May 31st, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010-1962. Дзяргай і лірыка з салодкай гарбатаю

“Адведаем старога Дзергая?” – пытаецца бацька. “Адведаем”. Мы заходзім у пракураную аднапакаёўку, што ў трэцім пад’ездзе на першым паверсе. Паэт Дзяргай жыве ў нашым чатырохпавярховым белацагляным доме, які стаў на рагу Коласа і Ламаносава. Дзяргай любіць сінядымны тытунь і густабурштынавую гарбату. Ён робіць мне паўшклянкі моцнай і салодкай, як сочыва, гарбаты-дзергаёўкі. Значна пазней я даведаюся, што бацька паэта у двадцатыя гады двадцатага стагоддзя меў у Менску ўласную сталоўку, у якой закусвалі нават Купала з Коласам. А тады, стоячы каля этажэркі з беларускімі кнігамі, я спажываў гарачы напой маленечкімі глыткамі. Мужчыны курылі ў адчыненае на летні горад вакно. Мужчыны гаварылі пра паэзію. Курыць тытунь, піць гарбату, разважаць пра вершы – тры правільныя дарослыя мужчынскія справы, якія добра робяцца ў нядзельны сонечны вечар. Так я думаў у дзяцінстве, стоячы ў нізкастольнай аднапакаёўцы паэта Дзергая, дый цяпер так думаю.