March 28th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010. Сямён і пасыланне

Сустракаючы мяне, першае што кажа Сямён: “Наша сустрэча не выпадковая! Мне цябе паслаў Бог!” Далей Сямён пачынае пералічваць справы, у якіх яму патрабуецца мая дапамога. Трэба патэлефанаць Юрыку, трэба арганізаваць сустрэчу з Ігарком, неабходна падштурхнуць справу з Уласам… “Улас – геній! Уласа не забудуць і без Сёмы! Але ў Сёмы, у маленькага Сёмы ёсць абавязак – дапамагчы вялікаму Ўласу! Ты дапаможаш мне, я дапамагу яму, і ўсё будзе выдатна, бо цябе да мяне паслаў Бог!” – лапоча Сямён. Яму мяне паслаў Бог, а хто мне на дарогу паслаў балабола Сёму?
07kiepka

рэклама рэклама

81.20 КБ

Гэтай жанчыне належыць ром "Бакардзі",
мадам Бакардзі так яе называюць у Монтэ Карла.
Цяпер яна яшчэ і гераіня жончынай кнігі "Жанчыны Манака",
якая мае выйсці сёлета ўлетку.
07kiepka

(no subject)

2010-1989. Сыс, Лёшка, паркет і гадзіннікі

Мы – жывыя – пераводзім гадзіннікі на цэлую вялікую гадзіну наперад, каб ісці і жыць далей ды не турбаваць мёртвых, што назаўжды засталіся ў мінулым часе… Так я разважаў учора, калі толькі збіраўся падганяць усе свае гадзіннікі. Сёння я іх падагнаў і пабег у парк, дзе сустрэў старога сівавусага дзеда, які стаяў над рэчкаю і лузгаў семкі. Распуста поўная – лузгаць семкі а восьмай раніцы! Лёша Дудараў лузгаў семкі і любаваўся затуманенай сакавіцкай Свіслаччу. Мне згадаўся нябожчык Сыс. Згадалася, як Лёшка папрасіў падняць з сутарэнняў і занесці ў ягоную кватэру дубовы паркет. Я з Сысам нанасіліся таго паркету да знямогі, а потым пілі чырвонае з Лёшкам і ягонай жонкаю. Мы пілі і смяяліся, што ў Лёшкі шмат грошай і малавата густу, таму ён купляе краявідзікі ў Шкарубы, а не купляе нацюрморты Малішэўскага. Я згадаў наш смех і падумаў, што перавод гадзіннікаў не ўратоўвае нас ад стасункаў з нябожчыкамі.
07kiepka

(no subject)

z Вясна, куртка і неспадзяванка

Пацяплела. Дастаў з шафы лёгкую куртку. Прыемна пасля зімы апрануць лягчэйшае. Лягчэйшыя чаравікі, танчэйшы швэдар, святлейшыя нагавіцы надалі нават святочнасці ў мой настрой, але ён прапаў хутка, бо ў кішэні вясновай курткі я злавіў рукою пачак забытых яшчэ ўвосень цыгарэт. Амаль тры месяцы не куру, а тут рука сціснула цыгарэтны пачак, а расціснуцца не можа. Стаю, маўчу з заціснутым у руцэ пачакам, і цісну яго, цісну пакуль не расціскаю зусім. Знявечаны пачак ляціць у сметніцу, а на душы цяжка і моцна хочацца закурыць.
07kiepka

Пецербургскі нататнік 3

lim Пецербургскі нататнік

Дзень трэці. 19 сакавіка, пятніца.

Страмянная і “Глобус”

Жыву я на Страмяннай. Ціхі цэнтр, так пра яе кажуць. Да Неўскага ісці дзве хвіліны. Можна выйсці і пастаяць на праспекце ў тапках, але снегу мнагавата. Таму на Неўскі выходжу ў чаравіках. На Страмяннай некалі было выдавецтва “Глобус”, у якім выдалі свае першыя кнігі Самуіл Маршака і Агнія Барто. У доме, дзе знаходзіцца мой гатэль быў цэнтр вывучэння яўрэйскай культуры. У суседнім доме бібліятэка імя Лермантава. Гатэль, дзе жыву, толькі-толькі адчынілі. Усё новенькае, чыстае, як з крамы, і ў ангельскім стылі.

Гранін і алігархі

За банкетным сталом дзевяностагадовы пісьменнік Данііл Гранін сказаў, што чытае і вывучае спісы расейскіх алігархаў… З гэтага ён пачаў сваё слова лаўрэата. Чаму я не чытаю спісы алігархаў? Я задумаўся і прапусціў усе астатнія словы Данііла Граніна.

