June 9th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010. Люда Русава і лёгкае

Цяпер, калі Русавай няма сярод нас, можна задаць адно важнае пытанне пра ўсё яе жыццё… Каго любіла Людміла Русава? Яна любіла ката. У Люды быў кот вялізарны, самаўпэўнены, гаспадар. Безумоўна, кот быў гаспадаром у майстэрні-кватэры мастачкі Русавай. Дзеля яго Люда ездзіла па два разы на тыдзень на Камароўскі базар у мясныя рады, каб прывезці свайму любімцу свіное лёгкае. Кот упадабаў лёгкае, ён яго праг нават больш за нырку. Зазвычай, каты ажно калоццяцца, калі ім выкладаюць свіную нырку, а гэты жадаў цёплага свежага сёняшняга лёгкага. Як звалі ката Люды Русавай? А так і звалі – кот Люды Русавай. У рэальным жыцці гэта быў і не адзін кот, гэта было некалькі катоў у жыцці Люды, але пасля яе смерці ўсе каты зліліся ў адзінага самаўпэўненага ката, які прагна жарэ сёняшняе лёгкае.
07kiepka

дакумент 1979 год. Вёска Варакомшчына.

83.01 КБ

1979 год. Кастрычнік.
Беларусь, Гродзенская вобласць, Дзятлаўскі раён, вёска Варакомшчына.
Адамчык Уладзімір Хведаравіч (1907-1985) і Адамчык Браніслава Іванаўна (1906-1983).
Мае баба з дзедам, па бацьку.
07kiepka

(no subject)

2010. Стэфанія і торбачка

Стэфанія піла шампанскае. Яна выпівала ў бары “Акварыум”, чокалася і размаўляла з сябрамі. Стэфа піла і не заўважыла, што яе торбачка звалілася з крэсла, на падлогу. А я ўбачыў, што сумачка разьвясёлай Стэфаніі ляжыць пад нагамі. “Стэфа, твая сторбачка на падлозе качаецца! Я – падыму!” Я падхапіў торбу, а пакуль падхопліваў, з яе вывалілася жаночая пракладка. “Выдатная пракладка!” – заўважыла Стэфанія і запунцавела. Гаспадыня выдатнай пракладкі моцна пачырванела, значна мацней, чым зазвычай чырванеюць ад шампанскага. “Напішаш! Ты зараз пойдзеш і накатаеш пра мяне ў свае “сУчаснікі”!” – “Даю слова, што зараз не напішу…” Слова я стрымаў, бо не адразу сеў пісаць пра згубленую і знойдзеную пракладку. Ну ты пра яе зможаш напісаць? Варта напісаць пра іншае, пра тое, як Стэфа абыйшлася са сваёй торбачкай. Яна абтрэсла яе, паклала на калені і надавала ёй пляскачоў. Яна карала торбу, як жывую істоту. Карала яе, як маці карае сваё дзіця. Пляскала яе паказальна але пяшчотна. Стэфанія пакарала сваю торбачку ласкава...