March 27th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010. Брусілоўскі і душа кнігі

Калажыст Брусілоўскі завёў сабе блог у Жывым Часопісе, дзе старана змяшчаў здымкі розных каштоўных ды малакаштоўных рэчаў і рабіў пад здымкамі подпісы. Некаторыя постынгі Брусілоўскага суправаджаліся яшчэ і каментарамі ўдзячных і малаўдзячных чытачоў. Каментары хамаватых і агрэсіўных чытачоў спадар Брусілоўскі старана выдаляў. Праз нейкі час свой блог мастак Брусілоўскі звярстаў у кнігу і выдаў яе пад назваю “Душа рэчаў”. Кніга атрымалася бяздушнай. Калі ў блогу, дзякуючы розным нераўнадушным каментатарам была дый ёсць пэўная сентыментальнасць і задушэўнасць, дык у кнізе яе няма зусім. Мусіць таму блогер Брусілоўскі і пакрыўдзіўся агулам на ўсе папяровыя кнігі, ды напісаў, што век папяровай кнігі застаўся адно ў мінулым. Кніга, канешне ж, не памерла, бо душа кнігі бессмяротная і доказаў гэтаму безліч. Дый мастак Брусілоўскі насамрэч ведае, што нават ягоная бяздушная кніга жыве.
07kiepka

(no subject)

z 2009. Саш і сумленнасць

“Я стараюся жыць сумленна. Не ілгу, не краду, не забіваю… І што? Каму я патрэбны са сваім сумленным і паўжабрачым жыццём? Нікому. Толькі забойцы, злодзеі ды хлусы жывуць заможна, купаюцца ў раскошы, маюць ад жыцця ўсё тое, што пажадаюць. Грошы – зло! Багацце – зло! Я не хачу красці і забіваць, не хачу быць багатым, але жыць паўжабраком таксама цяжка і гадка. Пэўна, я так і не знайшоў свайго месца ў жыцці,” – Саш закурвае танную цыгарэту ад таннай запалкі, я закурваю дарагую цыгарэту ад вострага полымя стыльнай запальнічкі. Сашава нянавісць да капіталаў, да грошаў, да заможнасці паступова пяройдзе ў саркастычнае і грэблівае стаўленне да кніжнай мудрасці. І ад Саша можна будзе пачуць сказы кшталту: “Глупства – жыццяздольнае, а мудрасць – смертаносная…” Пры ўсім адмоўным, што ў ім было, пра Саша варта сказаць: ён сумленна пражыў жыццё.