May 18th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Аблокі

Ёсць такія месцы, дзе я ніколі не быў, бо чуў пра іх кепскае… У Казахстане праз стэп цячэ рэчка Табол. Вада ў той рэчцы, брудная, салёная і зусім не прыдатная для пітва. На берагах Табола няма ні кустоў, ні дрэў. Тата сказаў, што месца страшнае, і лепей мне туды ніколі не трапляць… У Карэліі бываюць такія маразы, што гарэлка, якую на вуліцы пакінуць, замерзне ў бутэльцы. Гарэлка замярзае так, што апошнія пяцьдзесят грамаў застаюцца вадкімі ў форме яечка. Пра карэльскія і фінскія халады з ветрамі мне распавядаў дзядзька Антак. Ён наказваў не ездзіць на поўнач Карэліі… На Палессі пасля міліярацыі пачаліся тарфяныя буры. Мой сваяк – Віктар Мілько – здзіў туды капаць бульбу. У той год бульба ўрадзіла вялікая, яе было мала, але ўся была ўдвая-утрая большая за нашу звычайную. Студэнты, якія выбіралі з чорнай тарфяністай лёгкай зямлі бульбу, праз гадзіну працы былі чарнейшыя за афрыканскіх мурынаў. Калі ж пачынаўся вецер, працаваць было зусім не магчыма, бо над палямі лёталі шчыльныя хмары тарфянага пылу. Віктар называў Палессе пагібельным месцам… Пра Белае мора мне распявядаў Іван з Архангельску. Ен ездзіў на тое мора. Нават зняў чаравікі і ў ваду зайшоў. Вада такая, што стаяць у ёй можна было толькі на адной назе, пакуль другая грэлася на сонцы. Нават у самы цёплы летні дзень ты не акунешся ў Белае мора… Ці варта спрачацца і пераправяраць? Не… Калі згадваць самую кепскую мясціну, пра якую я ведаў, але ўсё адно трапіў у яе, дык гэта мястэчка Слабодка… Мала хто чуў, што адбывалася ў Слабодцы ў далёкім 1939 годзе, калі мой сваяк Бронік Кісель у шэрагах Чырвонага войска ішоў вызваляць Заходнюю Беларусь ад польскага прыгнёту. Дарога, па якой рухаўся Бронік з Браслава ў Слабодку ляжала паміж азёраў. У Слабодцы, на груду, у касцёльнай вежы сядзеў кулямётчык. Ён і запыніў калону вызваліцеляў. Пад кулямётным агнём загінула шмат чырвонаармейцаў. Бронік тады ўпершыню трапіў пад абстрэл, ён вельмі спалохаўся, і пра свой сполах расказваў мне. Бронік распавядаў пра жахлівае мястэчка Слабодку, дзе ён убачыў на дарозе шмат сваіх мёртвых таварышаў застрэляных з буйнакалібернага кулямёта. Давялося прыпыніць наступ, давялося шукаць гармату, і з гарматы страляць у касцёл. Вежа разам з кулямётчыкам ператварылася ў друз. Такім чынам дзед Браніслаў агітаваў мяне ў пацыфісты. Ён казаў, што не трэба хадзіць ні ў якае войска, ні ў рускае, ні ў польскае, пагатоў у нямецкае ці амерыканскае… Я пагаджаўся з Браніславам, які, хто б мне што не казаў, вызваліў Заходнюю Беларусь. Калі ж я трапіў у Слабодку разам з іншымі мастакамі, што мусілі прайсці жывапісную практыку, я перш-наперш пайшоў паглядзець на касцёл. Вежу аднавілі, а касцельны служка, калі ўбачыў намаляваны мною касцёл, распавёў зусім іншую гісторыю пра разбурэнне вежы. Служка сказаў, што ў вежы сядзеў… немец! Нашто было немцу так самаахвярна бараніць касцёл у мястэчку Слабодка? Служка не патлумачыў, ды й я не настойваў на нейкіх там тлумачэннях. Служка зрабіў добрую справу, ён пазнаёміў мяне з ксяндзом, які прапанаваў зрабіць у касцёле некалькі роспісаў. Я ледзь было не пагадзіўся, але згадаў аповяд Броніка, падумаў пра праклятасць месца і адмовіўся… А ёсць яшчэ куткі, дзе я бываў шматкроць, але цяпер мне пра іх рспавялі кескае, і я больш туды не езджу... У Сочы я быў шмат разоў. Некалі я нават палічыў час пражыты мною ў Сочы атрымаўся год. Цэлы год я прагуляў і праадпачываў на беразе Чорнага мора ў вільготных Сачы. Я туды ездзіў да цёткі Рэні. Яна мне і сказала, што ў Сочы зрабілася зусім кепска, тамака ўсё разнеслі-разламалі, стары Сочы пабурылі, а новы горад не пабудавалі, так што ехаць няма куды. Шчыра кажучы больш за ўсё ў Сочы мяне цікавіць дэндрарый з паўлінамі. Сваёй цётцы я, канешне, не прызнаўся пра цікаўнасць да дэндрарыя і парка з ружамі – “Рэўера”. Я проста паверыў ёй і больш не езджу ў Сочы… Ёсць месцы, дзе ўсё так змянілася, што не магчыма нічога пазнаць… Калі я трапляю ў месцы, што змяніліся да непазнавальнасці, што змяніліся незваротна, я ўздымаю голаў і гляджу на аблокі.