June 13th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010. Люда і час

Яна жыла не ў нашым і не ў сваім часе, яна жыла ў дзесятых, у двадцатых і ў трыдцатых гадах двадцатага стагоддзя, жыла побач з Казімірам Малевічам. Квадраты, крыжы, кругі, трохкутнікі пераследавалі Русаву. Яна збірала і разбурала свае геаметрычныя кампазіцыі, нібыта супрэматыстка і вучаніца Малевіча. Калі ў Казіміра Малевіча ёсць праясненасць і крыштальнасць, дык у Русавай паўсюль панавалі змрочнасць і дэструктыўнасць. Яе палеміка з Малевічам так нічым і не скончылася. Люда нешта ўсё казала свайму непараўнальнаму Казіміру, але ён яе не пачуў. А так, як большасць з прамоўленага Людмілай Русавай было адрасавана Казіміру Севярынавічу Малевічу, яе мала хто слухаў ды чуў.
07kiepka

(no subject)

2010. Русава, незадаволенасці і смех

Яна была незадаволеная заўсёды і паўсюль. Русавай не падабаліся: імперыя, дзе яна жыла; горад, дзе даводзілася працаваць; майстэрні, дзе пісаліся карціны; установы, дзе змушана была вучыцца; цела, у якім жыла душа мастака; пол! Таму ўсё навокал падлягала разбурэнню і рэвалюцыйнаму пераўтварэнню. Імперыю трэба было разбурыць! Горад неабходна пераназваць, перапланаваць ці, у крайнім выпадку, перафарбаваць! Цела варта было трымаць у чорным панцыры! Ад пола неабходна было адмовіцца! Русава паслядоўна пазбаўлялася ад сваіх незадаволенасцяў. Яна зрабіла ўсё, што толькі магла, каб струхнелая і маразматычная імперыя абрынулася ў незваротную бездань. Праекты па перастварэнню гарадскога асяроддзя засталіся адно праектамі, але яны былі намаляваны і накрэслены. Русава стрыглася “пад нуль” і галіла валасы на ўсім целе. Апраналася ў шэрае і чорнае. Нават белыя капялюшы і нагавіцы на Людзе Русавай выглядалі чарнейшымі за рэвалюцыйна-чорныя. Пра пол, пра сваю прыналежнасць да жанчын Люда выказвалася з усмешкай. Яна смяялася сухім, крохкім, тэатральным смехам. Яна смяялася заўсёды, паўсюль і з усяго на свеце.