February 26th, 2010

07kiepka

(no subject)

Блакітнае вока

Быў-жыў мастак. Усё ў таго мастака было; і аловак, і пэндзлік, і палатно, і эцюднік на жалезных ножках. Аднаго не хапала мастаку: доўгі час яго ніхто нічога не прасіў намаляваць, не было ў мастака замовы. Сядзеў ён у сваёй студыі каля мальберта, сядзеў і ў роспачы на поўны голас сказаў: “Божа, каб сам чорт мне замову зрабіў, я б не адмовіўся!” Чорт да мастака не з’явіўся ні ў той дзень, ні ў дзень наступны, але праз тры дні прыйшла да яго вытанчаная жанчына і папрасіла намаляваць партрэт сына. Мастак, вядома, узрадаваўся. Малады чалавек прыходзіў у студыю, і там павольна пісаўся ягоны партрэт. Юнак быў надзіва абаяльны, адно моцна псавала знешнасць – чырвонае левае вока. Мастак сказаў натуршчыку пра пачырванелае вока, той падзякаваў мастаку, дастаў з курткі флакон з кроплямі і пакрапаў у хворае вока. Тое адразу ж набыло дзівосна-блакітны колер. Мастак моцна захапіўся працаю, ён пісаў партрэт цэлы тыдзень, не выходзячы майстэрні. Партрэт быў амаль завершаны, калі натуршчык закапваў запаленае вока. Ён закапаў і сышоў, а кроплі засталіся ў студыі. Мастак працаваў цэлы тыдзень, і вочы ў яго таксама пачырванелі, таму і ўзяў ён кроплі, і крапнуў сабе ў вока. Божа-божа, свет для мастака перакуліўся і разваліўся на дзве часткі. Закрапаным вокам ён убачыў тое, чаго не бачыў раней. Навокалле пачарнела і пачало паміраць. На свежым партрэце быў зусім не малады чалавек, на палатне быў намалёваны страхалюдны чырвонавокі чорт! Мастак выйшаў на вуліцу і абыйшоў квартал. Адным вокам ён бачыў светлы і чысты горад, а ў другім былі руіны ў якіх соваліся гнілыя паўтрупы. Мастак вярнуўся ў майстэрню і затэлефанаваў замоўцам. Ён сказаў, што праца над партрэтам скончана, і твор можна забраць. Не прайшло і трох хвілін, як у майстэрні з’явілася чарціха. Адным вокам мастак усё яшчэ бачыў вытанчаную жанчыну, а ў другім воку скакала на танклявых ножках вісладупая чарціха з кароткім хвастом. Замест абяцанай тысячы ёўра, чарціха сунула мастаку пакамечаныя абгорткі ад цукерак “Знічка” і “Камунарка”. Мастак абурыўся і гэта было памылкаю. “Якім вокам ты бачыш абгорткі цукерак “Камунарка” і “Знічка”?” – пацікавілася віслагрудая чарціха. “Пра…” – толькі і паспеў вымавіць мастак, а кіпці чарціхі ўжо выдралі ягонае правае вока. Гэтую гісторыю пра цукерачныя абгорткі можна пачуць у кавярні “Акварыум”. Калі мастак добра вып’е, ён абавязкова распавядзе табе пра стасункі з чарцямі. Ён будзе распавядаць і паказваць сваё Блакітнае вока, бо цяпер у мастака цудоўны пратэз. Галоўнае, каб ён не перабраў гарэлкі, бо тады мастак дастанке з вачніцы сваё Блакітнае вока і разаб’е яго аб сцяну.
07kiepka

ART-HLOBUS

100.82 КБ

Так Уладзімір Адамчык (старэйшы) і Уладзімір Адамчык (малодшы)
выглядалі сёння разам са сваімі палотнамі ў галерэі "Ў".