February 27th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1963. Дзед Бронік і брытва

Дзед Бронік правіць брытву. Пазіраю на апасную брытву і стараюся хутчэй расці, хутчэй вырасці, памужнець… Часам і цяпер, маючы ўнука, усё яшчэ стараюся расці і мужнець, калі раніцай галюся вострай брытвай.
07kiepka

(no subject)

z Гвалт і вядомасць

У аднаго вельмі вядомага беларускага пісьменніка вылюдкі згвалтавалі дачку. Пакутніцы і яе бацькам усе навокал спачувалі. Пра падзею распавядалася так шмат і з такімі падрабязнасцямі, што мне падумалася: каб пісьменнік быў менш таленавіты і менш вядомы, дык гаварылы гаварылі б пра дзявочыя пакуты значна меней, і драма са згвалтаваннем перажывалася б крыху лягчэй, калі ў такім выпадку можа быць лягчэй.
07kiepka

(no subject)

2010. Святлана Капылоўская і антысімітызм у Менску

Добрая знаёмая маёй маці – Святлана Капылоўская – днямі ехала з бульвара Шаўчэнкі на праспект Незалежнасці. У аўтобусе, побач са Святланаю апынулася п’янаватая пара бамжаватых з выгляду людзей. Бамжаватая жанчына кепска трымалася на нагах і некалькі разоў завальвалася на Святлану. Той давялося спачатку рабіць заўвагу, а потым і адштурхоўваць п’яную нахабу. Смярдзючыя паўбамжы аблаялі Святлану, а потым выйшлі за ёй на прыпынку. Мужчына піхануў Святлану ў плечы так, што тая павалілася на брудны лёд. “Получила, жыдовская морда? Кагда вы все отсюда уедите, жыды проклятые?” – закрычаў на знябожаную Святлану п’яны хамуйла. Пакуль Света падымалася з зямлі і абтрасала бруд з паліто, п’яніцы збеглі. У свае шэсьдзесят пяць Святлана Капылоўская першы раз сутыкнулася з такім жорсткіх нахабствам, бо ніхто ніколі не абзываў яе “жыдоўкаю” і прылюдна не збіваў з ног. Заяву ў міліцыю Святлана не падавала, паскардзілася толькі блізкім людзям і паплакала. Трэба яшчэ ўдакладніць: Святлана Капылоўская беларуска, а не яўрэйка.
07kiepka

(no subject)

Метамарфозы бессмяротнасці на возеры Віцязь

Іголка раздзьмулася, пакруглела і зрабілася яйкам; якое крутнулася, абрасло пёрамі і стала качкаю; якая пабегла па вадзе, выбегла на бераг, пакрылася поўсцю і перакінулася ў зайца; той скокнуў пад куст, знерухомеў і ператварыўся ў куфар. Куст пачаў расці і вырас у высокі дуб; той дуб цяпер узвышаецца на выспе, што ляжыць пасярод возера Віцязь; на тым дубе вісіць на залатых ланцугах срэбны куфар; у якім сядзіць шэры заяц; у сярэдзіне якога спіць шэрая качачка; у якой ляжыць белае яйка; а ў тым яйку схавана іголка з кропляй бессмяротнасці на самай дзюбцы. Калі табе трэба бессмяротнасць, дык ідзі да возера Віцязь і бяры яе.
07kiepka

(no subject)

Будынак і фарба

Праходзіў паўз будынак Беларускай акадэміі мастацтваў: непрыемнае відовішча, бо эклектычная халабуда нагадвае пакарабачаную сметніцу разфарбаваную малаталенавітым інтэр’ершчыкам.