February 20th, 2010

07kiepka

(no subject)

Баба, каток, чорт і вартаўнік з Усходніх могілак

Адна баба вырашыла пакатацца на каньках. Баба была таўстухаю. Яна спрабавала худнець, але ў яе кепска атрымлівалася. Калені ў бабы былі шырокія, а ногі – крываватыя. Як ты не худней, а калені, якімі былі, такімі і застануцца, ды ногі ад пахудання раўнейшымі не зробяцца. Баба засталася таўстухаю. На каток яна прыйшла позна ўвечары, калі народу тамака мала. Баба каталася вакол ёлкі так доўга, што засталася на катку зусім адна. Стамілася яна страшэнна. Ногі гулі. Калі баба зняла канькі і абула боты, дык ледзь-ледзь дайшла да дарогі. Ні метро, ні аўтобусы ўжо не хадзілі. Таксовак на праспекце не было. Тут баба вазьмі ды скажы: “Нідзе нікога няма! Каб лысы чорт прапанаваў падвезці мяне дамоў, дык села і паехала б!” Тут чорт і з’явіўся. Праўда, ён быў не лысы, а кудлаты. Чорт моцна кульгаў, але прапанаваў бабе залезці яму на шыю і так ехаць дамоў. Баба ўзлезла на чортаву шыю, і нячысты пачыкільдыгаў па праспекту Незалежнасці, у бок пляца Перамогі. Кульгаючы і праклінаючы свой незайздросны лёс, чорт занёс тоўстую бабу ажно ў Зялёны Луг, дзе яна мела кватэрку. Нячысты прынёс таўстуху пад самы пад’езд. Ён думаць не думаў, што баба не захоча злазіць з ягонай цёплай шыі. Яна заціснула кудлатую галаву гарачымі сцёгнамі, ашчаперыла чортава тулава крывымі нагамі і загадала нячыстаму катаць яе далей. Добра што ў чорта быў знаёмы вартаўнік на Ўсходніх могілках. Нячысты прынёс нахабную бабу на могілкі і папрасіў вартаўніка: “Даражэнькі, спіхні ты з мяне гэтую тлустую бабу!” Вартаўнік ударыў бабу рыдлёўкай па галаве, і толькі тады яна злезла са зморанага чорта. Вартаўнік хацеў яшчэ раз ударыць таўстуху рыдлёўкай, але чорт заступіўся: “Хай коціцца ў свой Зялёны луг! А мы з табой, даражэнькі, вып’ем і адпачнем на ціхіх і беласнежных могілках!”