень завяла сябе новага сабаку, рыхтых Сабака-табака? Пэўна, дама папіхнула б шафу і на новага нелюбімца, але ёй у сне з’явіўся Сабака-табака і напужаў-настрашыў-напалохаў так, што дама не змагла прачнуцца. Адпомсціў за здзекі.
07kiepka

(no subject)

2010. Ліпковіч, Лукашэнка і “аd.nak!”

У адзін дзень адбылося тры падзеі… Я пабачыў жыўцом Лукашэнку. Другі раз я пабачыў яго не на здымку ці на экране, а ў жывой прыродзе. Ён стаяў каля кінатэатра “Цэнтральны”. Стаяў і слухаў справаздачныя словы чыноўнікаў. Што казалі чыноўнікі, я не чуў, бо ішоў па другім баку праспекта Незалежнасці. За апошнія дваццаць гадоў я бачыў яго жыўцом толькі два разы. Мала. А калі ўлічыць, што ягоны картэж з чорнымі машынамі бачу па некалькі разоў на тыдзень, дык і зусім мала. А ўсё з-за таго, што я абыходжу вялікія мерапрыемствы, накшталт парадаў, і не імкнуся ў структуры дзяржаўных дзеячоў. Таму і не бачу яго, а ён не бачыць мяне, што таксама някепска.

Другая падзея – мой удзел і выступ на першым фестывалі беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі AD.NAK!. Мяне запрасілі ў якасці блогера і пісьменніка. Паводзіў я сябе адпаведна: кляў тэлебачанне і рэкламу, разважаў пра вайну культураў і жартаваў. Мог бы паводзіць сябе і больш сціпла, і больш сур’ёзна, але ж мяне запрасілі ў якасці блогера…

Трэцяй падзеяй стаў пацалунак Жэні Ліпковіча. Ён абняў мяне і сказаў: “Люблю Валодзьку Адамчыка! Толькі пра яго, з усіх нас, амерыканцы знялі фільм! Толькі ён змог зрабіць прадукт, які скарыў свет!” Сказаў і пацалаваў мяне ў шчаку. Паколькі цалаваў ён мяне на першым фестывалі беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі, пацалунак моцна здзівіў дызайнера Міцю Сурскага і рокера Ігара Варашкевіча. Пацалунак збянтэжыў публіку і стаў знакавым. Ён стаў для мяне знакам, які я нават вытлумачыць не магу…

Добра, што праз дзень у мяне пачаўся адпачынак.