April 3rd, 2010

07kiepka

(no subject)

z Вакзальны метад творчай працы

На першым курсе мастацкай вучэльні мы з сябрамі хадзілі маляваць людзей на вакзал. Садзіліся ў залі чакання і рабілі накіды з натуры. Мы малявалі пакуль міліцыянт не падыходзіў і не казаў, што мы надакучылі тут усім. Мы сыходзілі, праз дзень-другі мы вярталіся на вакзал, ці ішлі на Камароўскі кірмаш, ці на аўтобусную станцыю, што мясцілася на пляца Веры Харужай побач з Камароўкаю. Мы малявалі людзей, малявалі людзей выпадковых, малявалі з натуры і малявалі падобна. Мы навучыліся маляваць падобна. Шмат хто з тагачасных маіх сяброў кінуў маляванне, можна нават сказаць, што ўсе мае тагачасныя сябры даўно кінулі прафесійнае маляванне. А я ўсё малюю і малюю людзей, малюю і апісваю іх лёсы, іх гісторыі, іх казкі. Для мяне маляванне на вакзале ператварылася ў творчы метад, я нават люблю выпіць кавы і з’есці кавалачак штрудзеля ў прывакзальным буфеце.
07kiepka

(no subject)

2010-2009. Містычная кніга Ўкраінкі і Саша Карпейчык

Калі нехта пачынае займацца калекцыянаваннем ці проста збіраннем кніжак, ён абавязкова сутыкнецца з містычнай кнігаю, пра якую ўсе чулі, але яе ніхто ніколі не бачыў. Напрыклад: у выбітнай серыі “Сокровища лирической поэзии” нібыта была пяцьдзесят другая кніга – “Леся Украинка Лирика”. Кажуць, што наклад выдрукавалі на свой час зусім мізэрны, што ўвесь той наклад звезлі ва Ўкраіну і раздалі па школах. Кажуць, што той, хто не мае томіка Лесі не можа сказаць, што сабраў усе “Сокровища лирической поэзии”. Я ніколі не быў калекцыянерам і збіральнікам кніжак, бо набываў толькі тое, што натхняе пісаць свае тэксты. Але з томікам Лесі ў мяне асобная гісторыя… Больш за пятнаццаць гадоў я жыву ў двары, дзе некалі стаяў дом, у якім Леся Украінка за адну ноч з 18 на 19 студзеня ў 1901 годзе напісала драматычную паэму “Апантаная”, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі былі міфалагічныя постаці Мірыам і Месіі. “Апантаная” заслужана лічыцца пярлінаю ўкраінскай лірыкі. Калі дапусціць, што існуе беларуская літаратура на іншых мовах акром беларускай, дык паэму “Апантаная” варта залічыць і ў літаратурныя шэдэўры Беларусі. Адно, што мяне сапраўды моцна непакоіць у гэтай гісторыі, дык удзел звышсілы ў стварэнні паэмы. Украінка сцвярджала, што з той зімовай ночы ледзь выйшла жывой. Ёсць меркаванні, што словы паэмы Ўкраінка толькі запісвала, а надыктоўваў ёй словы сам д’ябал. Чаму? Чаму ў старым прадрэвалюцыйным Менску д’ябал вырашыў дыктаваць паэму па-украінску? Чаму не па-польску, не па-расейску, не па-яўрэўску? Дыктаваць паэму па-беларуску яшчэ не прыйшоў час? Беларускамоўны час набліжаўся, але яшчэ не прыйшоў? Час казаць у Менску па-польску, па-расейску і па-яўрэўску ўжо прамінуў? Можа і так. Не пойдзеш і не спытаеш. Зрэшты, мне і хадзіць нікуды не трэба, бо я жыву ў двары, дзе некалі стаяў дом, у якім жыў рэвалюцыянер Сяргей Мяржынскі, да якога і прыехала Леся Ўкраінка. Мяржынскі цяжка хварэў, ён паміраў… Леся спрабавала дапамагчы, яна суцяшала свайго паплечніка. Сяргей Мяржынскі памёр 3 сакавіка 1901 года, на руках у Лесі Ўкраінкі… Рэвалюцыя, каханне, паэма, смерць! Пра іх мне распавёў Саша Карпейчык, які падарыў мне перад сваёй заўчаснай смерцю некалькі томікаў з серыі “Сокровища лирической поэзии”. А яшчэ Саш папрасіў мяне сабраць усе кнігі серыі і абавязкова знайсці кнігу “Леся Украинка Лирика”. Шукаю, слухаю, прыслухоўваюся…
07kiepka

(no subject)

z 2010. Ала і вада

“Сядзіш і каву сваю п’еш. Ведала, што тут будзеш сядзець і каву піць. На небе, замовіла сабе сустрэчу з табой. Бывае, робіцца сумна і думаю: даўно не бачыла Адамчыка. Раз, і сустракаю! Здараецца, што цябе няма ў горадзе, тады мне сустракаецца твой брат”. – “Выдатна, Ала. Я радуюся нашай невыпадковай сустрэчы. Дзеля чаго ты мяне замаўляла, цікава?” – “Адамчык, ты ведаеш, я чалавек вясковы, таму добра стаўлюся да вады. Яна – жывая субстанцыя. Яе нельга на доўгі час загацяць у трубы. Вы тут, у горадзе, пазаганялі ваду ў жалезныя трубы і там яе трымаеце. Потым адкручваеце кран, а самі ідзецё ў другі пакой размаўляць па тэлефоне. Яна цячэ і цячэ, з трубы ў трубу, з аднаго палона ў другі палон. Няправільна гэта, жорстка! Ты так не рабі з вадою”. – “Ал, я так і не раблю з вадою”. – “Вось і ўсё, што хацела сказаць. Дзеля гэтага і замовіла на небе нашу сустрэчу”.