March 22nd, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010. Тата, маці і месца сустрэчы

Нядзельнай раніцай ішоў па праспекце Незалежнасці. Нешта-нейкае нібыта мяне штурханула, і я спыніўся на тым месцы, дзе апошні раз выпадкова сустрэў на вуліцы яшчэ жывога, але ўжо смяротна хворага тату. Мінакі праходзілі паўз мяне, а я стаяў ды стаяў, бо ўслупянеў. З’явіўся тата, цяперака ён зусім празрысты і ледзь чутны. Тата нябожчык сказаў, каб я пастаяў побач з ім яшчэ якую хвіліну. Я спытаў у нябожчыка, як яму там без нас жывецца. Адказаў, што жыве ціха. Удзень, на тым самым месцы, я сустрэў маці. Яна несказана ўзрадавалася нашай выпадковай сустрэчы, абняла мяне, і я пацалаваў яе ў шчаку.