June 10th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010. Сцяпан, Віктар, Аляксандар і абгорткі без цукерак

Тутэйшыя паўмастакі любяць слухаць, калі нехта называе іншых мясцовых паўжывапісцаў няздарамі. П’янаваты Аляксандар Барташук, пачуўшы як Сцяпан Гуз гаворыць пра бяздарнасць Віктара Альхоўскага, пачаў прасіць Сцяпана, каб ён яшчэ і напісаў у газету пра такую відавочную бяздарнасць. Просіць чалавек! Яму трэба! Нашто? Каб зняважыць канкурэнта, каб прынізіць яго, і праз тое самому прыўзняцца. Ясна, прыніжаючы іншага, сам ты не ўзвышаешся. Але Аляксандар вырашыў паспрабаваць прынізіць Віктара рукамі Сцяпана. Альхоўскі з Гузам сыйдуцца ў жорсткаслоўным двубоі, а хітрадупы Барташук ад той бойкі крыху сабе выйграе. Так думаў правакатар. Толькі ні Сцяпан, ні Віктар нічога не напісалі ў газету. Трохі паплявузгалі над пазастаўлянымі чаркамі ды бутэлькамі сталамі і тым суцешылі свае дробназласлівыя душы. Я такім плявузганнем суцешыцца не магу, бо цалкам згодны з Гузам, што Віктар Альхоўскі – няздара, а ягоныя палотны падобныя да абгортак, у якіх ніколі не было цукерак. Уяўляеш фанцікі без цукерак? Фанабэрыстасць, вусатасць, прайдзісветнасць – усё на месцы! А цукеркі няма!!! Такія Альхоўскія знаходзяць сабе падобных і гуляюцца ў фанцікі. У цукеркі яны гуляць не могуць. Яны цешацца азартам пустой гульні. Хай сабе цешацца, хай гуляюцца, пакуль іншы будзе есці цукерку. Кожнаму сваё ў гульні.
07kiepka

(no subject)

2010. Ціханаў і верш Стральцова

У Міхася Стральцова ёсць верш “І тады…”. Змрочны верш, з безнадзейнасцю і безвыходнасцю ў падтэксце. Ты паслухай: “

…І тады
дзень учарашні
шукаў сябе сёняшняга
у тралейбусах з парнаю лічбай
(былі ўсе няпарныя лічбы),
быў сандзень у кожным кафэ,
і ў горадзе дзесяць адразу
адкрылася новых базараў.
Тады паявілася мода
на выйгрышы па латарэі.
І аб’явілі па радыё
(падалі ідэю пажарнікі),
што неспадзеў паявіўся
у раёне праспекта
мядзведзь…
…бо тады
дзень учарашні спраўляў
у сёняшнім дні пахмелле…

Такія вершы пішуцца на мяжы жыцця і смерці, у іх зеўрыць адчай. Тым, хто не піў, не напіваўся ў дровы, не сыходзіў у працяглы запой і сам не пісаў вершы ці карціны, растлумачыць сэнс стральцоўскіх радкоў немагчыма.
Пра гэты верш я згадаў, калі пачуў навіну: мастака Ціханава калегі здалі на прымусовае лекаванне ад алкагалізму. Цяжка паверыць… Віктар Ціханаў – заўсёдны выдатнік, аптыміст, адказны муж і бацька, камерцыйна-паспяховы жывапісец… Станоўчыя якасці Віктара Ціханава, з якім я разам вучыўся на мастака-манументаліста, можна пералічваць бясконца. У ім была выдатная нязрушная драўляная станоўчасць. А тут снегам на галаву: прагаласавалі і здалі. Падобным чынам некалі здалі на лекаванне і паэта Міхася Стральцова. “Во-о-о! Ляснуўся дэкадэньцік, нарэшце!” – злараднічаў адзін з народных пісьменнікаў Беларусі. Пэўна, так цяпер злараднічае нехта з народных мастакоў. Свет не змяняецца. Паэты і мастакі застаюцца мастакамі і паэтамі, а фунцыянеры здаюць іх на прымусовае лекаванне і ўслед кідаюць: “Ляснуўся дэкадэньцік…” Але дзень сёняшні пахмельны скончыцца, і паэты з мастакамі зноў працьверазеюць, каб напісаць новыя карціны і вершы пра адчай.