May 16th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Домработніца

“У цябе няма домработніцы?” – спытаў я ў жонкі рускага банкіра. “Няма!” – заўсміхалася яна і паклала кавалак масла ў маю талерку з аўсянай кашай. “У цябе чацьвёра дзяцей, і ты ўсёчыста паспяваеш зрабіць сама?” – “Паспяваю!” Пра дамработніцу я вырашыў пагаварыць з банкірам, балазе, ён побач са мною ёў падсалоджаную аўсянку з маслам: “Слухай, чаму ў вас няма домработніцы?” – “А ў цябе хіба ёсць домработніца?” – банкір паглядзеў на мяне з недаверам. “У мяне ёсць домработнік…” – “І як твой домработнік?” – “Прыедзеш і паглядзіш…” Неўзабаве, мы сядзелі з банкірам ужо за маім сталом, елі салату з руколы, і размова пра дамработнікаў займела працяг. Я сказаў сваёй жонцы, што яна павінна з’агітаваць нашага госця завесці сабе добрую домработніцу. “У цябе чацьвёра малых дзяцей, і твая жонка ўсю гаспадарку цягне сама?” – мая жонка моцна здзівілася. “Ды ёсць, ёсць у нас домработніца Клава! Але, калі я дома, яе хаваюць. Двойчы я загадваў яе прагнаць, але хатнія прасілі за Клаву, маўляў Клава – добрай душы чалавек. Я саступаў, але саступіў з умоваю – бачыць яе не хачу. Няма такой дамработніцы каб не біла посуд і не псавала рэчы, але Клава ў гэтай справе мае асаблівыя здольнасці. Былі ў мяне бурштынавыя шахматы. Шахматы, як кажуць, з літоўскага золата. Мне іх падарыў мэр Вільні. Я не вялікі аматар шахмат, але да гэтых бурштынавых фігурак прывык. Аднойчы, вярнуўшыся дамоў позна ўвечары, я знайшоў каробку з шахматамі ў кабінеце на працоўным стале. Адкрыў я каробку, глянуў і ледзь не звар’яцеў. Я не змог пазнаць ні адной шахматнай фігуры! Калі я і пазнаваў галаву каня, ды другая падобная галава знаходзілася на фігурцы значна вышэйшай за першую. Гледзячы на фігуры з бурштына я падумаў, што розум назаўжды пакінуў мяне. Патлумачыць убачанае іншым чынам я не мог. Поўночы я прасядзеў у кабінеце скуты страхам. Перад вачыма стаялі пачварныя фігуркі з літоўскага золата. Нарэшце я не вытрываў і пабудзіў жонку. Тая мяне паспрабавала супакоіць, сказаўшы, што Клава, робячы прыборку ў кабінеце, скінула шахматную каробку з кніжнай паліцы на падлогу, фігуркі паразбіваліся, якая на два а якая і на тры кавалкі. Клава пасклейвала фігуры наноў, як змагла і як разумела. У тую ж ноч я загадаў Клаву зволіць. Жонка паабяцала паслухацца мяне, а яшчэ б яна не паабяцала! Але ж раніцаю ўсе пачалі прасіць за Клаву, і я даў слабіну – саступіў. Мяне ўразіла, што ўсе казалі пра дабрыню нашай нязграбнай і неабачлівай Клавы. Я вырашыў яе патрываць, але маё трыванне скончылася досыць хутка… Быў у мяне кітайскі фантан, даволі прымітыўная цацка, у якую залівацца з імбрычка вада. Фантан уключаецца ў разетку, вада крышку награваецца і пачынае перацякаць. Цуркатанне вады супакойвае нервы, мяне яно супакойвала яшчэ і тым, што на шкле фантана быў намаляваны кітайскі горны краявід, у якім сядзела скульптурная фігурка манаха-паэта. Я слухаў фантан, і ўяўляў сябе кітайскім паэтам, які сышоў ад мітускі жыцця і складае вершы пра… Ну ты мяне разумееш…” І сапраўды я разумеў банкіра, бо мы з ім сустракаліся, каб пагаварыць пра паэзію. Можаш мне паверыць! Мы любілі паразважаць пра залатое стагоддзе рускай лірыкі: Лермантаў, Цютчаў, Багдановіч… Мы гаварылі і пра нашых, пра беларускіх Купалу з Багдановічам; і нават пра кітайцаў Бо Цзюй-і ды Тао Юань-Міна… Таму я лёгка ўявіў сабе фантан з кітайскім паэтам-самотніка. “Аднойчы, вяртаюся я з чарговага ці пазачарговага, хто іх там разбярэ, банкета. Заходжу ў варэлню і бачу: з вядра са смеццем на мяне паглядае кітайскі паэт. “Не выкідаць! Я склею! Я вазьму ўсе аскепкі і заўтра ж склею фантан!” На мае крыкі прыбегла жонка: “Супакойся! Клава сказала, што фантан не склеіш. Клава сказала, што ён разбіўся ўшчэнт…” Мяне дабіла гэтае жыццярадаснае “ўшчэнт”. Я сказаў, што не хачу больш бачыць добрую Клаву. Цяпер яе хаваюць ад мяне. Часам, у нашым доме ламаюцца і разбіваюцца нейкія рэчы, але я за іх не перажываю… Стараюся не перажываць!”
07kiepka

(no subject)

z 2010. Хадыка і сыход

Пераважная большасць вучняў архітэктара Хадыкі так і не зразумела, што, каб застацца паслядоўнікам майстра, абавязкова трэба сваечасова пакінуць ягоную майстэрню, ягоную рэстаўрацыйную басталію. Каб застацца, трэба сыйсці…
07kiepka

(no subject)

z 2010. Міхась і мая вага

Набыў сабе кітайскія вагі, каб сачыць за сабою. Мо я і не набываў бы, каб не Міхась. Ён мяне напалохаў… Сустрэліся, я кажу: “Кінуў курыць!” – “Малайчына! Правільна зрабіў! Даўно?” – “Пяты месяц пайшоў…” – “Добра выглядаеш!” – “Набіраю вагу. Мне сказалі, што за паўгады я набяру сем-дзесяць кілаграмаў. А мне з гэтымі кілаграмамі нязручна: і там не так, і тут не гэтак, як трэба”. – “Дзесяць! А трыццаць ня хочаш? Я трыццаць набраў, потым ледзь скінуў, так што сачы за сабою…” Пасля размовы з Міхасём, я і набыў вагі, прыйшоў ды ўзважыўся. Дзевяноста, калі ў вопратцы, а без вопраткі – восемдзесят сем. Набраў, бліны-аладкі-кашы-макароны! Набраў сем лішніх кілаграмаў. Сем, канешне, не трыццаць… Але суцяшаць сябе не збіраюся. Я павяду сябе з сабою жорстка, як з чужым чалавекам!”