July 12th, 2010

07kiepka

Барселона 2010

z Акуляры і аэрапорт

Кожны раз я спадзяюся, што пачытаю ў самалёце добрую кнігу. Бяру з сабою акуляры. Кніжак у партфелі дзве альбо тры. Надзяваю акуляры, разгортваю кнігу і пачынаю засынаць. Ноч перад вылетам, зазвычай, бязсонная. Думаеш… Ці ўсё ўзяў? Ці не забыўся чаго важнага? Думкі круцяяцца і таўкуцца на адным месцы заснуць не даюць. А ў самалёце я раблюся фаталістам. Усё, што не ўзялося ў дарогу, яно і малапатрэбнае. Пачынаю засынаць, а спаць у акулярах не люблю. Здымаю, акуратненька кладу іх у кішэню папярэдняга крэсла і сплю сабе соладка. Бачу недагледжаныя ўночы сны. Так незаўважна і лёгка далятаю да Барселоны. Сядаю ў таксоўку і еду ў гарадок Січаз, еду адпачываць. А там ў прахалодным нумары гатэля разумею, што акуляры мае паляцелі ў сінім кішэні самалётнага крэсла ў наш родны Менск. Вось жа паспаў салодка! Лятаць-залятаць-пралятаць-планіраваць! Няма акуляраў! Даводзіцца ісці ў оптыку, як той бы сказаў акулярню, і замаўляць новыя “вочы”. Замовіў, а сам спадзяюся на добрасумленнасць людзей, якія знойдуць мае акуляры і здадуць іх у бюро знаходах, што месціцца ў камеры захоўвання нашага вялікага менскага аэрапорта. З такімі спадзевамі я тры тыдні пражыў у Січазе! Прылятаю ў Менск, падыходжу да мытніка і распавядаю гісторыю пра забытыя акуляры. Мытнік накіроўвае мяне да ахоўнікаў аэрапорта. Ветліва накіроўвае. Ахоўнікі аэрапорта таксама вельмі ветліва распавядаюць пра камеру захоўвання, дзе вельмі ласкавая жанчына прынесла мне скрынку з пазабыванымі акулярамі і сотавымі тэлефонамі, як той бы сказаў дальнаразмоўнікамі. Маіх тамака не было, а чужыя я не стаў браць. Мяне парадавала тое, што столькі знаходак людзі вяртаюць. Знайшоў і не вярнуў, такое больш зразумела, але ж спадзяешся на адваротнае, на неверагоднае – нехта чужы знайшоў і вярнуў табе. “Можа нехта парадаваўся знаходцы! Знайшоў мае акуляры і парадаваўся! Давайце і мы парадуемся за людзей: якім стала добра ад таго, што знайшлі мае акуляры! А я сабе ўжо ўсё адно новыя "вочы" ў Барселоне зрабіў!” – сказаў я ласкавай захавальніцы чужых скарбаў. “І сапраўды, давайце парадуемся за іншых, і нам стане крыху лягчэй…”