April 2nd, 2010

07kiepka

(no subject)

Таксоўшчык і барсетка

“Вёз я старых, дзед і баба сівенькія, слабенькія, папхні і парассыпаюцца на кавалачкі. Вёз з аэрапорта ў гасцініцу. Прывёз, выгрузіў, нават чамаданы да рэцэпцыі дапамог давалачы. Там яшчэ дзеўка маладая за стойкай сядзела, такая футы-нуты парцье – глянеш і закахаешся. Я папрасіў яе папрыглядаць за старымі, пакуль іх сын не забярэ. Не ведаю, як там і што там у іх сям’і па-жыцці складалася, але з гатэля старых мусіў забраць сын, і ўсе разам яны выляталі з Масквы ў Вашынгтон. Нейкія ў іх там справы. Вярнуўся я ў машыну і паехаў па выкліку. Паўдня праездзіў, а тут адзін пасажыр, звычайны мужык, такі, як і ты, кажа, што ў мяне пад заднім сядзеннем барсетка ляжыць. Спыніўся я. Апошнім часам, на чужыя рэчы, сам ведаеш, рэакцыя адназначная. Бо тэрор! Бо выбухі! Бо чорт яго ведае, што ў той барсетцы знойдзецца. А там пяцьдзесят тысяч баксаў знайшліся і розныя паперы тых старых, якіх я ў гатэль засяліў. Завёз я мужыка, падобнага да цябе, на плошчу Маякоўскага, а потым матануў у гатэль. Змена прыгажуні яшчэ не скончылася, яна завяла мяне ў нумар да старых. Дзед з бабаю далі мне тысячу даляраў, за сумленнасць. Я мог бы, але я не мог, бо таксіст павінен быць сумленны! Бо за вялікімі грашыма людзі вяртаюцца. Лепей атрымаць тысячу і прагуляць яе з гатэльнай футы-нуты прыгажуняй, як я прагуляў. Прагуляў за выходныя тысячу баксаў да апошняга цэнціка і не шкадую. Лепей так зрабіць, чым хапануць чужое і чакаць, калі прыйдуць людзі і адарвуць табе башку. Во як!” Такую казку я пачуў ад маскоўскага таксоўшчыка, калі ехаў вакол узлётнага поля Шарамецьева з тэрмінала D ў тэрмінал B. На нейкі час казка падалася мне малацікавай, але пазней я вырашыў яе запісаць. Чарговыя выбухі на станцыях маскоўскага метро спарадзілі хвалі змрочных настрояў. Таму я запісаў казку пра Маскву з добрым заканчэннем. Вядома казка, вядома, ад таксоўшчыка праўды не пачуеш ніколі, вядома… І ўсё ж футы-нуты!
07kiepka

ART-HLOBUS

82.44 КБ

З далёка-далёкай Канады мне даслалі гэты здымак.
На сцяне, у кватэры аднаго выдатнага паэта
вісіць мой невялікі малюнак з серыі "Лістота".
Малюнак пачувае сябе добра...
07kiepka

(no subject)

z Парасон у фотастудыі

Добра глядзіцца ў фотастудыі… Можна было б паставіць не тры а дзве кропкі ды пачаць спіс розных рэчаў а то і вядомых імёнаў, але я абмяжуюся парасонам. У фотастудыі выдатна глядзіцца мокры толькі-толькі з-пад дажджу парасон. Ён надзіва цякуча-жывы і бліскуча-нераўнадушны не супярэчыць духу студыі. Парасон напаўняе яе свежасцю. Стаю, любуюся і вачэй адарваць не магу ад упэнена-шэрага парасона.