Крусанаў і Носаў

Калі ты ў Піцеры, ты проста абавязаны сустрэцца з Носам ці хоць бы з Носавым. На банкеце я сядзеў побач з Носавым і Крусанавым. Я распавёў ім пра бублікі за пятак савецкі, пра абкрадзены мною дражджавы завод і пра кінатэатар “Масква”. Носаў і Крусанаў успомнілі назву вуліцы, на якой стаяў кінатэатар, дзе я крадком паглядзеў кіно для дарослых “Пышка”. Прастытутка па мянушцы Пышка мне не спадабалася. Вуліца з кінатэатрам Масква была раней праспектам Газа, цяпер гэта Стара-Пецергофскі праспект. Вуліца на якой я жыў у Жукавых і раней і цяпер называецца Курляндскай. Пасля банкета і атрымання прэміяльных трыццаці тысячаў я паехаў на Курляндскую, паехаў, як звычайны чалавек, на метро. Ад метро да Курляндскай я дабіраўся пехатою і дайшоў, гадзіну блукаў, але дабраўся. Пад’езд, дзе я жыў, быў, канешне ж, зачынены. Але мне на радасць, з яго выйшлі дзяўчынкі блізняты. Мішу Жукава яны не бачылі ніколі і не чулі пра яго. Я зайшоў у пад’езд. Ліфт зачыняўся на ключ. Падняўся я пехам на чацьвёрты паверх, пастаяў перад шырокімі жалезнымі дзвярыма і не пазваніў, і не пастукаў, і не зайшоў. Там няма ні Мішы, ні цёткі Тосі, ні бабы Волі, якой я купляў гарачыя бублік за савецкі пятак. Іх ужо нідзе няма… Пэўна. Я не зайшоў за дзверы… Хай яны для мяне, толькі для мяне аднаго там усё яшчэ пажывуць і пап’юць гарбаты салодкай з бублікам.

Горад для жыцця

На Піцер я ніколі не глядзеў як на горад для свайго жыцця. Ніколі…
07kiepka

Пецербургскі нататнік 4

lim Пецербургскі нататнік

Дзень чацьвёрты. 20 сакавіка, сыбота.

Хармс і галалёд

Уночы ішоў снег, а раніцай пайшоў дождж. Выходзіць з гатэля не хацелася, але я выйшаў і пайшоў на вуліцу Маякоўскага, дзе некалі жыў Хармс. Вуліца была ў лядовых горках і брудных лужынах. Вуліца была створана, каб на ёй людзі ламалі ногі. Каб не зламаць нагу трэба стаць Хармсам. Усім вядома, што Хармс быў анёлам. Анёлы ногі не ламаюць. Я зрабіўся Хармсам і паляцеў па-над лёдам. Я праляцеў каля Інстытута нейрахірургіі імя Паленава і вярнуўся на Неўскі, дзе зноў стаў чалавекам пад дажджом.

Малевіч і савецкае мастацтва

Зайшоў у Рускі музей і даведаўся, што ў Рускім няма савецкага мастацтва, зусім няма. Ні Маісеенкі, ні Мыльнікава, ні Нізскага… Хоць бы які Самахвалаў ці Лебедзеў… Нікога! Я папытаўся у глядзельніцы, тая сказала шэптам, што шмат хто пытаецца, дзе дзелася савецкае мастацтва, але яна не ведае і не ведае што казаць. Рускі дарэвалюцыйны авангард ёсць. Зальчык з Філонавым, некалькі палотнаў Родчанкі і “Чырвоны квадрат” Казіміра Малевіча. Я пастаяў каля крывога рэвалюцыйна-чырвонага квадрата і пачуў: “Глядзіце, глядзіце, дзяўчаты, у яго і чырвоны квадрат ёсць, а я думала – толькі чорны!!!” Калі ты думаешь, што я пашкадую савецкае мастацтва, ты памылішся. Не пашкадую я Мыльнікава і Коржава. Памёр СССР і памёр. А чырвоны квадрат на белым палатне жывейшы за ўсіх жывых.
P. S.
Што да канцэпцыі з адсутнасцю савецкага ў Рускім, дык я яе зразумеў наступным чынам: у Рускім музеі паказана мастацтва вялікай імперыі створанае і сабранае ў сталіцы, што стаяла на Няве; пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў правінцыйным горадзе на Няве нічога істотнага ніхто не стварыў. Такая канцэпцыя мае права на існаванне.

