May 28th, 2010

07kiepka

(no subject)

Поўня і начныя бабішчы

З Вільні прыехаў у Менск а палове на трэцюю ночы і пабачыў на плошчы Перамогі парад начных бабішч. Мардатыя, дупатыя, цэлюлітныя яны курылі на аўтобусных прыпынках. Яны самапрапаноўваліся. Іх белыя твары выглядалі ажно блакітнымі з-за чорных валасоў і чорных апранах. Высока ў небе за празрыста-срэбнымі аблокамі плыла сталёвая поўня. Сягоння я пабачыў вялізную латунную поўню, што павольна запаўзала на ледзяніста-сіняе неба. Пад латуннай поўняю, пэўна ж, на плошу выпаўзе ўдвая больш белатварых начных бабішч.
07kiepka

(no subject)

z Гадзіннік і час

Ёсць і ў мяне дарагі механічны гадзіннік, у якім зусім няма часу. Ён чакае нагоды ў лакіраванай каробцы з арэхавага дрэва. Прынагодна я яго абавязкова завяду. Добрыя гадзіннікі ўмеюць чакаць, і час іх знаходзіць і надыходзіць.
07kiepka

(no subject)

z Назва і карціна

Напішаш карціну, а назвы ў яе няма. Сумна. Лухта, калі табе скажуць, што назва бяжыць паперадзе карціны. Паперадзе карціны мусіць з’явіцца працоўнае слова, ідэя, задума… Назва з’яўляецца у самы апошні час, яна можа з’явіцца і значна пазней за саму карціну. Назвы, як і рамы, знаходзяцца і мусяць знаходзіцца на пэўнай адлегласці ад карціны. І якая гэта радасць, скажу табе, знайсці назву для свайго скончанага палатна! Днямі я напісаў чарговы нацюрморт з садавінаю і бутэлькай вады, я пакрыў яго матавым лакам, паставіў на мальбірт і… Назва знайшлася: “Вось яны – зялёныя грушы”.
07kiepka

(no subject)

Попельніца і акурак

Дзяўчыну, якая пакурвала, у нашай школе называлі Попельніца. “Глянь ты на яе, ні сісіські ні піпіські ды срака з кулачок, а і яна ўжо пакурвае, і яна ўжо запісалася ў Попельніцы!” Хлопцы, якія курылі, мелі павагу, а дзеўкі за тое ж самае – знявагу. Праўда, маларослы і паскуднаваты пацан мог лёгка атрымаць паганяла кшталту Акурак.