March 9th, 2010

07kiepka

(no subject)

2000. Сямёнава, Барадулін і згадка

“Валодзя, выдай маю кнігу!” – прапаноўвае Ала Сямёнава. “Што за кніга?” – “Кніга пра Рыгора Барадуліна! Але я там і цябе згадваю…” – “Згадваеце гадкімі словамі?” – “Чаму ты так?” – “А чаму гэта я мушу займець жаданне выдаваць кнігу пра Барадуліна? Ён жа ў нас і так найлепшы сябра ўсіх часоў і народаў. Хіба што я выключэнне. Ён у нас хадзіў у таварышах Пятруся Броўкі і Ўладзіміра Караткевіча, хадзіў у сябрах Міхася Стральцова і Васіля Быкава, цяперака ён вялікі заўзятар Касцёла ды радыё “Свабода”. У Барадуліна тысячы сяброў. Часам, людзі нават самі таго ня ведаюць, што насамрэч з’яўляюцца вялікімі сябрамі і адданымі прыхільнікамі Рыгора Барадуліна. Вы пагаварыце з Рыгорам, ён знойдзе фундатараў на выданне вашай кнігі…” – “Валодзя, але, у такім разе, з маёй кнігі знікне згадка пра цябе”. – “Цудоўна!”
07kiepka

(no subject)

Сіні пацук

У мужчыны жыў Сіні пацук. Мужчына ніколі з тым пацуком не загаворваў. Карміць карміў, паіць паіў, клетку пацучыную прыбіраў ды мыў, але рабіў гэта ўсё моўчкі. Настаў чорны дзень, і Сіні пацук здох. Мужчына закапаў у зямлю адзінага сябра – Сіняга пацука. Стоячы над плыткай магілкаю, мужчына спытаў: “Што рабіць?” З-пад зямлі пачуўся тонкі голас: “Ідзі ў казіно “Монтэ Карла” і пастаў на адзінаццаць!” Мужчына схадзіў у казіно, паставіў на адзінаццаць і выйграў. З выйгрышам мужчына вярнуўся да плыткай магілы і спытаў: “Што рабіць?” – “Ідзі на чыгуначны вакзал і тамака набудзь у аднавокага прадаўца латарэйны квіток”. Мужчына знайшоў аднавокага прадаўца, набыў квіток і праз дзень выйграў аднапакаёвую кватэру. Мужчына прынёс на магілу Сіняга пацука белыя гваздзікі і спытаў: “Што рабіць?” – “Ідзі ў краму “Прырода” і набудзь Сіняга пацука! Сюды больш не прыходзь, і не турбуй мяне”. Мужчына ў краме “Прырода” набыў сабе маленечкага Сіняга пацука.