March 7th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1960. Стральцоў і пляма

Сакавік панасыпаў у горадзе шмат свежага снегу. Сталіца наша пасвяжэла і нават памаладзела. Пад высокім і ўрачыста-блакітным небам настрой у мяне палепшыўся, нібыта я ўсё яшчэ школьнік у прадчуванні блізкіх канікулаў. Так я падумаў, праходзячы побач са школаю. Для паўнаты карціны мне нечага не ставала, не хапала апошняй плямінкі ў карціне, апошняй кропкі. Уночы я перачытваў напісаные паўстагоддзя назад апавяданне Стральцова “Блакітны вецер”, тамака і знайшлося: “Ды ты не ведаеш, што такое пах і водар маленства, не разумееш, чаму чарнільная пляма, выпадкова ўбачаная на снезе, можа хваляваць мацней, чым самае сталае дзіва”. Так! Каб вярнуцца ў сваё дзяцінства мне не ставала менавіта чарнільнай пляміны на снезе школьнага двара. Але цяперашні школьнік не носіць у партфелі шкляную чарнільніцу. Ён не можа яе неабачліва разбіць і пакінуць на снезе густа-фіялетавую пляму. Бог мой, як мне не хапае такой плямы! Як мне не хапае дзядзькі Мішы – Міхася Лявонавіча Стральцова… На свеце ўсё больш і больш рэчаў, якія існуюць адно ў маіх успамінах, як, напрыклад, радзімая ружова-фіялетавая пляміна на шыі геніяльнага паэта Стральцова.
07kiepka

(no subject)

z 2010-1975. Маркаў, Шастоўскі і водар алейнай фарбы

Паветра ў маім мастакоўскім атэлье пачало змяняцца. Два месяцы я не палю тытунь, і пракуранасць пачала паціху выветрывацца, але не гэта асноўная змена. Я вярнуўся да алейнага жывапісу. Шчыльны водар алейнай фарбы напоўніў невялікае атэлье да самай столі. Колькі я не пісаў алеям? Гадоў з дваццаць пяць… Недзе так. Год назад брат мне падарыў дзесятак розных цюбікаў з італьянскімі алейнымі фарбамі. Яны ўсё ляжалі і чакалі немаведама чаго. Можа яны чакалі, каб я два разы ўзапар сустрэў Сяргея Крыштаповіча, і абодва разы пагаварыў з ім пра алейны жывапіс. Яму я сказаў, што збіраюся напісаць некалькі невялікіх нацюрмортаў алеям, але ўсё адкладаю і адкладаю свой намер, бо зноў і зноў пішу акрылам. У маладосці пераход з акварэлі і гуашы на алей адзнака сталасці, а ў маім выпадку гэта адзнака зусім іншая. З гэтай нагоды мне прыгадаўся аповяд майго выкладчыка жывапісу Шастоўскага. Ён вярнуўся з войска, аднавіўся ў інстытуце і зайшоў у майстэрню да свайго сябрука – скульптара Маркава. Варта сказаць, што Маркаў адзін з найлепшык скульптараў, якія жылі і працавалі ў Беларусі. Мяне зусім не збянтыжыць той факт, што нехта не ведае скульптур Маркава. Усё ведаць не дадзена нікому. Мне пашанцавала я ведаю Маркава і вучыўся ў Шастоўскага. Малады Маркаў сказаў дэмабілізаваўшамуся Шастоўскаму, што яму варта кінуць жывапіс і перайсці на скульптуру, пасля войска вучобу ўсё адно давядзецца пачынаць з “нуля”, а скульпура з яе помнікамі, мемарыялымі і манументамі занятак больш выгодны. Шастоўскі амаль пагадзіўся з сябрам, але вярнуўшыся ў майстэрню ён адкрыў эцюднік і пачуў водар алейнай фарбы. І ўсё, і не змог Шастоўскі кінуць эцюднік, не змог адмовіцца ад чароўнага водара. Вялікім мастаком Шастоўскі не стаў. Можа разам з Маркавым ён і больш зрабіў бы для мастацтва, але водар алейнай фарбы скарыў Шастоўскага, так як скарыў тысячы іншых мастакоў, так, як ён другі раз у жыцці пачаў скараць мяне. Можа і нельга ў адну рэчку зайсці двойчы, але ў водар алейнай фарбы можна заходзіць бясконца.