Дзяўчына і тытунь

П’ю каву, а яна за суседнім сталом курыць “Мальбара”. Мне захацелася закурыць. Я ўсё яшчэ не навучыўся садзіцца на месцы для тых, хто кінуў курыць. Ну няма ж у нас у рэстарацыях месцаў для тых, хто кінуў піць. “Ты курыш, а я кінуў і пакутую…” Дзяўчына падсунула да мяне пачак “Мальбара”. “Не, не… Ты куры! Ты пі! Ты рабі ўсё, што можаш, а я пайду. Я пайду на Анічкаў мост і пастаю пад дажджом, каб ператрываць сваё жаданне закурыць…” Пайшоў на мост, а з яго на канал Грыбаедава, дзе наш Грынявіцкі кінуў у рускага цара бомбу. Чаму я сюды прыходжу? Чаму стаю над каналам пад дажджом? Каб ператрываць? Каб ператрываць! Што ператрываць? Ды ўсё кепскае, увесь боль, усю нянавісць да несправядлівага і брудкага, як сакавіцкі дарожны лёд, света…

Хармс і эфір

Данііл Хармс жыў у Ленінградзе і нюхаў эфір. Каб я жыў у Ленінградзе, я б таксама нюхаў эфір, бо ні гарэлка, ні спірт не дапамаглі б стаць чалавекам. Я б нюхаў, каб мой мозг змяншаўся да памераў грэцкага арэха, каб у вачніцах былі каменчыкі, а ў жылах цякла электрычнасць.

Скураныя вокладкі і прадавачка

Зайшоў у “Рэдкую кнігу на Неўскім”. Тамы за тысячы еўра, за дзесяткі тысячаў расейскіх рублёў. Пацікавіўся, ці ёсць “Японская лірыка”. “Была, прадалі! Добра прадаецца…” Кніга з маімі малюнкамі і перакладамі майго брата Міраслава добра прадаецца і на Неўскім. Кнігу запакоўваюць у скуру, запакоўваюць у шкляную шафу ў краме на Неўскім і прадаюць. Прадавачка, дарэчы, мае выгляд дарагой запакоўшчыцы. А я ўсё яшчэ люблю танныя кнігі на газетнай паперы.

Выбары ў метро

“Усе на выбары новай адзежы!” – заклікае цябе дзяўчына з рэкланага шчытка ў піцерскім метро. “ Усе на выбары новай адзежы! – паўтараеш ты за дзяўчынай і дадаеш, – Новай адзежы караля!”

Святло ў канцы

Пра святло, якое можна ўбачыць у канцы даўжэзнага тунэля, пэўна, нехта прыдумаў, едучы на эскалатары ленінградскага, тады яшчэ ленінградскага метро.

Клетка для курцоў

У аэрапорце Пулкава назіраў за шкляной клеткаю для курцоў. Курэц цалкам дабравольна заходзіць у клетку, зачыняецца і курыць. Усе бачаць, як ён паліць у клетцы. Не гуманна гэта ўсё. Чалавек не жывёла, з ім нельга так жорстка абыходзіцца, яго нельга заганяць у клетку. Здавалася б, мог бы пазлараднічаць: маўляў, мне ў клетку не трэба. Але чаму я павінен глядзець на чалавека ў клетцы? Пасіўны назіральнік – саўдзельнік у злачынстве. Карацей, я супраць таго каб людзі палілі ў клетках, трэба інакш вырашаць гэтую праблему, ці хоць бы памяшканне для курцоў рабіць з непразрыстымі сценамі. Ну робім жа мы непразрастыя прыбіральні.

Шарамецьева і праблемы

Масква – горад з праблемамі. Прыляцеў і атрымаў. Выйшаў з самалёту, сеў у аўтобус, дзверы зачыніліся і ўсё. І стаіць аўтобус. Пяць хвілін стаіць. Дзесяць хвілін стаіць. І ніхто нічога не кажа. Пазваніў брату. Кажу – спазняюся! Тут прыехала “хуткая”, некага вывалаклі з самалёту і загрузілі ў машыну. Усё разумею! Чалавеку памёр. Я сам, калі самалёт ідзе на пасадку думаю пра смерць. Вось памру ў самалёце і сцюардэса са сцюардам грошы мае ўкрадуць. Я так і думаў, але паглядзеў, як нябожчыка грузілі ў “хуткую”, і зразумеў, не паспеюць грошы украсці, не хопіць у іх спрыту. Гэта мяне крыху суцешыла, мой труп з прэміяльнымі грашыма ў кішэнях выглядаў крыху лепей за мой абрабаваны труп. Аўтобус прастаяў на полі хвілін з дваццаць, і я пачаў спазняцца на рэйс Масква-Менск. А тут высветлілася, што я прыляцеў у тэрмінал D, а вылет з тэрміналу B, а туды ехаць хвілін дваццаць, а то і ўсе паўгадзіны. Вёз мяне былы бандыт. “Я і паваяваў, і бандытам пабыў, цяпер таксую…” Аповяды пра сумленных таксістаў мяне не ўразілі, ды й я слухаў праз слова, бо думаў – галоўнае не спазніцца. Паспеў! Зарэгістраваўся! Лячу! Бывай, праблемная Расея!
07kiepka

(no subject)

4.45 КБ


Зрабіў лагатып для фотапрац Ядзі.
Павінна чытацца: Я – Ядзя, А – Адамчык, Ф – фота.
Усё ёсць. Ядзя працу прыняла )))