April 29th, 2010

07kiepka

(no subject)

Закладкі ў кнізе

Чым добра зрабіць закладку ў зборніку вершаў?
Рахункам за чорную каву без цукра,
саломінкай, лісцікам ці пяліёсткам,
паштоўкай з рэпрадукцыяй класічнай карціны,
пальцам…
07kiepka

(no subject)

2010-1990. Мікалай, дарога і брат

На працу і з працы тата ездзіў на дзяржаўнай “волзе”. За стырном таго легкавіка сядзеў Мікалай. Негаваркі, адданы справе, вялікі прафесіянал ён за ўсю сваю працоўную дзейнасць толькі аднойчы трапіў у дарожна транспартнае здарэнне, і нават тое здарэнне адбылося з-за іншых людзей. Але лёс у Мікалая быў драматычны. Позна ўвечары ён, вяртаючыся з гасцей, пераходзіў вуліцу каля менскага завода лядоўняў. Нейкі шафяруга збіў Мікалая, збіў і пакінуў паміраць на ўзбочыне. На шэрай прыдарожнай траве Мікалай і сканаў. Было тое даўно, больш за дзесяць гадоў назад, а сёння Мікалай некалькі разоў з’яўляўся ў маіх снах. З’явіцца, пастаіць і знікае. Цяжкае відовішча, Цяжкае, бо якраз сягоння брат мой паехаў на машыне з Менска ажно ў Венецыю . Хвалююся.
07kiepka

Масква 2010

z Запісы з падарожнага нататніка 22.04.2010

Булгакаўскі дом

Чытаў вершы ў Булгакаўскім доме. Слухаў пераклады сваіх вершаў на рускую мову. Піў ваду на Патрыаршых стаўкАх, у той час, як усе пілі гарэлку “Маруся” і сухое чырвонае. Адзін паэт піў партвейн. Я ледзь не пачаў яму зайздросціць, але загрузіўся ў машыну да Светы, і быў адвезены на вуліцу Будаўнікоў. Еў салату і сняданак па-камчатску. У гадзіну ночы Вольга прыгатавала сняданак: свежазваранае яйцо з чырвонай ікрою. З’еў і заснуў на канапе, каля стала. Вольга, Света і Алена разважалі пра сопкі на Камчатцы, а я спаў… Чэрці мне не сніліся… Нічога не снілася… Пасярод ночы жанчыны выклікалі таксоўку, і я з жонкаю паехаў да другой Вольгі, на Твярскую, дзе мы спыніліся ў доме нумар шэсць. На Твярской сваеасаблівы шум машын нават пасярод ночы. Пад гэты шум мне добра спіцца, нават цвярозаму.

Чырвоная плошча

Пошукі пазітыўнасці ў грамадстве, часам, заходзяць так далёка, што станоўчыя эмоцыі і станоўчыя ўражанні людзі пачынаюць шукаць на пахаваннях і могілках… З-за міліцыянскіх кардонаў гляджу, як калона пад чырвонымі сцягамі ідзе-сунецца па Чырвонай плошчы да маўзалея з мёртвым целам Леніна. Гляджу і пераконваюся, што каля труны з трупам свайго павадыра камуністы не знойдуць пазітыўнасці.

Клуб “ФабрыЫк”

У клубе “ФабрЫк” запісаў некалькі слоў для тэлекампаніі “Мір”. На фоне міжнароднага конкурса маладых дызайнераў па касцюмах. Конкурс называецца “Крамлёўскія зоркі”. Арганізатар конкурса спадарыня Петухова. Дзяўчат і жанчын у клубе было ў разоў дзесяць, а мо і дваццаць болей чым асоб умоўна-мужчынскага полу… Жанчын было столькі, што мужчынскасць мая знарочыстая і агрэсіўная выглядала недарэчна.
07kiepka

Масква 2010

z Запісы з падарожнага нататніка 23.04.2010

Лондан і Масква

Георг Ліхтэнберг называе Лондан пеклам. Ні больш ні менш. "Дарогі робяцца шырэйшыя і прыгажэйшыя, калі ты пад'язджаеш да гэтага пекла (Лондану)," – так напісаў нямецкі літаратар. Ці можна тое самае сказаць пра Маскву? Набліжаючыся да Масквы дарогі і сапраўды шырэюць, але наўрдці яны яны прыгажэюць. Дый дождж у Маскве сягоння такі моцны, што я засумняваўся, што ў пекле могуць ісці такія шчыльныя дажджы. Дарэчы, і ў Лондане спорныя дажджы – з'ява звычайная. Так што дарэмна Ліхтэнберг назваў Лондан пеклам.

АСТ і тэндэнцыі

Сустрэўся з кіраўнікамі кнігагандлёвай сеткі АСТ. Яны сказалі, што пачалі адмаўляцца ў нашай кнігавыдавецкай справе ад кепскай паперы. Там, дзе была газетная папера, будзе афсет, а, дзе быў афсет, з'явіцца крэйдаваная папера. Людзі зноўку пажадалі бачыць у кнізе не толькі тэкст, а і матэрыял. Такая сітуацыя крыху бадзёрыць і нават абнадзейвае, бо апошнімі часамі навіны ў кніжным свеце з'яўляліся адно кепскія.

Лірыка ў кнігарнях

У маскоўскіх кнігарнях зборнікі вершаў цяпер пахаваліся ў цёмныя куткі. Раней яны стаялі на паважных і шаноўных светлых паліцах, а сёння паэты загнаны ў кут. Такое адкрыццё мяне не абурыла, бо я ніколі не верыў, што рускі народ любіць Лермантава і Пушкіна. Калі іх творы перастварыць у прымітыўнае кіно ці лубачны мультфільм, тады ёсць невялікі спадзеў, што народныя масы паэзію прымуць. Паэзія не прадаецца, таму і стаяць кнігі лірыкі ў змрочным душным закутку, і правільна стаяць. А можа і не? Бо ў паэтычным закутку да мяне падыйшоў мужчына і сказаў: "Пара ўжо выкінуць рускую паэзію! Выкінуць яе зусім! Усім трэба абрэзацца і пачаць складаць вершы на ідышы! Правільна я кажу?" Можна было і прамаўчаць, але я не змоўчаў: "Паэзія ёсць!" – "Ну якая тут, скажы ты мне, паэзія?" – "Лермантаў з Цютчавым ёсць, калі яны ёсць, руская паэзія тут ёсць!" – "Ты аптыміст, сынок! Ты няправільна разважаеш, зусім няправільна, але мне падабаецца, як ты сказаў... Лермантаў з Цютчавым ёсць! Зусім без злосці сказаў. Лёгка... "