May 13th, 2010

07kiepka

(no subject)

1963... Берэт Чэ і капялюш Лі

Ніколі не захапляўся і не паважаў таварыша Чэ. Нават ягоны берэт, пэўна пазычаны ў якога з баскаў, не падабаўся мне. Берэт на Чэ глядзеўся кепска, размазана і па-бабску. Ён нейкі слабаваты, гэты Чэ, і супроць баскаў-сепаратыстаў і супроць французскіх супраціўленцаў з другой сусветнай. Баскі з французамі больш стыльна глядзяцца ў берэтах чым барадатыя кубінцы, кшталту Фі ці таго ж Чэ. Як для мяне, дык спадар Лі больш стыльная штучка, чым Чэ. Капялюш на Лі выглядаў супер-выразна. Капялюш Лі Харві Освальда яшчэ зробіцца культавым, вось паглядзіш.
07kiepka

(no subject)

2010. Саш і скразняк

Зноў нябожчык Саш з’яўляўся ў маіх снах… Ён настойліва раіў зарэзаць здрадніка апаснай брытваю. Я паслухаў Саша, зарэзаў нелюдзя брытваю і ўвесь перапэцкаўся ў здрадніцкую кроў… Прачнуўся, зрабіў глыток вады ды заснуў наноў… З незнаёмцам я дабудоўваў-даманцірваў летні дамок для Саша. Дамок той стаяў у цэнтры сталіцы, у скверы, непадалёк ад Дома афіцэраў. ( Пра ўласны дом у цэнтры Менска Саш заўжды марыў. ) Я гаварыў, што шчыліны ў дамку зашырокія, іх не зашпаклюеш, а незнаймец мне пярэчыў. Ён казаў, што ў вокны паставяцца шклопакеты, і шчыліны ў сценах пасціскаюцца, а тады мы іх і пазашпаклёўваем. Мы спрачаліся пра шчыліны, а Саш стаяў зводдаль, непадалёк ад старога запыленага танка. Ён паглядаў на свой недабудаваны дамок моўчкі… Што ты мне тут не скажы, а сустракацца два разы ўзапар з нябожчыкам – цяжка, нават у сне – цяжка. Цяжка яшчэ і таму, што караткаватае жыццё Саша можна параўнаць са свечкай, якую раптоўна пагасіў вецер… ці скразняк…
07kiepka

(no subject)

2010. Мізгулін і “Новае неба”

Да мяне ў госці прыехаў паэт Міця. Дваццаць сем гадоў ён не быў у Менску. Мы прайшліся па вуліцах і парках, дзе некалі гулялі ў сваёй агульнай маладосці. Міця пакінуў мне некалькі асобнікаў кнігі сваіх вершаў “Новае неба”, сказаўшы: “Падорыш сябрам”. Я быў узрадаваўся, пакуль не згадаў, што два праўдзівых аматара паэтычнай творчасці Міці Мізгуліна – Саш ды Анатоль – ужо чытаюць лірыку пад новымі нябёсамі.