March 16th, 2010

07kiepka

(no subject)

Душа і цукар

Мужчына сядзеў у кавярні адзін. Была сонечная сакавіцкая раніца, і кавярня стаяла зусім пустая. Увечары ў ёй будзе поўна народу, будзе шумна і тлумна. Зранку ў ёй чыста, светла і прасторна. Мужчына піў каву і разглядаў пустыя жоўтыя і сінія крэслы. Тут да яго і прыляцела душа сябрука нябожчыка. Яна села на самы край стала і запытальна паглядзела на мужчыну. Той моўчкі піў каву горкую і чорную. Пакецікі з цукрам ляжалі на сподку некранутымі. “Пачастуй мяне!” – папрасіла душа. Мужчына надарваў зялёны пакецік і насыпаў на сподак гурбачку цукровага пяску. “Лепш бы ты мне гарэлкі наліў!” – душа пакрыўдзілася, скрывілася і прапала.
07kiepka

(no subject)

2010. Лідзія і музей

Сягоння пазнаёміўся з мілай жанчынаю, як напісаў бы пра яе незабыўны Брыль, але ж я не цукроваслоўны літаратар... Таму буду казаць проста... Сягоння пазнаёміўся з Лідзіяй Макарэвіч. Яна сказала, што прачытала мае "Словы пра тату". "Хораша?" - спытаў я ў Лідзіі. "Выдатна!" - пахваліла мяне спадарыня Макарэвіч і прапанавала здаць рукапіс у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Яна дырэктар гэтай установы. Яна мае поўнае права на падобную прапанову. Я, не падумаўшы, пагадзіўся. Ну як ты адмовіш жанчыне, калі Вова Арлоў з Валікам Акудовічам стаяць у сведках. Цяпер, праз пару гадзін, сяджу ды мучаю сябе пытаннямі... Здаваць ці не здаваць? Мо зарана мне ў музей? Можа што лепшае напішацца? Мо... Здаць і забыць! Усё!