April 10th, 2010

07kiepka

(no subject)

Месцы і прагулянкі са шпацырамі

Цяпер мне падабаецца не ў новыя і нязведаныя мясціны хадзіць, а наведвацца ў тыя куткі, дзе даўно ня быў. У юнацтве я некалькі разоў прыходзіў у Менску на вуліцу Беларускую, каб напісаць акварэллю вясновыя ў вялікіх плямінах снегу берагі Свіслачы і цёмныя вербы над высокай каламутнай вадою. У гэтым годзе снег сышоў хутка, толькі дзе-нідзе ў дварах яшчэ засталіся нераскіданыя дворнікамі пачарнелыя гурбы, а я так і не выбраўся на Беларускую… Можа ў наступную вясну?
07kiepka

(no subject)

z Стары час і Новы час

Цяпер у нас Стары час. Ён запаволены, марудны, вялы, крызісны, безініцыятыўны… Падобны час быў, на маёй памяці, у СССР і называўся эпохаю развітога сацыялізма. У Старым часе дыхаецца цяжка. І хацеў бы сам сябе прыспешыць, ды не атрымліваецца. Новы час надыхоць раптоўна. Раніцай адчыняеш вакно і адчуваеш вецер. І пайшло, і паехала, і пакацілася, і паімчалася… Новы час праявіўся ў Беларусі нацыянальна вызвольнай рэвалюцыяй. Нам пашанцавала, што наш Новы час не вызначыўся крыважэрнасцю і людазабойствам. Пашанцавала. Мо таму зноўку хочацца адчыніць вакно і адчуць… Адчыняю, насыпаю на падваконне сланечнікавых семак для свіх сініц і радуюся, калі да сініц далучаецца імклівая сітаўка.
07kiepka

(no subject)

Планы і здзяйсненні

У маладосці, седзячы на беразе мора пад платанам, я запланаваў сабе пяцьдзесят гадоў вайны за незалежнасць Бацькаўшчыны, каб убачыць яе не чужой, а сваёй. З того часу прамінула трыццаць гадоў, наперадзе яшчэ дваццаць гадоў запланаванай вайны.
07kiepka

(no subject)

z Навіна і праклятыя месцы для славянаў

Я набліжаўся да падземнага пераходу, што на станцыі метро “Няміга”, калі затэлефанаваў сын. Ад яго і даведаўся пра авіакатастрофу, у якой загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Урадавая дэлегацыя ляцела з Варшавы ў Смаленск, на жалобныя ўрачыстасці. Мерапрыемства было прымеркавана да сямідзесятых угокаў Катынскай трагедыі, у Катыні знайшлі гвалтоўную смерць тысячы польскіх вайскоўцаў. Сягоння ў авіакатастрофе загінула сто трыццаць два чалавекі. Я слухаў сынаў голас і глядзеў на падземны пераход, у якім задыхнуліся ў звалцы дзесяткі маладых людзей. Спрадвеку гэтае месца, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач, лічылася праклятым, такім жа праклятым месцам для славянаў была і будзе Катынь.
07kiepka

(no subject)

Жалобныя настроі

Схадзіў да польскай амбасады. Пастаяў сярод нераўнадушных людзей. Выказаць спачуванне прыйшло зусім мала народу. Большасць людзей я ведаю. Вярэніч, Някляеў, Падбярэзскі, Тарас, Халезін, Казулін, Сіўчыкаў… Можа каго з маладзейшых я не пазнаў ці ня ведаю, а старэйшых нераўнадушных ведаю ўсіх, і гэта яшчэ адна нагода для смутку. Адыйшоўшы ад амбасады, затэлефанаваў Міхасю Талочку, найбліжэйшаму мне з палякаў, паспачуваў яму. Ён сказаў, што зараз у Наваградку, што зранку хадзіў на паляванне, што маці ягоная несупынна плача і моліцца.