June 15th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 1989. Жук і раман

Празаік Жук кляў перабудову: “Перабудова раскідала мой раман! Каб яна згарэла!” Жуку не спачувалі. З яго пасьмейваліся і кпілі. Сапраўды, што ж там за такі раман, які так лёгка разбурыла новая палітычная сітуацыя? Пэўна, раман быў кепскі. Але Жук – пісьменнік, і ён правільна адчуў змены, ён адчуў іх настолькі, што зрабіў учынак – выкінуў напісаны раман. Сам выкінуў! Ніхто з беларускіх літаратараў не выкінуў свае творы, усе працягвалі рабіць выгляд, што свет не змяніўся, што іх творы працягваюць жыць у вечнасці, і толькі Алесь Жук выкінуў раман.
07kiepka

(no subject)

2010-1973. Русава і рыса

Калі я пазнаёміўся ў Людай Русавай у 1973 годзе, яна сядзела пад сваёй карцінаю “Нарадавольцы” і пруткамі вязала шалік. Люда ўсё жыццё вязала сабе шкарпэткі, рукавіцы, шапкі, шалікі… Яна мерзла і вязала цёплыя рэчы. Змрочныя нарадавольцы ў доўгіх белых кашулях стаялі пад вісельняю на высокім эшафоце. Неба над змагарамі за лепшую долю і волю было бясконца-сіняе, кашулі на змагарах былі бела-залацістыя, палатняныя. Нарадавольцы мерзлі пад бясконца-халодным небам. Люда вязала і чакала разам са сваімі намаляванымі нарадавольцамі ката і смерці. Чаканне смерці было для Русавай натуральным працэсам, як вязаць і мерзнуць. Сваё чаканне яна ператварыла ў акцыю. Усе, хто ведаў Русаву чакалі яе смерці, развітваліся і зноў чакалі. Усе так доўга чакалі смерці, што дачакаўшыся не паверылі ў яе праўдзівы прыход. “Яна сапраўды памерла?” – “Гэта чарговая акцыя, ці не акцыя?” – “Ты яе мёртвай бачыў?” Пра смерць Люды Русавай мяне перапыталі некалькі разоў. Я запэўніў усіх, што Русава сапраўды згасла, што працэс згасання завершаны. Смерць-мужчына-кат наведаў яе. Люды больш няма. Нарэшце, зноў накрэслена выразная рыса паміж жыццём і смерцю. Зноўку ёсць рыса маміж жыццём Русавай і яе мастацтвам. Люда старана і паслядоўна выцірала рысу паміж рэчаіснасцю і мастацтвам, выцірала-выцірала, але так і не выцерла да канца.