July 13th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1984. Русава і мая апошняя карціна

Жывапіс я кінуў. Можна інакш сказаць… Жывапіс на доўгі час пакінуў мяне. Я перастаў пісаць карціны. Замоў на карціны не было. Ніхто іх не купляў. На выставы мае палотны не траплялі. Я заняўся літаратураю і графікай. Карціны? Тут і з’явілася Русава… Трэба рабіць альтэрнатыўную выставу! Трэба пісаць карціны! Усе нашы дамовіліся напісаць па нацюрморту да выставы! У мёртвай краіне трэба зрабіць жывую акцыю прысвечаную нацюрмортам! На апошнім закліку мы спыніліся. Я паабяцаў напісаць карціну для Люды Русавай. Гэта быў жывапіс на палатне, які імкнуўся зрабіцца графікаю, а тая, у свой час, намагалася пераўтварыцца ў літары… Мая апошняя карціна называлася “За два імгненні, як чымсці стаць…” Карціна і зараз вісіць у маёй кватэры, на ёй няма ні подпіса, ні прысвячэння, ні даты… Трэба дааформіць яе, дарабіць, бо палатно замазанае фарбамі так і не даспела за дваццаць пяць гадоў да паўнавартаснай карціны. Тое палатно не даспела, яно даспявае. А я зноўку вярнуўся да жывапісу, ці жывапіс вярнуўся да мяне… Зноў была напісана карціна для Люды, блакітнае палатно называецца “У белым доме, ля сіняй бухты…”.
07kiepka

(no subject)

Басё і люстэркі

Часам, можна сябе не пазнаць. Зірнеш у люстэрка і дзівішся. Няўжо гэта я? Я заўважыў, што так здараецца, калі ты глядзішся ў люстэрка, якое даўно не бачыў. Ты трапляеш у знаёмы і пазнавальны асяродак, а ў тым асяродку змяніўся адно ты. Сумна. Мянешся, зазвычай, не ў лепшы бок, далёка не ў лепшы… Басё зафіксаваў сваё непазнаванне так:

Надзяваю новую вопратку, падараваную на Новы год

Хто гэта, скажы?
Сам сябе я не пазнаў…
Ранак, Новы год…

Верш Басё мяне прымусіла згадаць гатэльнае люстэрка, у якое я год не заглядаў.